Ібрагім Барысавіч Канапацкі
Ібрагім Барысавіч Канапацкі | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 лютага 1949 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 верасня 2005 (56 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Зарына Ібрагімаўна Канапацкая |
Род дзейнасці | журналіст |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук |
Альма-матар |
Ібрагім Барысавіч Канапацкі (28 лютага 1949, Смілавічы — 9 верасня 2005) — беларускі грамадска-палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч, гісторык, адзін з лідараў татарскай дыяспары Беларусі.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіць з шляхецкага роду беларускіх татар. Сын Барыса Ібрагімавіча Канапацкага і Саф’і Мустафаўны з Ільясевічаў, унук Ібрагіма Хасеневіча Канапацкага, імама Смілавіцкай мячэці. Апроч яго ў сям’і было яшчэ трое дзяцей: дочкі Разалія і Танзіля і сын Мустафа.
У 1975 годзе ажаніўся з Ганнай Кохнай, у 1976 годзе ў іх нарадзіўся сын Захар, а ў 1978 годзе — дачка Зарына.
Навуковая дзейнасць і кар’ера выкладчыка
[правіць | правіць зыходнік]У 1966 годзе паступіў на гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Пасля працаваў у Каменаборскай школе Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. З 1972 года — член КПСС. З 1978 года — кандыдат гістарычных навук (дысертацыя «Дзейнасць кампартыі Беларусі па аказанню брацкай дапамогі працоўным Казахстана ў засваенні цалінных і залежных земляў (1954—1960 гг.)» і асістэнт кафедры гісторыі КПСС МДПІ (пазней кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДПУ). Выкладаў гісторыю Беларусі і спецкурс па нацыянальна-культурнай разнастайнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Вёў педагагічную практыку студэнтаў гістарычнага факультэта БДПУ.
Культурна-рэлігійная дзейнасць ў рамках татарскай дыяспары Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У 1990-х гадах стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага аб’яднання татар-мусульман «Аль-Кітаб» («Кніга»; з 2000 года — Беларускае грамадскае аб’яднанне татар «Зікр уль-Кітаб» («Памяць і кніга»). 26—27 сакавіка 1993 года па яго ініцыятыве была праведзена першая міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 600-годдзю існавання татарскай дыяспары ў Беларусі. У студзені 1994 года быў супрацоўнікам арганізацыйнага камітэта па правядзенню Першага Усебеларускага сходу мусульман, у адпаведнасці з рашэннямі якога 2 лютага было створана Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. У гэтай арганізацыі Ібрагім Канапацкі стаў намеснікам муфція і старшынёй аб’яднання мусульман Мінска. Праводзіў набажэнствы ў Смілавіцкай мячэці.
Быў галоўным рэдактарам часопісаў «Байрам» (з 1999 года; часопіс выходзіць на беларускай мове), «Аль-Ислам», газет «Жизнь» і «Жыццё татарскае». З 1996 года пад яго рэдакцыяй выдаецца Каляндар татар-мусульман Беларусі. У 1993 годзе паспрыяў перавыданню кнігі А. Мухлінскага «Даследаванне паходжання і стану літоўскіх татар» (Исследование о происхождении и состоянии литовских татар, 1857 г., Санкт-Пецярбург), у 1997 годзе быў адным з аўтараў каталога «Рукапісныя і друкаваныя кнігі беларускіх татар».
Актыўна спрыяў адбудове мячэцяў у Слоніме (1997), Смілавічах (1997), Навагрудку (1997), Відзах (1999), Клецку (2000), Маладзечна (2000), Лоўчыцах (2002) і рабіў намаганні па аднаўленню саборнай мячэці ў Мінску[1]. У 1995 годзе дапамог у стварэнні татарскага культурнага цэнтра ў Іўі.
Будучы адным з лідараў беларускіх мусульман, Ібрагім Канапацкі трымаўся даволі талерантных поглядаў на іншыя рэлігіі і быў актыўным прыхільнікам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У паўсядзённым жыцці нярэдка размаўляў па-беларуску[2].
Міжнародная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1999 годзе ў складзе дэлегацыі беларускіх татар сустракаўся з прэзідэнтам Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра, у красавіку 2000 года — з прадстаўнікамі камісіі па распрацоўцы праграм дзейнасці нацыянальных меншасцей Кангрэса ЗША. Як Міжнародны пасол міру ў 1999 годзе наведаў Лівію, у 2000 годзе — Чад, у 2001 годзе — Ірак, у 2004 годзе — Іерусалім. У 1993 годзе быў дэлегатам Першага з’езду Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», на ўсе наступныя з’езды запрашаўся як госць.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «По законам братства» (1980).
- «Участие трудящихся Белоруссии в освоении целинных земель» (1984).
- «Молодёжная планета целина» (у суаўтарстве з В. Галубовічам).
- «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (1993; у суаўтарстве з С. Думіным).
- «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000; у суаўтарстве з А. І. Смолікам)[3].
- «Татары ў Беларусі. Іх рэлігія» (Беларуская Палічка).
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]На смерць І. Б. Канапацкага адгукнуліся некралогамі некалькі газет і парталаў[4][5][6]. У 2014 годзе на доме, дзе нарадзіўся І. Канапацкі, была ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар[7].
Фразы, якімі запомніўся іншым Ібрагім Канапацкі
[правіць | правіць зыходнік]- У адказ на камплімент у свой адрас з боку паэта А. Сыса «Які выдатны твар», Канапацкі сказаў: «Які ж гэта твар, звычайная татарская морда»[4].
- У адной з прыватных суразмоў з сваім былым студэнтам, Канапацкі сказаў: «Я шаную кожную рэлігію, абы толькі чалавек не чорту пакланяўся»[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Ибрагим Канапацкий. Стояла в Минске мечеть… // Татарская рассылка, 2003 г.
- ↑ а б Хачу яго памятаць // Блог Андрэя Берастоўскага
- ↑ Алена Філатава. Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар // Беларускі гістарычны агляд. — 2000. — Т. 7. — № 1 (12). — С. 235—236.
- ↑ а б Разалія Александровіч.. Ібрагім Канапацкі: беларускі татарын, які здзейсніў неймавернае . Новы час (15 верасня 2015). Праверана 26 кастрычніка 2020.
- ↑ Сяргей Богдан.. Ібрагім Канапацкі . Наша Ніва (16 верасня 2005). Праверана 26 кастрычніка 2020.
- ↑ З. Канапацкая. Человек с большой буквы Архівавана 12 кастрычніка 2017. // Историческая правда
- ↑ Марат Гаравы.. У Смілавічах увекавечана памяць Ібрагіма Канапацкага . Новы час (7 красавіка 2014). Праверана 26 кастрычніка 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Канапацкі Ібрагім Барысавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 82. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. Т. 5. Минская область. В 3 кн. Кн. 2. З—Н / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. — Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2017. — С. 65—66. — 448 с.: ил. — ISBN 978-985-11-0988-9.
- Нарадзіліся 28 лютага
- Нарадзіліся ў 1949 годзе
- Нарадзіліся ў Смілавічах
- Памерлі 9 верасня
- Памерлі ў 2005 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка
- Кандыдаты гістарычных навук
- Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Гісторыкі СССР
- Гісторыкі Беларусі
- Беларуска-літоўскія татары