Абраз Маці Божай Барунскай

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Абраз Маці Божай Барунскай

Абраз Маці Божай Барунскай — адна з найбольш шанаваных хрысціянскіх святынь Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Іканаграфія абраза — Адзігітрыя з апранутым у белы хітон дзіцем на левай руцэ, якое злёгку адхілена ад маці. Дзева Марыя ў хітоне вішнёвага колеру і сіне-зялёным мафорыі, нізка апушчаным на лоб. Вакол галоў слабае асвятленне з праменямі. Фон карычневы, з кірылічнымі манаграмамі Маці Божай і Хрыста.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку ХІХ ст. быў адным з самых шанаваных на Віленшчыне. Спачатку належаў базыльянскаму манаху Іазафату Бражыцу, які ў 1671 годзе быў ігуменам кляштара ў Полацку і памёр у 1683 годзе ў Віцебску. Базыльянскі гісторык Ігнат Сцябельскі паведамляе, што Бражыц аддаў абраз набожнаму Мікалаю Песляку, які заснаваў на месцы сучаснай вёсцы Баруны Барунскі манастыр базыльян (1692) і перадаў туды абраз. Ён уцалеў ад пажару 1707 г. і быў змешчаны ў асобным алтары адбудаванага ў 1715 годзе храма. Упершыню абраз згадваецца ў 1705 годзе, а ў 1712 годзе ў Супраслі надрукавана кніга мітрапаліта Лявона Кішкі аб яго цудах (перавыдадзена там жа ў 1742 годзе). Вядома гравюра абраза XVIII ст. Паводле В. Навакоўскага, у пачатку ХІХ ст. М. Важынскі ўзяў абраз у свой дом у вёсцы Аляны, а базыльянам даў копію. Пасля перадачы Барунскага храма католікам (1919) у 1926 годзе абраз вернуты Важынскімі ў касцёл, у 1927 годзе адрэстаўрыраваны віленскай мастачкай Г. Шрамоўнай.

У каталогу Віленскай дыяцэзіі (1935) абраз характарызуецца як наяўны і цудадзейны. Лёс абраза пасля 1939 года дакладна не высветлены. Магчыма, цяперашні абраз у Барунскім касцёле — толькі яго копія. Паводле вусных звестак, арыгінал загінуў у час Другой сусветнай вайны ў выніку неадпаведных умоў захоўвання.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]