Абраз Маці Божай Фашчаўскай
Абраз Маці Божай Фашчаўскай | |
---|---|
![]() фота не пазней 1911 г. | |
Дата з'яўлення: | першая палова XVII ст. |
Іконаграфічны тып: | Адзігітрыя |
Абраз Маці Божай Фашчаўскай — абраз Багародзіцы, вядомы з першай паловый XVII ст., які каталікамі з усходу сучаснай Беларусі лічыўся цудадзейным. Ікона знаходзілася ў галоўным алтары касцёла Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты ў вёсцы Фашчаўка сучаснага Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Прыкладна да сярэдзіны XVII ст. Фашчаўка называлася Чарніца, таму абраз быў вядомы як Чарніцкі. Адносіцца да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя. Ёсць звесткі, што абраз шанаваўся таксама праваслаўнымі вернікамі. Арыгінал страчаны, як мяркуецца, у 1937 годзе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]5 лістапада 1611 года кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза для заснавання калегіюма езуітаў і школ у Оршы дараваў пляц у горадзе і 200 валок зямлі з падданымі ў Магілёўскай эканоміі. У наступным, 1612 годзе, прадстаўнікі караля і віленскага біскупа разам з адміністрацыяй Магілёўскай эканоміі вылучылі з каралеўскіх уладанняў і перадалі ва ўласнасць аршанскіх езуітаў вёскі Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Крывель, Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Чална (цяпер Саськаўка)[1].
Першая вядомыя згадка ў літаратуры пра прысутнасць каталікоў у Чарніцы звязаная з шанаваннем абраза Маці Божай, які лічыўся цудадзейным. Вядомы ў свой час пісьменнік, палеміст і гісторык кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609—1677) сабраў у 1650 годзе ў адной са сваіх прац па гісторыі хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім звесткі пра шэраг цудадзейных абразоў, сярод якіх аўтар называе ікону Багародзіцы з Чарніцы — вёскі Аршанскага калегіюма езуітаў[2][3]:
Ласкі, якія Божая Веліч даруе тым, хто звяртаецца па абарону да Найсвяцейшай Панны перад яе абразам, які знаходзіцца ў капліцы гэтай вёскі, зрабілі гэта месца знакамітым: так што сюды сыходзяцца ў вялікай колькасці не толькі прававерныя (каталікі), але і схізматыкі (праваслаўныя) з бліжэйшых месцаў і адчуваюць асаблівыя звышнатуральныя ласкіАрыгінальны тэкст (лац.)Czernicae imago B. Virginis Mariae. Czernica, pagus est Collegii Orszensis Soc. IESU. Gratiae, quas ad B. Virginis opem, coram eius imagine in Sacello illus pagi fita, confugientibus, diuina Maiestas largitur, locum celebrem fecerunt: ita, ut non Orthodoxi tantum, sed et schismatici e propinquis locis magno numero concurrant et singularia ultra naturae vires experiantur beneficia
У «Марыйным атласе» баварскага езуіта кс. Вільгельма Гумпенберга SJ (ням.: Wilhelm Gumppenberg, 1609—1675), надрукаваным у 1672 годзе, таксама ёсць звесткі пра цудадзейны абраз Багародзіцы, які знаходзіўся ў вёсцы, што належала Аршанскаму калегіюму езуітаў, хаця назва вёскі не падаецца[4][5]:
Да заснавання Аршанскага калегіюма Таварыства Ісуса, у год Хрыстовы 1612, наш служка касцёла намаляваў гэты абраз Багародзіцы для галоўнага алтара храма. Але калі ў наступныя гады ў алтары былі размешчаныя больш каштоўныя абразы, гэты абраз у суседнюю вёску, у маёнтак, што належыць калегіюму, быў перанесены. Ён стаў цудадзейным у 1630 годзе, калі шляхецкі хлопчык, які меў скалечаныя ногі з самага ўлоння мацеры, паклікаўшы каля гэтага абраза Панну, адужэў і ўстаў на ногі. Найбольш павялічыліся гэтыя ласкі з 1638 года і прыбыццё сюды нават схізматыкаў (праваслаўных) зрабіла месца знакамітым. Так мне паведаміў ксёндз Альберт Каяловіч, рэктар Віленскага калегіюма Таварыства Ісуса, які дадаў, што цуды настолькі вялікія і шматлікія, што ён сам, калі з прычыны вайны будзе магчыма, хутка і ход усёй гэтай гісторыі, і самі цуды, ужо правераныя, а не паводле чутак, абвесціць. Гэтых звестак, аднак, я не атрымаў.Арыгінальны тэкст (лац.)Ad initium Collegii Societatis IESU Orsensis, sub annum Christi 1612. aedituus templi noster hanc Deiparae Imaginem pinxit pro ara templi majore. Cum vero sequentibus annis majoris pretii picturae aris nsererentur, Image haec ad pagum vicinum, in ipsius Collegii praedium delata est. Miraculosa esse caepit anno 1630. quo nobilis puer, membris omnibus ab ipso utero materno captus, ad hanc Imaginem invocata Virgine convaluit, et inpedens erectus est. Crevere hi favores maxime ab anno 1638. et ipsorum schismaticorum concursu celebrior factus est locus. Ita ad me R.P. Albertus Koialobiz rector Colleg. Vilnensis Societatis IESU, qui addit, miracula jam tot et tanta esse, ut ipse, si per bella possit, quamprimum et totius historiae decursum et ipsa miracula, jam approbata, nec vulgaria, editurus sit: quae tamen ad me hactenus non non pervenerunt.
Хаця гэтае выданне пабачыла свет у 1672 годзе, але звесткі кс. Гумпенберг пачаў збіраць значна раней. У 1652 годзе ён прасіў усіх еўрапейскіх правінцыялаў ордэна езуітаў, каб у кожнай правінцыі быў прызначаны чалавек, які падрыхтуе і вышле яму матэрыялы пра цудадзейныя абразы. Просьбы пра дастаўленне інфармацыі былі накіраваныя таксама ўсім рэктарам езуіцкіх калегіюмаў у Еўропе[6]. Як вынікае з самой цытаты, інфарматарам кс. Гумпенберга ў гэтым выпадку быў кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609—1677). Даследчык гісторыі фашчаўскага касцёла А. В. Красоўскі звяртае ўвагу на тое, што кс. Віюк-Каяловіч у прыведзеным урыўку названы рэктарам Віленскага калегіюма езутаў, а гэтую пасаду ён займаў у 1653—1655 гадах[a], а таксама на тую акалічнасць, што ў тэксце гаворыцца пра звязаныя з вайной перашкоды, у той час як у чэрвені 1654 года акурат пачалася вайна Расійскага Царства з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[4]. На гэтай падставе даследчык адносіць перапіску паміж кс. Віюком-Каяловічам і кс. Гумпенбергам, як і апублікаваныя ў выніку гэтай перапіскі звесткі, прыкладна да перыяду паміж 1654 і 1655 гадамі[4]. Таксама А. В. Красоўскі адзначае, што паколькі кс. Віюк-Каяловіч ва ўласнай кнізе падобнай тэматыкі, якая выйшла з друку ўсяго на некалькі гадоў раней за пачатак перапіскі з кс. Гумпенбергам, не ўзгадвае іншыя цудадзейныя абразы ва ўласнасці Аршанскага калегіюма езуітаў, акрамя Багародзіцы з Чарніцы, то і ў тэксце кс. Гумпенберга ідзецца пра тую ж ікону[4].
У 1768 годзе была надрукаваная праца па гісторыі Літоўскай правінцыі езуітаў, дзе аўтар кс. Станіслаў Растоўскі SJ (1711—1784) са спасылкаю на рукапісную «Гісторыю аршанскага калегіюма» (лац.: Historia Collegii Orsensis) расказвае пра містычны эпізод у 1643 годзе, звязаны з абразам Багародзіцы ў Чарніцы[7]:
У Аршанскім павеце Белай Русі ў ліпені гэтага года [1643] быў каменны град. На абшары ў дваццаць міль з неба сышла такая жахлівая навальніца, што паўсюль пазносіла стрэхі і пастухоў на пашах са статкамі пабіла. Вялікае спусташэнне адбылося ў гарадах, лясах і вёсках. Калі навальніца адступіла, то там, дзе хмары разышліся і заззяла яркае сонца, убачылі дзіўную і поўную жаху рэч: у асобных снежных зацвярдзелых на марозе камяках, памерам з лімон, знаходзіліся вострыя камяні, у многіх — касцяныя выявы нейкіх галоў, нібыта нябёсамі зробленыя. Калі пра гэта даведаліся, большасць людзей ахапіў жах, такім жудасным быў гэты камнепад. Кожны баяўся за сябе: звяртаўся ў святыні па сродкі ратунку. Акрамя таго, адбыўся яшчэ адзін цуд: вёска аршанскага калегіума Чарніца — месца, вядомае праз абраз Бласлаўлёнай Панны Марыі і ласкі — нягледзячы на згубу, што панавала навокал, засталося зусім некранутым, калі там маліўся народ. Расказваюць, што камяні, якія былі ў [снежных] камяках, пабіўшы некаторых, прынеслі ім смерць. Кажуць, некалькі камянёў доўга захоўваліся ў архіве нашага аршанскага дома (калегіюма). Услед за каменным градам пачаліся хваробы, але памерлі ўсяго некалькі каталікоў, хоць у горадзе гінулі юдэі і схізматыкі (праваслаўныя).Арыгінальны тэкст (лац.)In Orsanensi Albae Russiae Provincia mense huius anni quinctili grandine lapidavit. Tanta quaquaversus in agros ad milliaria duodenda tam foeda coelo tempestas deiecta, ut tecta passim disiecerit, pastores in agris et armenta percusserit. Magna campis, sylvis, oppidis strages edita. Tempestate commutata, ubi disserenavit, grandoque vapore solis intabuit, visa est res mira, et plena formidinis: in singulis ex nive concretis duratisque rigore pilis, malo nonnullis citreo maioribus, acuti erant silices: in multis ossea quaedam capitum simulacra, quasi si coelo essent sculpta, sic efficta, ex quibus ostentis maiorum populo attonito periculorum portendebatur metus, quam formidolosa fuisset ipsa lapidatio. Metuere hinc sibi quisque: ad templa et remedia salutis confugere. Praeter alia hoc quoque fuit miraculo: praediolum Orsensis Collegii Czernica, locum imagine Beatae Virginis Matris et beneficiis celebre, ipsum eius mali, circum vastantis omnia, fuisse immune; supplicante ibi tunc populo. Lapides qui in istis malograntis pro nucleis erant, mortis pariter compuncti dicuntur fuisse notis: ex horum acervis diu asservatas aliquot esse pilas aiunt in tabulario Orsensis nostri domicilii. Grandinem lapideam consequuta mox pestilentia; sed in oppido, ipsis Judaeis mortifera et Schismaticis, paucos absumpsit Catholicos.
Сам аўтар у зносцы да гэтага фрагмента адзначыў, што пра каменны град напісаў нехта недасведчаны (лац.: profanus)[7].
У выдадзеным у 1702 годзе атласе нямецкага географа-езуіта Генрыха Шэрара SJ (ням.: Heinrich Scherer, 1628—1704), адзін з тамоў якога аўтар цалкам прысвяціў цудадзейным абразам і статуям Маці Божай, Фашчаўка пазначана сярод тых месцаў Вялікага княства Літоўскага, дзе знаходзіліся цудадзейныя выявы Панны Марыі[8]. На гэтай жа старонцы ў скарочаным варыянце Шэрар перадрукаваў звесткі пра цудадзейны абраз Аршанскага калегіюма езуітаў з «Марыйнана атласа» кс. Гумпенберга 1672 года[8]. А. В. Красоўскі лічыць, што аўтар проста не ведаў, што аршанскім езуітам належаў толькі адзін цудадзейны абраз Багародзіцы, а за Чарніцай да таго часу ўжо замацавлася іншая назва — Фашчаўка[4].
У XVIII ст. абраз знаходзіўся ў фашчаўскім касцёле і лічыўся цудадзейным, пра што сведчаць згадкі ў архіўных крыніцах. Так у 1713 годзе Рэгіна Кулакоўская — удава настаяцеля царквы св. Мікалая ў мястэчку Дуброўна Аршанскага павета пратапопа Кандрата Палікарповіча — у сваім тастаменце загадвала дзецям зрабіць ахвяру на хвалу Панны Марыі Фашчаўскай[9]:
Гарантую тым жа тастамэнтам маім, што з тых уладанняў маіх Кулакоўшчыны і Кавалеўшчыны на касцёл фарны 250 злотых, паводле рашэння яшчэ нябожчыка бацькі дабрадзея майго, павінны дзеці мае выплаціць, каб лямпа праз век жыцця чалавечага не згасаючы [гарэла] перад абразам Найсвяцейшай Панны Маці Божай Фашчаўскай, цудамі слыннай, за што Веліч Сына Свайго за душы нашыя прасіць будзе
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Апісанні ці выявы Багародзіцы Фашчаўскай раней XIX ст. на бягучы момант невядомыя.
Самае даўняе і найбольш падрабязнае з апісанняў абраза было знойдзена ў пратаколе генеральнай візітацыі фашчаўскага касцёла пад датаю 6 верасня 1805 года[10]:
![]() |
Першы — галоўны [алтар], у якім [знаходзіцца] слынны цудамі абраз Найсвяцейшай Панны з часткова вызалачанаю срэбнаю шатаю, з дзвюма каронамі і шчодра вызалачаным жазлом, з рамамі і некалькімі складанымі срэбнымі часткамі на іх. Каля абраза з абодвух бакоў у медных, пакрытых срэбрам шатах — два херубімы, якія трымаюць рамы абраза. Над алтаром, у той жа самай што і абраз нішы, [знаходзіцца] цудоўна ўпрыгожаная вялікая карона ў шчодра вызалачаным покрыве, якое спускаецца, нібы намёт, з абодвух бакоў. Вышэй — вялікі абраз Святой Тройцы, над якім манаграма імя Марыі разбярскай працы ў вызалачаных прамянях, якая завяршае зверху алтар | ![]() |
У падаўчым інвентары фашчаўскага касцёла пад датаю 15 чэрвеня 1828 года абраз Панны Марыі таксама называецца цудадзейным, але яго апісанне не адрозніваецца ад папярэдняга — новыя звесткі толькі пра шату на абразе[11]:
![]() |
Шата Найсвяцейшай Панны ў меншай частцы срэбная, чацвёртай пробы, а ў большай частцы медная. Зняць гэтую шату, каб узважыць яе ці аддзяліць медзь, немагчыма | ![]() |
Тут маецца на ўвазе лотавая проба, а гэта значыць, што матэрыял шаты меў толькі ¼ частку срэбра.

Змены ў размяшчэнні абраза ў касцёле і яго аздабленні на працягу XIX ст. не зафіксаваныя. У інвентары касцёла пад датаю 13 мая 1903 года апісанне адрозніваецца ад папярэдніх толькі дэталямі[11]:
![]() |
Між калонамі ў нішы над алтаром – цудадзейны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы з дзвюма каронамі і дзвюма фігуркамі анёлаў. Абраз Багародзіцы пакрыты шатаю, якая ў большай частцы [з] чырвонай медзі пасярэбраная, а ў меншай срэбная. На абразе павешаны залаты крыж без пробы, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Памянёны абраз засланяецца іншым абразом, выяваю Найсвяцейшай Панны Марыі. Над абразам Маці Божай — абраз Сэрца Езуса, а ўверсе — абраз Св. Тройцы, ператлелы ад пажару | ![]() |
У падаўчым інвентары пад датаю 10 ліпеня 1899 года яшчэ не адзначалася, што шанаваны абраз засланяўся іншай іконай Панны Марыі. А. В. Красоўскі мяркуе, што канструкцыя, якая дазваляла хаваць абраз, была зроблена паміж 1899 і 1903 гадамі, калі адміністратарам касцёла быў кс. Павел Карповіч (1900–1902) ці кс. Тамаш Чайкоўскі (1902–1903)[11].
Адзіная вядомая выява Багародзіцы Фашчаўскай захавалася дзякуючы фатаздымку пачатку ХХ ст. У 1990-х гадах у фашчаўскай парафіі быў знойдзены невялікі аркушык памерам 8х12,5 см, на адным баку якога — фатаграфічная выява Панны Марыі Фашчаўскай (арыгінальны подпіс польск.: Obraz Najświętszej Panny Maryi Faszczowskiej), а на адваротным — ананімны польскамоўны гімн «Песня пра Найсвяцейшую Панну Марыю Фашчаўскую» (польск.: Pieśń o Najświętszej Pannie Marji Faszczowskiej)[11]. Год на аркушыку не пазначаны, але ідэнтычную выяву[12] апублікаваў у 1911 годзе ў манаграфіі пра цудадзейныя марыйныя абразы езуіт кс. Алаізі Фрыдрых SJ (польск.: Alojzy Fridrich, 1850–1927), што дае падставы датаваць здымак пачаткам ХХ ст. Аўтар адзначаў, што частку звестак ён атрымаў ад фашчаўскага плябана кс. Антонія Мацулевіча, які ўзначальваў парафію ў 1909—1911 гадах, а таксама ад прыватных асоб.
А. В. Красоўскі выказвае меркаванне, што такія аркушыкі з Багародзіцай Фашчаўскай маглі друкавацца для прафіян ці пілігрымаў, і адзін экзэмпляр кс. Мацулевіч даслаў кс. Фрыдрыху. Трэба заўважыць, што сам кс. Фрыдрых не меў магчымасці наведаць Фашчаўку, бо ў той час езуітам было забаронена законам прыязджаць у Расійскую імперыю[13].
У той жа публікацыі кс. Фрыдрых падае апісанне абраза[11][14]:
Як даўней, так і цяпер ласкамі слаўны абраз Марыі месціцца ў галоўным алтары. Найсвяцейшая Маці, паказаная больш як у палову роста, трымае на левай руцэ Боскае сваё Дзіця, а ў правай — жазло. Абраз аздоблены срэбным адзеннем і такімі ж каронамі. Акрамя таго, над абразом месціцца вялікая срэбная карона. На шыі Найсвяцейшай Панны знаходзіцца багата ўпрыгожаны срэбны крыж з часцінкамі Святой Зямлі.
Арыгінальны тэкст (польск.)Jak dawniej tak i teraz łaskawi wsławiony obraz Maryi mieści się w wielkim ołtarzu. Przedstawia Matkę Najśw. więcej jak w połowie osoby, trzymającą na lewem ręku Boskie swe Dziecię, w prawej berło. Zdobi go srebrna suknia i takież korony; prócz tego nad obrazem umieszczona jest duża srebrna korona. Na szyi Najśw. Panny umieszczony jest bogato zdobny srebrny krzyż ze szczątkami ziemi świętej
Іншыя фотаздымкі ці выявы Фашчаўскай Багародзіцы на сённяшні дзень невядомыя, але нават у тым выглядзе, у якім паказаны абраз на маленькім аркушыку, ніхто з нашых сучаснікаў Багародзіцу Фашчаўскую не бачыў, бо ў 1912 годзе касцёл абрабавалі і сярод іншай маёмасці скралі аздобу з абраза[11].
Іканаграфічны тып
[правіць | правіць зыходнік]Арыгінал іконы страчаны ў 1937 годзе[15] і захаваўся ўсяго адзін фатаздымак пасрэднай якасці пачатку ХХ стагоддзя, на якім большая частка абраза схаваная пад шатаю, што робіць немагчымым дэталёвы мастацтвазнаўчы аналіз твора. Выява Багародзіцы на гэтым здымку належыць да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя: Панна Марыя трымае Хрыста на левай руцэ, у правай — жазло, пальцы правай рукі Ісуса складзены ў бласлаўляльным жэсце, а ў левай ён трымае Евангелле.
Беларуская спецыялістка па іканаграфіі, гісторык мастацтва Г. А. Флікоп-Світа адзначае, што прадстаўленая на адзіным вядомым фотаздымку іконы пакаленная выява Багародзіцы сустракаецца даволі рэдка, акрамя таго на большасці абразоў падобнай іканаграфіі Хрыстос трымае ў руках сферу, а не кнігу, але ўвесь твор вельмі характэрны для іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя, ніякіх нечаканых рыс няма, ракурсы персанажаў традыцыйныя — маці павернутая да дзіцяціці (а яно — да яе) у тры чвэрці. Спецыялістка адзначае, што сярод тых выяў, якія захаваліся да цяперашняга часу, абразы такой іканаграфіі невядомыя, адшукаць іншыя прыклады гэтага іканаграфічнага зводу не ўдалося[16].
Польскі даследчык культу Багародзіцы кс. Канстанты Марыя Жукевіч OFM (польск.: Konstanty Maria Żukiewicz, 1874—1948) у 1921 годзе без абгрунтавання свайго меркавання аднёс фашчаўскі абраз да шэрагу копій Маці Божай Снежнай — галоўнага багародзічнага абраза Рыма, які захоўваецца ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ[17]. Хаця іканаграфічны звод Багародзіцы Снежнай на працягу XVII-XVIII стагоддзяў карыстаўся на беларускіх землях вялікай папулярнасцю, з якой мог параўнацца хіба што абраз Маці Божай Чэнстахоўскай[18], аднак падабенства Панны Марыі Фашчаўскай і Панны Марыі Снежнай вынікае з прыналежнасці да агульнага іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя, а рысы, уласцівыя іканаграфічнаму зводу Багародзіцы Снежнай, не прасочваюцца ў фашчаўскім абразе[13]. Беларускі мастацтвазнавец, спецыяліст па культавым мастацтве эпохі барока А.А. Ярашэвіч (1940—2016) адзначаў, што ў XVIII стагоддзі мастакі «нізавога» ўзроўню барока смела дэфармавалі візантыйскую іканаграфію Багародзіцы Снежнай, але нават у самых перайначаных спісах іконы ад прататыпа захоўваўся характэрны жэст рук Багародзіцы, у якіх яна трымае хустачку[19]. Гэтай рысы фашчаўскі абраз не мае.
У сучаснай публікацыі польскіх гісторыкаў-езуітаў Людвіка Гжэбеня (польск.: Ludwik Grzebień, 1939—2020) і Анджэя Паўла Беся (польск.: Andrzej Paweł Bieś) фашчаўскі абраз называецца копіяй іконы Багародзіцы Снежнай з Дэрпта, якая пазней, магчыма, была перанесена езуітамі ў касцёл латгальскага сяла Ўжвалда[20]. Аўтары не даюць спасылак на крыніцы інфармацыі і ніяк не тлумачаць той факт, што толькі выява Панны Марыі Фашчаўскай — адзіная ва ўсёй кнізе — не адпавядае іканаграфічнаму зводу Маці Божай Снежнай.
Шанаванне абраза
[правіць | правіць зыходнік]Падрабязных звестак пра шанаванне фашчаўскага абраза Панны Марыі ў ХІХ ст. пакуль не знойдзена, але асобныя эпізоды сведчаць, што ў народным уяўленні абраз па-ранейшаму лічыўся цудадзейным[13].
3 студзеня 1842 года фашчаўскія парафіяне напісалі ліст у Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную кансісторыю з просьбаю пакінуць у Фашчаўцы кс. Віктара Варпуцянскага OFM — манаха ордэну бернардынаў, які ўзяўся за аднаўленне занядбанага за дваццаць гадоў пасля выгнання езуітаў касцёла і плябаніі. Ліст напісаны ад імя ўсіх сялян-гаспадароў былога езуіцкага маёнтка, а за непісьменных падпісаўся валасны пісар Міхал сын Каэтана Давідовіч. У тэксце звароту парафіяне выказвалі надзею, што дзякуючы руплівай працы кс. Варпуцянскага вернуцца і цуды Маці Божай[13].
Ускосна пра шанаванне Багародзіцы Фашчаўскай сведчыць колькасць вотаў каля абраза, якая павялічвалася на працягу ХІХ ст. У 1805 годзе каля галоўнага алтара і ў іншых месцах вісела 26 срэбных вотаў і два срэбныя рублі. Колькасць срэбных вотаў рознай пробы ў 1828 годзе складала ўжо 82 адзінкі, агульная вага якіх дасягала 2,5 кілаграма. У 1911 годзе срэбных вотаў рознай формы, велічыні і пробы налічвалася 109[21].
Паводле сабраных кс. Фрыдрыхам звестак, у пачатку ХХ ст. у касцёле была 131 вота і месціліся гэтыя ахвяры ў дзвюх драўляных шафках каля галоўнага алтара. На фігурцы 1807 года, якая была зроблена ў форме хворага чалавека, што ляжыць на ложку, быў надпіс па-польску польск.: P. Jelern. Вота 1819 года мела надпіс па-руску: «За здароўе слугі Пятра». Срэбная таблічка, ахвяраваная некалькімі асобамі, мела вершаваную гравіроўку па-лацінску са зваротам да Багародзіцы. Аўтар перадае змест надпіса ў перакладзе на польскую мову[22]:
Месцяцца тут дары, месціцца стогн чалавечы,
О, Ласкавая Панна, май нас у сваёй апецы.
Арыгінальны тэкст (польск.)Mieszczą się tu dary, mieści jęk człowieczy:
O! Panno Łaskawa, miej nas w swojej pieczy.
Большая часта фігурак не мела дат і надпісаў[23].
Копіі і спісы
[правіць | правіць зыходнік]Спіс з царквы св. Мікалая ў вёсцы Мяніца
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з пратаколам візітацыі ўніяцкай царквы св. Мікалая ў вёсцы Мяніца Бабыніцкага дэканата (Лепельскі павет Віцебскай губерні) у 1822 годзе ў галоўным алтары гэтага храма знаходзіўся абраз «Найсвяцейшай Панны Марыі Хвашчаўскай» (польск.: Nayświętszey Maryi Panny Chwaszczowskiey). Ніякай інфармацыі пра матарыял асновы твора і накладную аздобу не падаецца. Лёс гэтага спісу невядомы[24].
Спіс з касцёла Ўнебаўзяцця Панны Марыі ў вёсцы Пустынь
[правіць | правіць зыходнік]Пра іншы спіс, які паходзіць з другой паловы ХІХ ст., паведаміў у 1911 годзе ў сваім даследаванні кс. Фрыдрых[23]:
Адзін са святароў трыццаць гадоў таму расказваў, што яму ў сне з'явілася Маці Божая Фашчаўская ў вельмі бедным і брудным адзенні. Ён ніколі не бачыў гэтага абраза і нават не чуў пра яго. Прачнуўшыся, ён пачаў распытваць пра яго і вырашыў выправіцца ў Фашчаўку, каб зразумець, што б гэты сон мог азначаць. Прыбыўшы на месца, ён пазнаў у абразе Найсвяцейшую Панну, якую бачыў у сне, і адначасова пераканаўся, што абраз патрабаваў абавязковай рэстаўрацыі; таму ён паклапаціўся, наколькі было магчыма, пра яго аднаўленне і ўпрыгожванне; а ў 1883 годзе замовіў стварэнне копіі фашчаўскага абраза для парафіяльнага касцёла ў Пустыні ў Віцебскай губерні.Арыгінальны тэкст (польск.)Jeden z kapłanów z przed trzydziestu laty opowiadał, że mu się Matka Boska faszczowska we śnie przedstawiła w bardzo biednej i brudnej sukni. Nie widział on nigdy tego obrazu, ani nie słyszał o nim. Ocknąwszy się, począł się dowiadywać o niego i postanowił udać się do Faszczówki, aby zrozumieć, co by ten sen miał znaczyć? Na miejsce przybywszy, poznał w obrazie widzianą we śnie Najśw. Pannę i przekonał się zarazem, że obraz koniecznej restauracyi potrzebował; postarał się tedy według możności o jego odnowienie i ozdobę; a w roku 1883 dał zrobić kopię faszczowskiego obrazu do parafialnego kościoła w Pustyniu w gubernii witebskiej.
А. В. Красоўскі высветліў, што ў 1880 годзе адміністратарам фашчаўскага касцёла быў кс. Адольф Малахоўскі, які з 1883 года служыў таксама і ў Пустыні. Малахоўскі нарадзіўся ў 1841 годзе, паходзіў з дваранаў Ковенскай губерні, да 1859 года вучыўся ў Панявежскай гімназіі, у 1860 — 1861 гадах — у Цяльшэўскай рыма-каталіцкай дыяцэзіяльнай семінарыі, у 1861 — 1862 гадах — у Магілёўска-Мінскай рыма-каталіцкай семінарыі, а ў 1862 — 1866 гадах — у рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе. Па заканчэнні атрымаў ступень магістра багаслоўя. Высвечаны ў святарскі сан 12 сакавіка 1866 года, у 1866 — 1880 гадах працаваў на розных пасадах у рыма-каталіцкай акадэміі. У 1873 годзе ездзіў за мяжу на чатыры месяцы для пакланення святым месцам у Палесціне. Нарэшце 6 снежня 1879 годзе «паводле ўласнага жадання звольнены ад усіх пасад, якія займаў у акадэміі, і прызначаны ў Фашчаўку»[24]. Аднак ужо ў сакавіку 1880 года кс. Малахоўскі з прычыны слабога здароўя прасіў звольніць яго. Мітрапаліт гэтую просьбу выканаў, але справа зацягнулася, таму святар пакінуў Фашчаўку толькі ў кастрычніку 1880 года. У снежні 1880 года кс. Малахоўскага прызначылі ў Выбарг, а 1 снежня 1883 года — у Пустынь, дзе ён служыў да 1 студзеня 1888 года, а пасля яшчэ некалькі гадоў у суседніх парафіях[25].
Ускосна пацвярджаецца інфармацыя пра аздабленне абраза Панны Марыі Фашчаўскай. За той час, пакуль кс. Малахоўскі узначальваў фашчаўскую парафію, на абразе з’явіўся срэбны вызалачаны крыж з камянямі[24]. Пазнейшыя крыніцы адзначаюць, што гэты крыж меў у сабе часцінкі Святой Зямлі[14]. А. В. Красоўскі звяртае ўвагу на тое, што кс. Малахоўскі акурат за некалькі гадоў да прызначэння ў Фашчаўку здзейсніў пілігрымку ў Святую Зямлю і нават напісаў кнігу пра гэтае падарожжа, таму лічыць крыж ахвярай кс. Малахоўскага[24].
У пошуках інфармацыі пра спіс Багародзіцы Фашчаўскай, А. В. Красоўскі знайшоў у падаўчым інвентары пустыньскага касцёла пад датаю 1 снежня 1888 года спіс новых рэчаў, якія з’явіліся ў касцёле за 4 гады, пакуль адміністратарам быў кс. Малахоўскі. Спіс змяшчае 72 пункты, сярод якіх[26]:
Абразы1. Божай Маці з Немаўляткам Езусам на руках, металічны, у агні вызалачаны, вытанчанай працы. Дыядэмы са штучных камянёў зробленыя ў Ліёне. У жазле пярсцёнак залаты з бірузой.
2. Таксама Божай Маці, добрай працы, пісаны на палатне.
…
59. Хатнія рэчы, якія пакінуў п[ачэсны] к[анонік] М[алахоўскі], абразы святых, партрэты ў рамах пад шклом – сорак восем
Першы абраз па сёнешні дзень знаходзіцца ў пустыньскім касцёле. Пацвярджае гэта і лацінская гравіроўка на шаце. Аднак кампазіцыя твора моцна адрозніваецца ад кампазіцыі фашаўскага абраза, шмат якія дэталі не супадаюць і сам надпіс не дае хоць нейкіх адсылак да Фашчаўкі. Прычын, каб атаясамліваць гэты абраз з Багародзіцай Фашчаўскай, няма.
Пытанне пра рэальнае існаванне гэтага спіса іконы застаецца адкрытым з-за адсутнасці дакладных звестак.
Гімн у гонар Багародзіцы Фашчаўскай
[правіць | правіць зыходнік]На адваротным баку зноўдзенага ў 1990-х гадах аркушыка з фатаграфічнай выявай Маці Божай Фашчаўскай быў надрукаваны ананімны польскамоўны гімн «Песня пра Найсвяцейшую Панну Марыю Фашчаўскую». Гэты спеў да цяперашняга часу з некаторымі адхіленнямі ад арыгіналу выконваецца ў фашчаўскай парафіі[27].
|
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратурныя крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Красоўскі 2017, с. 248.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 50-51.
- ↑ Віюк-Каяловіч 1650, с. 36.
- ↑ а б в г д Красоўскі 2020, с. 51.
- ↑ Гумпенберг 1672, с. 559.
- ↑ Дэльфус 2014, с. 135.
- ↑ а б Растоўскі 1768, с. 623.
- ↑ а б Шэрар 1702, с. 122.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 52.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 53-54.
- ↑ а б в г д е Красоўскі 2020, с. 54.
- ↑ Фрыдрых 1911, с. 31.
- ↑ а б в г Красоўскі 2020, с. 55.
- ↑ а б Фрыдрых 1911, с. 33.
- ↑ Тамэцкі 2002, с. 13.
- ↑ Флікоп 2015, с. 87.
- ↑ Жукевіч 1921, с. 26-28.
- ↑ Ярашэвіч 2003, с. 16.
- ↑ Ярашэвіч 2003, с. 15, 78-79.
- ↑ Бесь 2016, с. 113-117.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 56.
- ↑ Фрыдрых 1911, с. 32-33.
- ↑ а б Фрыдрых 1911, с. 32.
- ↑ а б в г Красоўскі 2020, с. 57.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 57-58.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 58.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 54-55.
Анлайн-крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Красоўскі А.В. Да пытання ўзнікнення рыма-каталіцкага асяродка і парафіі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў X Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 25―26 мая 2017 г. — 2017. — С. 247-252. — ISBN 978-985- 6985-85-3.
- Красоўскі А.В. Гісторыя абраза Панны Марыі з Фашчаўкі // Наша Вера : Часопіс. — 2020. — № 3. — С. 50-59.
- Alberto Wiiuk Koiałowicz. Miscellanea rerum ad statum ecclesiasticum in Magno Lituaniae Ducatu pertinentium (лац.). — Vilnae: Typis academicis, 1650. — 128 с.
- Guilielmo Gumppenberg. Atlas Marianus quo Sanctae Dei Genitricis Mariae imaginum miraculosarum origines duodecim historiarum centuriіs explicantur (лац.). — Monachii, 1672. — 3026 с.
- Stanislao Rostowski. Litvanicarum Societatis Jesu historiarum provincialium pars prima (лац.). — Vilnae: typis S.R.M&Republicae academicis Societatis Jesu, 1768. — 684 с.
- Henrico Scherer S.J. Atlas Marianus sive geographia Mariana (Atlas Marianus sive praecipvae totius orbis habitati imagines et statuae magnae Dei Matris beneficiis ac prodigiis inclytae succincta historia propositae et mappis geographicis expressae) (лац.). — Monachii: typis Mariae Magdalenae Rauchin Viduae, 1702. — 130 с.
- Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce (польск.) / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — Kraków: nakładem wydawnictwa Tow. Jez., 1911. — Т. 4. — 483 с.
- Г. А. Флікоп Упамінанні пра спісы малавядомых цудадзейных абразоў у апісаннях уніяцкіх храмаў XVIII - пачатку XIX ст. // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — 2015. — № 2. — С. 84-89.
- Konstanty Marja Żukiewicz. Cudowny obraz Matki Boskiej Rózancowej, w kościele Krakowskich Dominikanów (польск.). — Kraków: nakładem OO. Dominikanów w Krakowie, 1921. — 266 с.
- Andrzej Paweł Bieś SJ, Ludwik Grzebień SJ. Obrazy Matki Bożej Śnieżnej (Salus Populi Romani) w Polsce na przełomie XVI i XVII wieku. Legendy i fakty (польск.). — Kraków: Wydawnictwo WAM, 2016. — 134 с.
- Ярашэвіч А.А. «Маці Божая Снежная» ў Беларусі (бел.). — Мінск: Про Хрысто, 2003. — 96 с.
- кс. Караль Тамэцкі, Канстанцін Бендаў. Гісторыя каталіцкага касцёла ў Фашчаўцы (бел.). — Мсціслаў, 2002. — 23 с.
- Annick Delfosse L’Atlas Marianus, une entreprise collective(фр.) // Marie mondialisée: l’Atlas marianus de Wilhelm Gumppenberg et les topographies sacrées de l’époque moderne : Éditions Alphil-Presses universitaires suisses. — 2014. — С. 133-143.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ludwik Grzebień SJ Kojałowicz Wijuk Wojciech // Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564-1995. — Wydz. Filozoficzny TJ, Kraków, 1996.