Тэрсіт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэрсіт
Тэрсіт выступае з нападкамі супраць Ахіла, малюнак 1886 г.
Тэрсіт выступае з нападкамі супраць Ахіла, малюнак 1886 г.
брыдкаслоў
Міфалогія Старажытнагрэчаская
Пол мужчынскі пол
Бацька Агрый
Браты і сёстры Onchestus[d], Prothous[d], Celeutor[d], Lycopeus[d] і Melanippus[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тэрсі́т (стар.-грэч.: Θερσίτης) — персанаж старажытнагрэчаскай міфалогіі, удзельнік Траянскай вайны.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

У творах Эпічнага цыклу Тэрсіт выступае як ахейскі воін без радаводу. Тым не меней, некаторыя даследчыкі лічаць, што ў Іліядзе ён вызначаецца як чалавек з высокім сацыяльным статусам, паколькі адказвае за захоп і выкуп траянскіх палонных, а таксама мае права голасу на ваенных сходах, што дазволіла яму пярэчыць Агамемнану.

У паслягамераўскай традыцыі Тэрсіт — нашчадак калідонскіх валадароў, сын валадара Агрыя, выгнаны з радзімы сваім стрыечным братам Дыямедам. На адной з выяў забойства Тэрсіта Ахілам на вазе IV ст. да н. э. Дыямед выступае супраць учынка Ахіла, паказаны раз'юшаным з мячом у руках, што можа сведчыць пра тое, што ў класічны перыяд Тэрсіт і Дыямед успрымаліся як сваякі.

Персанаж[правіць | правіць зыходнік]

Гамер малюе Тэрсіта ў Іліядзе як другараднага карыкатурнага героя, які мае непрыязныя аблічча і характар. Ён кульгавы на адну нагу, з круглявымі плячыма і ўздутымі грудзьмі, на яго галаве няшмат валасоў, размаўляе пранізлівым рыпучым голасам. Калі ўсе заціхаюць, ён працягвае балбатаць. Само імя Тэрсіт значыць «неўтаймаваны», «грубы». Разам з гэтым ён мае пэўнае пачуццё гумару, яго словы весяляць ахейцаў.

Нягледзячы на тое, што, па словах Гамера, Тэрсіт болей за ўсіх зневажаў Ахіла і Адысея, ён выступае на баку першага падчас канфлікта з Агамемнанам. Правадыр ахейцаў вырашае праверыць рашучасць воінаў і робіць прамову, у якой заўважае, што гатовы адмовіцца ад вайны. Значная частка ахейскага войска прымае гэта ўсур'ёз і рушыць да караблёў. Тэрсіт фактычна кідае выклік Агамемнану, абвінавачвае яго ў карыслівасці і непавазе да воінаў. Потым ён звяртаецца да астатніх ахейцаў і прапануе пакінуць Агамемнана аднаго каля Троі. Супраць Тэрсіта выступае Адысей, пагражае агаліць і пакараць яго, а потым б'е па спіне і плячах скіпетрам Агамемнана. Тэрсіт падае, выглядае напужаным, выцірае слёзы. Яго выгляд вымушае воінаў рагатаць, а потым яны пераходзяць на бок Агамемнана.

Выступленне Тэрсіта супраць Агамемнана мае важнае значэнне для сюжэта паэмы. Тэрсіт адлюстроўвае настрой войска, адносіны воінаў да свайго правадыра. Тым не меней, галоўны канфлікт адбываецца паміж Ахілам і Агамемнанам. На першы погляд, словы Тэрсіта павінен вымавіць сам Ахіл. Аднак у такім разе было б незразумела, чаму войска не пакінула Агамемнана і засталося ваяваць. Пакаранне Тэрсіта Адысеем дэманструе рашучасць аб'яднацца вакол адзінага лідара, якога валадар Ітакі назыве пастырам над астатнімі.

Еўтыхій Прокл у пераказе паэмы Эфіяпіда паведамляе пра канфлікт Тэрсіта з Ахілам, калі пасля смерці амазонкі Пентэсілеі выродлівы воін смяецца з сына Фетыды, быццам бы ён закахаўся ў загінулую. У адказ Ахіл забівае Тэрсіта. Ахейцы сварацца, і Ахіл вымушаны плыць на Лесбас, каб прынесці ахвяры багам і рытуальна ачысціцца пасля забойства паплечніка.

У антычнай культуры[правіць | правіць зыходнік]

У класічны, эліністычны і рымскі перыяды Тэрсіт успрымаўся хутчэй як адмоўны, але ў той жа час гумарыстычны персанаж. Платон нават паведамляў, што пасля смерці ён ператварыўся ў малпу. Тым не меней, Тэрсіт фігураваў на выявах, прысвечаных Траянскай вайне, быў героем асобнай трагедыі, узгадваўся пазнейшымі пісьменнікамі. Сатырык Лукіян з Самасаты пісаў, што ў свеце мёртвых Тэрсіт спрабаваў ачысціць сваю рэпутацыю і судзіўся з Гамерам. На адной з выяў Тэрсіт, Аякс Малы і Паламед разам гуляюць у валадарстве Аіда ў косці. Трох герояў збліжае тое, што кожны ў свой час быў апанентам Адысея.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]