Перайсці да зместу

Ігар Фёдаравіч Стравінскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ігар Стравінскі)
Ігар Стравінскі
руск.: Игорь Фёдорович Стравинский
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя Ігар Фёдаравіч Стравінскі
Дата нараджэння 5 (17) чэрвеня 1882(1882-06-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 6 красавіка 1971(1971-04-06) (88 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна  Расійская імперыя
Сцяг Францыі Францыя
Сцяг ЗША ЗША
Бацька Фёдар Ігнатавіч Стравінскі[3]
Жонка Yekaterina Nosenko[d] і Вера Басэ[d]
Дзеці Суліма Стравінскі[d] і Théodore Strawinsky[d]
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Педагог Мікалай Андрэевіч Рымскі-Корсакаў і Wassili Kalafati[d]
Прафесіі
Інструменты фартэпіяна
Жанры опера, сімфонія, камерная музыка і акадэмічная музыка XX стагоддзя[d]
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
Аўтограф Аўтограф
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ігар Фёдаравіч Страві́нскі (17 чэрвеня 1882, Араніенбаўм — 6 красавіка 1971, Нью-Ёрк; пахаваны ў Венецыі на могілках Сан-Мікеле) — расійскі кампазітар, дырыжор і піяніст, адзін са значнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі (1934) і ЗША (1945).

Ігар Стравінскі нарадзіўся ў 1882 годзе на Швейцарскай вуліцы ў Араніенбаўме. Яго бацька, Фёдар Ігнатавіч Стравінскі — оперны спявак, саліст Марыінскага тэатра. Паходзіў з беларускай шляхты — Стравінскіх герба «Суліма», абывацеляў Менскага ваяводства. Яго маці, піяністка і спявачка Ганна Кірылаўна Холадаўская (11.08.1854 — 7.06.1939), была сталым канцэртмайстарам на канцэртах мужа[5]. У доме Стравінскіх у Пецярбургу прымалі музыкантаў, артыстаў, пісьменнікаў, у ліку якіх быў і Ф. М. Дастаеўскі.

Бацькі Ігара Стравінскага, Фёдар і Ганна, Адэса, 1874

З дзевяці гадоў Стравінскі браў прыватныя ўрокі фартэпіяна, у 19 гадоў пасля сканчэння гімназіі Гурэвіча[6], па патрабаванні бацькоў, паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, адначасна прыступіўшы да самастойнага вывучэння музычна-тэарэтычных дысцыплін. З 1904 па 1906 год Ігар Стравінскі браў прыватныя ўрокі ў М. А. Рымскага-Корсакава, які прапанаваў Стравінскаму заняткі два разы на тыдзень, паралельна з яго ўрокамі ў В. П. Калафаці.

Малады Ігар Стравінскі. (1910 год).

У 1906 годзе Стравінскі ажаніўся з Кацярынай Гаўрылаўнай Носенка, сваёй кузінай[7]. У 1907 годзе нарадзіўся іх першы сын, мастак Фёдар Стравінскі, у 1910 годзе — другі сын, кампазітар і піяніст Святаслаў Суліма-Стравінскі. У 1900—1910-е сям’я Стравінскіх жыла падоўгу ў сваім маёнтку ва Усцілугу Валынскай губерні (цяпер там мемарыяльны музей І. Ф. Стравінскага).

Пад кіраўніцтвам Рымскага-Корсакава былі напісаны першыя творы — скерца і саната для фартэпіяна, сюіта для голасу з аркестрам «Фаўн і пастырка» і г.д. На прэм’еры апошняй быў Сяргей Дзягілеў, які высока ацаніў талент маладога кампазітара. Праз некаторы час Дзягілеў прапанаваў яму напісаць балет для пастаноўкі ў «Рускіх сезонах» у Парыжы. Цягам трох гадоў супрацы з трупай Дзягілева Стравінскі напісаў тры балеты, якія прынеслі яму сусветную вядомасць — «Жар-птушка» (1910), «Пятрушка» (1911) і «Вясна святая» (1913). У гэтыя гады (галоўным чынам, у сувязі з пастаноўкамі Дзягілева) Стравінскі неаднаразова ездзіў у Парыж.

Напачатку 1914 года, напярэдадні Першай сусветнай вайны, выехаў з сям’ёй у Швейцарыю. З прычыны распачатай вайны Стравінскія ў Расію не вярнуліся. З вясны 1915 года кампазітар жыў з сям’ёй у Маржы блізу Лазаны, з 1920 — пераважна ў Парыжы.

Сярод твораў гэтага часу — опера «Салавей» па аднайменнай казцы Андэрсена (1914) і «Гісторыя салдата» (1918). Гэтым жа часам датуецца збліжэнне Стравінскага з французскай «Шасцёркай».

Яшчэ ў 1913 годзе Стравінскі пазнаёміўся з кампазітарам Эрыкам Саці, якога вызначаў як «самага дзіўнага чалавека, якога калі-небудзь ведаў», але ў той жа час называў яго «самым выдатным» і «нязменна дасціпным»[8]. Як лічыць даследнік творчасці Саці Ю. Ханон, некаторыя творы Саці, асабліва балет «Парад» (1917) і сімфанічная драма «Сакрат» (1918), значна паўплывалі на творчасць Стравінскага[9]. На думку Г. Філенка, паварот у рашэнні антычнай тэмы, архаізацыя музычнай мовы і прынцыпова новыя метады музычнай канструкцыі ў «Сакраце» апынуліся плённымі для іншых кампазітараў і амаль на дзесяць гадоў апярэдзілі будучы неакласіцызм «Антыгоны» Онегера (1924), а таксама «Апалона Мусагета» і «Цара Эдыпа» Стравінскага (1929—1930 гг.), загадзя акрэсліўшы ўсе асноўныя рысы новага стылю[10].

Сам жа Ігар Фёдаравіч адклікаўся пра «Сакрата» Саці, як і пра прафесійныя вартасці яго аўтара, скептычнае і стрымана:

Не думаю, каб ён добра ведаў інструментоўку і аддаю перавагу «Сакрата» ў тым выглядзе, у якім ён гуляў мне [на фартэпіяна], няскладнай аркестравай партытуры. Я заўсёды лічыў творы Саці абмежаванымі «літаратуршчынай». Загалоўкі ў іх літаратурныя, але тады як назвы карцін Клее, таксама ўзятыя з літаратуры, не сціскаюць яго малярства, у Саці, мне здаецца, гэта здараецца, і пры паўторным праслухоўванні яго рэчы губляюць вялікую дзель цікавасці. Бяда «Сакрата» ў тым, што ён надакучвае адным сваім метрам. Хто можа вынесці гэту аднастайнасць? Тым не менш музыка смерці Сакрата чуллівая і па-свойму шляхетная.

— Стравінскі. Дыялогі[11]

«Як Шасцёрка адчувала сябе свабоднай ад сваёй дактрыны, тое і ніякай групы яна не складала. „Вясна свяшчэнная“ вырасла магутным дрэвам, адціскаючы наш хмызняк, і мы збіраліся было прызнаць сябе пераможанымі, як раптам Стравінскі неўзабаве сам далучыўся да нашага кола прыёмаў, і невытлумачальнай выявай у яго творах нават адчуваўся ўплыў Эрыка Саці.»[12]

Жан Както, «да юбілейнага канцэрта Шасцёркі ў 1953 годзе»

Пасля сканчэння вайны Стравінскі прыняў рашэнне не вяртацца ў Расію і праз некаторы час пераехаў у Францыю. У 1919 годзе кампазітар на заказ Дзягілева напісаў балет «Пульчынела», пастаўлены праз год.

У 1922 годзе маці кампазітара Ганна Холадаўская выехала з Расіі і жыла ў доме сына ў Парыжы. Памерла ў 1939 годзе, пахавана на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа. Ігар Стравінскі прысвяціў ёй песню «Незабудачка-кветачка» з «Двух вершаў К. Бальмонта для голасу і фартэпіяна».

Стравінскі жыў у Францыі да 1940 года. Тут адбыліся прэм’еры яго оперы «Маўра» (1922), танцавальнай кантаты (балета са спевам) «Вяселейка» (1923) — выніковага твора рускага перыяду, а таксама оперы-араторыі «Цар Эдып» (1927), якая азначала сабой пачатак новага перыяду ў творчасці кампазітара, які прынята зваць «неакласічным».

У 1924 годзе адбыўся дэбют Стравінскага ў якасці піяніста: ён выканаў уласны канцэрт для фартэпіяна і духавога аркестра пад кіраваннем Сяргея Кусявіцкага. Як дырыжор Стравінскі выступаў з 1915 года. 1926 год адзначаны першым зваротам кампазітара да духоўнай музыкі — «Ойча наш» для хору a capella. У 1928 годзе з’яўляюцца новыя балеты — «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі», а праз два гады — знакамітая і грандыёзная «Сімфонія псалмоў» на лацінскія тэксты Старога запавету.

У пачатку 1930-х гадоў Стравінскі звяртаецца да жанру канцэрта — ён стварае канцэрт для скрыпкі з аркестрам і канцэрт для двух фартэпіяна. У 1933—1934 гадах на заказ Іды Рубінштэйн супольна з Андрэ Жыдам Стравінскі піша меладраму «Персефона». Тады ж ён канчаткова вырашае прыняць французскае грамадзянства (атрымана ў 1934 годзе) і піша аўтабіяграфічную кнігу «Хроніка майго жыцця».

Пазней Стравінскі ўспамінаў парыжскія гады як самы нешчаслівы час яго жыцця. У 1938 памерла яго старэйшая дачка Людміла, у 1939 годзе — яго жонка (пахавана ў Парыжы на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа) і яго маці. 9 сакавіка 1940 года Стравінскі ажаніўся зноў — з Верай Артураўнай Судзейкінай (быў знаёмы з ёй з 1922 года).

З 1936 года Стравінскі перыядычна ездзіў з гастролямі ў ЗША, падчас якіх умацаваліся яго творчыя сувязі з гэтай краінай. У 1937 годзе ў нью-ёркскім тэатры Метраполітэн-опера быў пастаўлены балет «Гульня ў карты», праз год быў выкананы канцэрт «Дамбартан-Окс». Стравінскага запрасілі прачытаць курс лекцый у Гарвардскім універсітэце. У сувязі з пачаткам вайны Стравінскі прыняў рашэнне пераехаць у ЗША. Спачатку ён пасяліўся ў Сан-Францыска, а потым у Лос-Анджэлесе. У 1945 годзе ён атрымаў амерыканскае грамадзянства. Творы гэтага перыяду: опера «Прыгоды валацугі» (1951), якая стала апафеозам неакласічнага перыяду, балеты «Арфей» (1948), Сімфонія in C (1940) і Сімфонія ў трох частках (1945), Эбані-канцэрт для кларнета і джаз-аркестра (1946). У студзені 1944 года, у сувязі з выкананнем незвычайнага аранжавання гімна ЗША ў Бостане, мясцовая паліцыя арыштавала Стравінскага і папярэдзіла, што існуе адказнасць у выглядзе штрафу за перакручванне гімна[13][14][15]. Існуе фатаграфія, зробленая ў пастарунку пры арышце. Мяркуючы па здымку, Стравінскі пры арышце быў збіты. Сам Стравінскі пасля падаваў гэтую гісторыю як міф[16].

З пачатку 1950-х гадоў Стравінскі пачаў сістэматычна выкарыстоўваць серыйны прынцып. Пераходным творам стала Кантата на вершы англійскіх ананімных паэтаў, у якой пазначылася тэндэнцыя татальнай паліфанізацыі музыкі. Першым серыйным творам стаў Сэптэт (1953). Серыйным творам, у якім Стравінскі зусім адмовіўся ад танальнасці, сталі «Threni» (Плач прарока Ераміі, 1958). Твор, у якім серыйны прынцып абсалютны, — «Рухі» для фартэпіяна з аркестрам (1959) і Варыяцыі памяці Олдаса Хакслі для аркестра.

Кульмінацыяй серыйнага перыяду Стравінскага лічыцца Requiem Canticles («Задушныя спевы», Рэквіем) для кантральта і баса сола, хору і аркестра (1966):

"«„Задушныя спевы“ завяршылі ўсю маю творчую карціну…», «…Рэквіем у маім веку занадта кранае за жывое…», «…ствараю шэдэўр сваіх апошніх гадоў»" — Стравінскі.

На працягу дзесяцігоддзяў Стравінскі актыўна гастраляваў як дырыжор (пераважна ўласных твораў) у Еўропе і ЗША. Адрозніваючыся надзвычайнай патрабавальнасцю да трымання наказаных ім выканальніцкіх нюансаў (тэмпу, дынамікі, акцэнтаў і пр.), Стравінскі надаваў вялікае значэнне аўдыязапісу. У 1950-х і пачатку 1960-х гг. пад кіраваннем аўтара на лэйбле Columbia Records была запісана пераважная большасць яго твораў[17]. Аўтарскія аўдыязапісы Стравінскага-дырыжора дагэтуль служаць важным арыенцірам для ўсіх новых выканальніцкіх інтэрпрэтацыяў яго музыкі.

Увосень 1962 года ўпершыню пасля доўгага перапынку ён прыязджаў на гастролі ў СССР, дырыжаваў сваімі творамі ў Маскве і Ленінградзе. Апошні завершаны яго твор — апрацоўка для камернага аркестра дзвюх духоўных песень Хуга Вольфа (1968). Няскончанымі засталіся аркестроўкі чатырох прэлюдый і фуг з ХТК Ё. С. Баха (1968—1970), таксама захаваліся эскізы нейкага твора для фартэпіяна.

Стравінскі памёр 6 красавіка 1971 года ад сардэчнай недастатковасці. Пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі (Італія), на так званай «расійскай» іх частцы, недалёка ад магілы Сяргея Дзягілева. У 1982 годзе каля магілы Стравінскага была пахавана яго жонка Вера Артураўна.

Для І. Стравінскага характэрны яскравы талент, нацыянальнае творчае мысленне, наватарства ў сістэмнай арганізацыі музычнага матэрыіялу. У сваёй творчай эвалюцыі пераходзіў ад захаплення рускай тэматыкай і музычным фальклорам, стварэння музыкі на аснове стылізацыі розных музычных з’яў мінулага да неакласіцызму. Аддаўшы даніну амаль усім плыням сучаснага музычнага мастацтва, розным мастацкім сістэмам, стварыў уласны стыль, які выяўляецца ў формаўтварэнні, тэматызме, метрарытміцы, інструментоўцы і інш.

Сярод твораў: оперы «Салавей» (паст. 1914), «Маўра» (паст. 1922), «Прыгоды гулякі» (паст. 1951), опера-араторыя «Цар Эдып» (паст. 1927; 2-я рэд. 1948); балеты і харэаграфічныя сцэны, у т.л. «Жар-птушка» (паст. 1910), «Пятрушка» (паст. 1911), «Вясна святая» (паст. 1913), «Гісторыя салдата» (паст. 1918), «Пульчынела» (паст. 1920), «Байка пра Лісу, Пеўня, Ката ды Барана» (паст. 1922), «Вяселейка» (паст. 1923), «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі» (абодва паст. 1928), «Гульня ў карты» (паст. 1937), «Арфей» (паст. 1948), «Агон» (паст. 1957); Сімфонія псалмоў для хору і аркестра (1930), 3 сімфоніі (1907, 1940, 1945); творы для камернага аркестра, асобных інструментаў з аркестрам, камерна-інструментальная, для голасу з суправаджэннем і інш.

Перакладанні, апрацоўкі

[правіць | правіць зыходнік]

На працягу жыцця Стравінскі ўвесь час перапрацоўваў уласныя і чужыя творы (аўтарскія кампазіцыі, музыку праваслаўнага ўжытку, народныя песні). Найчасцей апрацоўка Стравінскага ўяўляла сабою перакладанне свайго ж ранняга твора для іншага (у параўнанні з зыходным) iнструмента або складу iнструментаў (прыкладам, многія вакальныя творы рускага перыяду, напісаныя для голасу і фартэпіяна, пазней аранжаваныя для голасу з ансамблем iнструментаў). У некаторых выпадках апрацоўцы спадарожнічала пераробка арыгінальнай музыкі (скарачэнне, вар’іраванне, радзей пашырэнне, абнаўленне гарманізацыі), у такіх выпадках кажуць пра «рэдакцыю» (дзве рэдакцыі фартэпіяннага Танга — для скрыпкі і фартэпіяна і для скрыпкі і інструментальнага ансамбля). Прыкладам можа служыць музыка да балета «Пятрушка», да якой кампазітар вяртаўся неаднаразова. Твор скончаны ў 1911 (так званая «першая рэдакцыя», ці «арыгінальная рэдакцыя») і падпала надалей пад разнастайную перапрацоўку: у 1921 (апрацоўка трох нумароў для фартэпіяна), у 1932 (апрацоўка «Рускага танца» для скрыпкі і фартэпіяна), у 1947 (другая рэдакцыя балета, перааркестроўка), у 1947 (сюіта з балета для сімфанічнага аркестра), у 1965 (трэцяя рэдакцыя балета). Некаторыя апрацоўкі Стравінскага ўражваюць парадаксальнасцю. Так, кананічныя праваслаўныя тэксты (на царкоўнаславянскай мове) у невялікіх хоравых творах «Ойча наш» (1926), «Знак веры» (1932) і «Багародзіца Дзева, цешся» (1932) кампазітар у 1949 замяніў кананічнымі тэкстамі каталікоў (на лаціне; адпаведна Pater noster, Credo і Ave Maria) без нiякай змены (зусім рускай па стылі) музыкі.

Сачыненні іншых кампазітараў і народную музыку Стравінскі апрацоўваў у тых жа вельмі шырокiх межах — ад «простай» інструментоўкі (духоўныя песні Гуга Вольфа, мадрыгалы Карла Джэзуальда, руская народная песня «Дубінушка») да поўнамаштабнага аўтарскага пераасэнсавання («Пульчынела» на музыку Дж. Б. Пергалезі).

  • (суаўтар: W. Nouvel) Хроника моей жизни (фр.: Chroniques de ma vie. Paris, 1935; рус. пераклад: Масква, 2005).
  • (у суаўтарстве з П. П. Суўчынскім) Музычная паэтыка (фр.: Poétique musicale. Cambridge, MA, 1942; англ. пераклад пад назв. Poetics of Music, 1947; рус. пераклад: Масква, 2004).
  • (літаратурная апрацоўка Р. Крафта) Дыялогі (англ.: Dialogues and a Diary. New York, 1968; рус. пераклад: Ленінград, 1971).

Зноскі

  1. Taruskin R., White E. W. Igor Stravinsky // Encyclopædia Britannica Праверана 19 сакавіка 2019.
  2. а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  3. Catalog of the German National Library Праверана 19 ліпеня 2024.
  4. Stravinsky, Igor // The Enciclopædia Britannica — 12 — London, NYC: 1922. — Vol. XXXII Pacific Ocean Islands to Zuloaga. — P. 582.
  5. Культурный центр Дом-музей Марины Цветаевой
  6. Из расходной книги Ф. И. Стравинского(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2013. Праверана 16 ліпеня 2016.
  7. Искусство и архитектура русского зарубежья - Стравинская (урожд. Носенко) Екатерина Гавриловна(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2013. Праверана 15 сакавіка 2013.
  8. Стравинский И. Ф. Диалоги. Л., 1971, с.99.
  9. Эрик Сати, Юрий Ханон. «Воспоминания задним числом». — СПб.: Центр Средней Музыки & Лики России, 2010. — С. 321. — 682 с. — ISBN 978-5-87417-338-8.
  10. Филенко Г. «Французская музыка первой половины ХХ века». — Л.: Музыка, 1983. — С. 76. — 232 с.
  11. Стравинский И.Ф. Диалоги. Л., 1971, с.100.
  12. Жан Кокто. «Петух и Арлекин». — М.: «Прест», 2000. — С. 79. — 224 с. — 500 экз.
  13. Stravinsky Liable to Fine(недаступная спасылка). New York Times (16 студзеня 1944). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2013. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  14. Mass. Gen. Laws ch. 249, § 9(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 16 ліпеня 2016.
  15. According to Michael Steinberg, Liner notes to Stravinsky in America, RCA 09026-68865-2, the police «removed the parts from Symphony Hall.»Paul Thom (2007). The Musician as Interpreter. Penn State Press. ISBN 9780271031989. page 50
  16. Stephen Walsh (2008). Stravinsky: The Second Exile: France and America, 1934-1971. University of California Press. ISBN 9780520256156., page 152
  17. Пазней былі выпушчаны ў выглядзе маштабных кампіляцый на лэйблах Sony/BMG, на кампакт-дысках.
  • Дубкова Т. А. Старві́нскі Ігар Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 191—192. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Красноў М. І. Страві́нскія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 192. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Дубкова Т. А. Страві́нскі Ігар Фёдаравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 688. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Андриссен Луи и Шёнбергер Элмер. Часы Аполлона. О Стравинском. СПб., 2003. Перевод с нидерландского Ирины Лесковской. − 300 с. — ISBN 5-7331-0041-9.
  • Друскин М. С. Игорь Стравинский: Личность. Творчество. Взгляды. — Л.; М.: Советский композитор, 1974. — 221 с.; 2-е изд., испр. и доп. — Л.: Советский композитор, 1979. — 230 с; 3-е изд., 1982. — 208 с.
  • Друскин М. С. Стравинский // Музыка XX века: Очерки. 1917—1945. — М.: Музыка.1984. — Кн. 4, ч. 2. — С. 203—229.
  • Стравинская К. Ю. О И. Ф. Савинском и его близких. — Л.: Музыка, 1978.
  • White, Eric Walter. Stravinsky: The Composer and His Works. (англ.) — Berkeley and Los Angeles: University of California Press, 1979. — ISBN 0-520-03983-1, ISBN 0-520-03985-8
  • Stravinsky V., Craft R. Stravinsky in Pictures and Documents. New York: Simon and Schuster, 1978.
  • Fantastic Cities and Other Paintings by Vera Stravinsky. Boston: David R. Godine, 1979.
  • Igor and Vera Stravinsky: A Photograph Album 1921 to 1971 / Text from Stravinsky’s Interview1912-1963; 258 photographs selected by Vera Stravinsky and Rita McCaffrey; Captions by Robert Craft. New York: Thames and Hudson, 1982.
  • Dearest Bubushkin: The Correspondence of Vera and Igor Stravinsky, 1921—1954, with Excerpts from Vera Stravinsky’s Diaries, 1921—1971 / Ed. by R. Craft. New York: Thames and Hudson, 1985.
  • The Salon Album of Vera Sudeikin-Stravinsky / Ed. and tr. by J.E. Bowlt. Princeton: Princeton University Press, 1995.
  • Муза. Отрывки из дневника и другие тексты Веры Судейкиной (Стравинской) см.: Experiment / IMRC. Vol. 13: Los Angeles, 2007. С. по указ.
  • Straus J.N. Stravinsky’s serial «mistakes» // The Journal of Musicology 17 (1999), pp. 231–271.