Перайсці да зместу

Абстэрна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абстэрна
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 139,7 м
Даўжыня 5,5 км
Шырыня 2,6 км
Плошча 9,89 км²
Аб’ём 50 км³
Даўжыня берагавой лініі 18,8 км
Найбольшая глыбіня 12 м
Басейн
Плошча вадазбору 114 км²
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Абстэрна (Беларусь)
Абстэрна
Абстэрна
Абстэрна (Віцебская вобласць)
Абстэрна
Абстэрна
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Абстэрна — возера на поўдні Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 14 км на захад ад Мёраў каля вёскі Пераброддзе. Належыць да групы Абстэрнаўскіх азёр.

Паўднёвую затоку Абстэрны мясцовыя жыхары называюць возерам Луша, само возера Абстэрна часам пазначалася як «возера Пераброддзе» паводле назвы вёскі Пераброддзе на беразе возера.

Назва Абстэрна таксама фігуруе як «Обста» (на карце 1933 года)[крыніца?]. Обстай называецца і рака Абеста[ru] (у басейне Сейма на Падняпроўі)[1], яе назву збліжаюць з назвай літоўскай нёманскай ракі Abista[lt][2]. У аснове гэтых назваў індаеўрапейскае ab-, якім абазначаліся рачныя воды[3]. Корань Ab- у азёрнай назве мог перадаваць значэнне «Цякучае, праточнае (возера)»[крыніца?].

Возера басейну ракі Вяты. Плошча Абстэрна — 9,89 км². Найбольшая глыбіня возера — 12 м. Даўжыня возера — 5,5 км, найбольшая шырыня — 2,6 км. Даўжыня берагавой лініі — 18,8 км. Аб’ём вады ў возеры складае 50 млн м³, плошча вадазбору возера — 114 км². Вадаём злучаны ручаём з возерам Укля, а таксама пратокамі з азёрамі Важа і Набіста.

Катлавіна возера падпруднага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 10—15 м, парослыя лесам, на ўсходзе схілы разараныя. Берагі Абстэрны пясчаныя, амаль паўсюль забалочаныя. У паўднёва заходняй частцы берагі на невялікай працягласці сплавінныя.

Дно возера мае складаную будову, да глыбіні 5—6 м — пясчанае, на большых глыбінях высланае сапрапелем, які займае каля 50 % плошчы дна. Прыбярэжная зона мае найбольшую шырыню ва ўсходняй частцы вадаёма, дзе яна складае да 400 м.

Возера адрозніваецца чыстай вадой, велічыня празрыстасці якой складае каля 3 м. Агульная мінералізацыя вады звычайна не перавышае 220 мг/л.

У 1967 годзе для паляпшэння рэжыму вадаёмаў групы ўзровень вады ў возеры быў штучна падвышаны на 1 м. Гэта і выклікала забалочанасць берагоў уздоўж амаль усёй берагавой лініі возера. Таксама вынікам падвышэння ўзроўню вады стала тое, што павялічыліся плошча і глыбіня возера, а шырыня пратокі паміж азёрамі Абстэрна і Важа на паўднёвым усходзе павялічылася ў некалькі разоў. Больш глыбокай і шырокай зрабілася рака, якая злучае Абстэрна з возерам Укля на паўднёвым захадзе. Таксама як вынік падвышэння глыбіні і павелічэння велічыні праток, павялічылася ступень водаабмену між азёрамі.

Абстэрна — неглыбокае возера вялікай плошчай, вада ў ім добра перамешваецца і насычана кіслародам, дэфіцыт якога назіраюць толькі ў месцах найбольшай глыбіні. Але для зімовага перыяду дэфіцыт кіслароду назіраецца ўжо пачынаючы з глыбінь у 10 м. Таксама вынікам інтэнсіўнага перамешвання вады ветрам з’яўляецца слабое тэмпературнае і кіслароднае раздзяленне пластоў вады.

Шырыня паласы расліннасці ўздоўж берагоў складае 100—150 м, сярод відаў пераважаюць чарот і трыснёг. Але нягледзячы на гэта, прыбярэжная расліннасць у значнай ступені разрэжаная. Яе развіццю перашкаджаюць пясчаная глеба і значнае ўздзеянне ветру.

У складзе фітапланктону возера выяўленыя 60 відаў. Найбольшай колькасцю прадстаўлены зялёныя водарасці, другія па распаўсюджанасці пасля іх — сіне-зялёныя, наступныя — дыятомавыя. Агульная біямаса складае 30,6 г/м³.

У заапланктоне выяўленыя 26 відаў, агульная біямаса якіх складае 2,1 г/м³. Паводле складу іхтыяфаўны Абстэрна адносіцца да ліку ляшчова-судакова-шчупаковага вадаёму. Возера адрозніваецца высокай рыбапрадукцыйнасцю. У возеры сустракаюцца чудскія сігі, сняткі, язі, ліны, ляшчы, залатыя карасі, мянтузы, судакі і іншыя віды. Возера неаднаразова зарыблялася вуграмі.

Абстэрна выкарыстоўваецца для адпачынку і рэкрэацыі, каля вёскі Пераброддзе размяшчаецца санаторый «Расінка». З усходу да возера прымыкае гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Балота Мох.

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 166.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 35.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1.