Аскаміцэты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аскамікота)
Аскаміцэты
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ascomycota Caval.-Sm., 1998

Пададдзелы і класы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  610624
NCBI  4890
EOL  5577
MB  5577
FW  212606

Аскаміцэты, сумчатыя грыбы (Ascomycota) — аддзел грыбоў, які адрозніваецца асобнымі органамі размнажэння — сумкамі (аскамі).

Біялагічныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Налічваецца каля 30 тыс. відаў; на Беларусі больш за 10 парадкаў, каля 200 родаў, каля 500 відаў. Трапляюцца ў глебе і на арганічных субстратах. Да аскаміцэтаў адносяць амаль усе грыбы, што ўваходзяць у склад лішайнікаў.[1]

Маюць добра развіты септаваны гаплоідны міцэлій, галінасты, шматклетачны, што складаецца са шмат'ядзерных або аднаядзерных клетак. У некаторых (напр., дражджэй) сапраўдны міцэлій адсутнічае, ёсць толькі асобныя клеткі, здольныя пачкавацца. Размнажэнне вегетатыўнае (часткамі міцэлію), бясполае (канідыямі) і палавое (сумкаспорамі). У выніку палавога працэсу ўтвараюцца сумкі (адсюль назва) у выглядзе мяшочка з адтулінай, звычайна 8-споравыя, аднаклетачныя. У ніжэйшых аскаміцэтаў сумкі знаходзяцца непасрэдна на міцэліі, у вышэйшых — размешчаны ў пладовых целах (апатэцыях, клейстатэцыях і перытэцыях). У цыкле развіцця многіх сумчатых грыбоў адзначана канідыяльнае споранашэнне, якое мае выгляд плям, бугаркоў, налётаў. Канідыяносцы ўзнікаюць адзіночна, кучкамі або суцальным слоем на шчыльным спляценні міцэлію ці ў пікнідах.

Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца ўчасткамі міцэлію, пачкаваннем ці шляхам рассячэння гіфы на асобныя клеткі і фармавання аідый, хламідыяспор і г.д. Важнае месца ў цыкле развіцця аскаміцэтаў адыгрывае бясполае размнажэнне пры дапамозе канідыяў. Асобныя групы грыбоў могуць развіваць некалькі відаў канідыяльнага споранашэння.

Класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Клас Археаскаміцеты (Archiascomycetes)
Клас Геміаскаміцэты, або голасумчатыя (Hemiascomycetes)
Клас Эўаскаміцэты, або сапраўдныя сумчатыя (Euascomycetes)
Клас Локулааскаміцэты (Loculoascomycetes)

Значэнне ў прыродзе і для чалавека[правіць | правіць зыходнік]

Сапратрофы, раскладаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, утвараюць плесні на прадуктах харчавання, прамысловых матэрыялах і вырабах. Многія паразіты, узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека (напр., мікозы), раслін (мучністай расы, паршы, плямістасцей і інш.).

Выкарыстоўваюцца ў сыраварэнні, хлебапячэнні і ў мікрабіялагічнай прамысловасці як прадуцэнты ферментаў, антыбіётыкаў і інш. Есць ядомыя (смаржкі, страчкі, труфелі).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. С. Бельская (2002)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бельская С. І. Сумчатыя грыбы // Бельская С. І. Сумчатыя грыбы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 268. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Гарибова Л. В., Лекомцева С. Н. Основы микологии: Морфология и систематика грибов и грибоподобных организмов. Учебное пособие. — М.: Товарищество научных изданий КМК, 2005.
  • Аскомице́ты, или су́мчатые грибы́ // Краткий словарь ботанических терминов / Сост. М. В. Буланая и др.; Под ред. А. Г. Еленевского. — Саратов: Изд-во Сарат. пед. ин-та, 1993. — С. 16. — 151 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-87077-064-5. (руск.)