Пакістанская кухня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Курынае кары
Кашмірскі плоў

Пакістанская кухня (урду پاکستانی پکوان‎‎) — сукупнасць кулінарных традыцый народаў Пакістана, якая ўвабрала ў сябе дэталі шматлікіх кухняў Паўднёвай Азіі. Пакістанская кухня вылучаецца пажыўнасцю і яркімі смакаараматычнымі ўласцівасцямі.

Рэгіянальная кухня вельмі разнастайная і адлюстроўвае этнічную і культурную шматаблічнасць Пакістана. Заходнія рэгіёны (Белуджыстан, Гілгіт-Балтыстан) у кулінарыі блізкія да Афганістана і Ірана, усходнія і, у некаторай ступені, паўночна-заходнія — да поўначы Індыі (мясцовая кухня, званая таксама магольскай, вастрэйшая за астатнія пакістанскія разнавіднасці, але меней вострая, чым паўночна-індыйская).

Пры гатаванні страў выкарыстоўваюцца кардамон, карыца, гваздзік, чорны перац, мушкатовы арэх, кмен, лаўровы ліст, каляндра і заправа гарам масала. Кардамон, чорны перац, коз, ячмень і пшаніцу вырошчваюць у даліне Інда. З-за частага выкарыстання чырвонага перцу многія стравы маюць яркія колеры.

Пакістанцы ўжываюць у сярэднім утрая больш мяса, чым жыхары Індыі. Асноўныя разнавіднасці мяса, у парадку памяншэння папулярнасці, — кураціна, казляціна, бараніна і ялавічына. Кожная трапеза суправаджаецца пшанічнымі аладкамі «році» або наан, акрамя таго, пакістанцы гістарычна спажываюць шмат пшаніцы і рысу. Сярод традыцыйнай гародніны — бабы, цыбуля, бульба, артышокі, шпінат, баклажаны, карняплоды і агуркі; сярод садавіны — манга, яблыкі, абрыкосы, вінаград, бананы, апельсіны, грэйпфруты, гранаты, гуава, персікі, слівы і ягады. Пакістанскую кухню часта характарызуюць як тлустую з-за багацця смажаных у алеі або на сметанковым масле страў. Агулам у Пакістане ядуць мала морапрадуктаў, але яны папулярныя ў прыбярэжных раёнах Сінд і Мекран.

Пакістанцы прымаюць ежу тры разы на дзень. Сняданак звычайна багаты, на сняданак могуць падаваць смажаныя і салодкія стравы. Традыцыйны абед уключае мясное кары або «році» з рысам. Прымаць ежу звычайна збіраецца ўся сям’я.

Стравы[правіць | правіць зыходнік]

Пакістанскія абедзенныя стравы

Пакістанскі фаст-фуд — пападам, шаўрма, самса.

Сярод хлебных страў трэба адзначыць чапаці, наан, році, паратху, пуры.

Папулярныя таксама супы дал і шурпа; рыс з машам кічры, рыс з мясам ці рыбай бір’яні, фрыкадэлькі кюфта, рагу корма, запечаныя кураняты, кебабы, рыс з фасоллю раджма, каша халім. Кожнае застолле абавязкова ўключае страву з гародніны, прыгатаванай з ёгуртам «дахі» і мноства соусаў. Аснова святочнай кашмірскай трапезы — вазван.

Напоі — ліманады, сокі, у прыватнасці, з цукровага трыснягу, шарбет, фалуда, ласі. Вельмі папулярны чорны і зялёны чай, якія гатуюць з малаком, а таксама чай са спецыямі.

Дэсерты — шарыкі з сухога малака гулаб джамун, халва, марожанае кульфі, джалебі, фірні, ладу.