Язэп Аляксеевіч Мамонька

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Іосіф Аляксеевіч Мамонька)
Jump to navigation Jump to search
Язэп Аляксеевіч Мамонька
Jazep Mamońka.jpg
 
Партыя:
Дзейнасць: палітык
Нараджэнне: 28 студзеня 1889(1889-01-28)
Смерць: 10 верасня 1937(1937-09-10) (48 гадоў)
Пахаванне:

Язэ́п Аляксе́евіч Мамо́нька (28 студзеня 1889, в. Залессе, цяпер Мінская вобласць, Беларусь10 верасня 1937, ст. Мядзвеж’я Гара, Сандармох, цяпер Карэлія, Расія) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў вёсцы Залессе Слуцкага павета Мінскай губерні 28 студзеня 1889 года.

У 1907—1917 гадах сябра партыі эсэраў. Двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў.

У часе Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў царскае войска, тэлеграфіст пры штабе 12-й армі, малодшы унтэрафіцэр. Стварыў у Рызе ў траўні 1917 года першае беларускае вайсковае аб’яднанне[1]. Дэлегат ад 12-й арміі ІІІ з’езда Беларуская сацыялістычнай грамады (кастрычнік 1917), на якім абраны ў ЦК. Сябра Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Адзін з арганізатараў і дэлегатаў Першага Усебеларускага з’езда (снежань 1917), арыштоўваўся бальшавікамі па разгоне з’езда.

Пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады ўлетку 1918 года і ўтварэння Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) абраны ў склад кіраўніцтва партыі. Быў сябрам прэзідыума Народнай Рады БНР (снежань 1919).

Быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення перабраўся ў Коўна, дзе аднавіў дзейнасць у якасці сакратара прэзідыума Рады БНР. У лютым 1921 года ў Коўне разам з Палутай Бадуновай і Тамашом Грыбам стварыў Бюро ЦК БПС-Р, якое імкнулася аб’яднаць раздзеленыя нацыянальныя сілы.

У пачатку 1921 года па даручэнні Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цвікевіча і А. К. Галавінскага прыехаў у Менск дзеля каардынацыі падпольнай дзейнасці ў анэксаванай Польшчай Заходняй Беларусі. Арыштаваны ў сакавіку 1921 года, прывезены ў Маскву. У красавіку 1921 года высланы ў Казань, адкуль уцёк у Коўна.

Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі 1921 года ў Празе, на якой востра крытыкаваў палітыку ўрада Савецкай Беларусі. У канцы 1922 года пераехаў у Чэхаславакію. У кастрычніку 1923 года разам з Палутай Бадуновай пратэставаў супраць стварэння ў Коўне ўрада БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам і лічыў яго незаконным. У 1925 годзе скончыў 3 курсы камерцыйнага інстытута ў Празе. У часе Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне выступіў супраць роспуску ўрада БНР і пакінуў канферэнцыю. Пераехаў у Коўна, потым у Вільню. У 1928 годзе жыў у Рызе.

У верасні 1928 года атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу ж 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ БССР на станцыі Бігосава, адпраўлены ў Маскву. 3 студзеня 1929 года пастановай калегіі АДПУ прыгавораны да 10 гадоў лагераў. 2 верасня 1937 года пастановай «тройкі» НКУС Карэльскай АССР[2] прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расія). Рэабілітаваны пракурорам Карэліі 12 красавіка 1989 года, Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 года[3].

Зноскі

  1. А. Латышонак (1995)
  2. Возвращенные имена
  3. Л. Маракоў (2003)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]