Вінаград культурны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Вінаград культурны
Grapes.jpg
Вінаград культурны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Vitis vinifera L.

Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   28629
NCBI   29760
EOL   582304
GRIN   t:41905
IPNI   69138-1
TPL   kew-2457006

Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera) — шматгадовая дрэвавая ліяна сямейства вінаградавых. Мае найбольшае значэнне і пашырэнне ў культуры.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Ліяна з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай, якая пранікае на глыбіню да 7 м і больш. Кветкі дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Плод — ягада.

Цепла- і святлалюбная расліна, не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальны да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў.

Ягады вінаграду маюць у сабе глюкозу, цукрозу, арганічныя кіслоты (яблычную, вінную, глюкуронавую, лімонную і інш.), дубільныя рэчывы, амінакіслоты, флаваноіды, антацыяны, вытворныя фенолу, вітаміны групы В, С, D, ферменты, стэарыны, пекцінавыя і мінеральныя рэчывы і элементы і г.д.

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору; існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40° пн.ш. і 35—45° пд.ш., ад 20 да 3000 м над узроўнем мора.

Найбольшыя зборы ў Італіі, Францыі, Іспаніі, ЗША, Кітаі, Турцыі, Іране, Аргенціне, Чылі, ПАР. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрвені—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пачатку верасня.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Вінаград спажываюць свежы, сушаны (разынкі), у выглядзе соку. Выкарыстоўваюць на прыгатаванне дэсертных і дыетычных прадуктаў — кампотаў, варэння, марынаду, жэле, чурчхелы, він і каньякоў, напіткаў.

Ягады вінаграду здаўна выкарыстоўваюць у лекавых і дыетычных мэтах, на гэтым заснаваны цэлы кірунак у тэрапіі — ампелатэрапія. Вінаград аказвае рознабаковае ўздзеянне на арганізм чалавека — мачагоннае, жаўцягоннае, паслабляльнае, агульнаўмацавальнае; паніжае кіслотнасць страўнікавага соку, узмацняе абмен рэчываў, садзейнічае ўтварэнню эрытрацытаў; яго ўжываюць пры знясіленні нервовай сістэмы, пры хранічных бранхітах, нефрытах, анеміі, бранхіяльнай астме, гемароі. Як агульнаўмацавальны сродак сок вінаграду спажываюць пры туберкулёзе, урэтрытах і падагрычных захворваннях, розных астэнічных станах, парушэнні ліпіднага і мінеральнага абмену.[3]

У народнай медыцыне адвар сушанага вінаграду з невялікай колькасцю соку цыбулі прымаюць пры кашлі і ахрыпласці голасу, ягады — пры скурных захворваннях, а парашок сушанага лісця — пры матачных крывацёках. Здробненае лісце вінаграду прыкладваюць да гнойных язваў і ран, каб хутчэй загойваліся, адварам і водным настоем палошчуць горла пры ангіне, а таксама праціраюць пры хваробах скуру.[3]

Агратэхніка[правіць | правіць зыходнік]

У натуральных умовах вінаградная лаза ўзбіраецца на самыя высокія дрэвы. У культуры фарміруюцца прыземныя кусты рознай формы.

Для пасадкі вінаграду падбіраюць цёплае месца. Кусты садзяць радамі на адлегласці 2,5—3 м, а ў радзе размяшчаюць праз 1,25—1,50 м. Саджанцы перад пасадкай абразаюць, садзяць вясной у ямкі або траншэі. Абрэзку кустоў па гэтай сістэме робяць восенню і вясною. Для падвязкі кустоў ставяць апору: на слупах праз паралельна зямлі нацягваюць дрот.

У першы год пасля пасадкі на маладой расліне трэба вырасціць 2—3 моцныя парасткі. Пры абрэзцы над паверхняй зямлі пакідаюць 3—4 пупышкі. Восенню абразаюць недаспелую частку парасткаў; пасынкі і вусікі прыгінаюць і ўкрываюць на зіму. Вясной на другі год пасля абрэзкі пакідаюць 2 парасткі з 3—4 пупышкамі, а восенню выразаюць слабыя парасткі, недаспелыя часткі парасткаў, пасынкі і вусы. Вясной на трэці год можна пакінуць больш доўгія патоўшчаныя лозы. На кожным з двух сучкоў ніжні парастак абразаюць на 3—4 пупышкі (на сучок замяшчэння), а верхні — на 6—8 пупышак (на пладовую стрэлку). Парасткі, якія вышэй за пладовую стрэлку, выразаюць зусім. Пладовыя стрэлкі прывязваюць да ніжняга дроту шпалеры. Зялёныя парасткі падвязваюць вертыкальна. Калі з адной пупышкі развіваецца некалькі парасткаў, пакідаюць самы моцны. Выкарыстоўваюцца і больш складаныя, адпаведна больш ураджайных формы куста: веерныя, кардомам, высокаштамбавыя.

У вясенне-летні перыяд праводзяць і іншыя аперацыі. Прышчэпку (выдаленне верхавінкі пладаносных парасткаў) робяць да цвіцення або праз 7—10 дзён пасля яго для паляпшэння завязвання ягад. Абразанне (выдаленне верхавінкі зялёных парасткаў над 15—16-м лістом) праводзяць каб лепш выспявалі лаза і ягады. Пасынкі абразаюць па меры іх паяўлення, пакідаюць толькі адзін ліст. Для паскарэння паспявання пладоў і паляпшэння іх якасці праводзяць кальцаванне (кальцавы надрэз або зняцце кольца кары на парастках ніжэй за гронку ў пачатку паспявання ягад), прарэджванне лісця ў зоне размяшчэння гронак у час паспявання ягад, прарэджванне і разрэджванне гронак і г.д.

У перыяд вегетацыі глебу ачышчаюць ад пустазелля. Ва ўмераным клімаце першыя тры гады ўсе сарты вінаграду ўкрываюць на зіму. У далейшым укрываюць зямлёй, яловымі лапкамі, чаротавымі матамі, спецыяльнымі каробкамі толькі незімаўстойлівыя сарты.

Зноскі

  1. Выкарыстоўваецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. 3,0 3,1 Энцыклапедыя сельскага гаспадара. Мн., 1993.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.