Бабінавічы (Лёзненскі раён)
Аграгарадок
Бабінавічы
| ||||||||||||||||||||||||||||
Бабі́навічы[2] (трансліт.: Babinavičy, руск.: Бабиновичи) — аграгарадок у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Бабінавіцкага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вёска знаходзіцца на заходнім беразе Зелянскога (Бабінавіцкага) возера за 30 км на паўднёвы захад ад Лёзна, 75 км ад Віцебска, на аўтадарозе Лёзна — Арэхаўск.
За 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі знаходзіцца Бабінавіцкае радовішча глін[3], паклад у выглядзе дзвюх лінзаў звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснавана не пазней 16 ст., мяркуючы па назве, выхадцамі са старажытнага сяла Бабіна Аршанскага староства ВКЛ. У канцы 16-17 ст. мястэчка, дзяржаўная маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяводстве. У канцы 17-18 ст. у фактычным уладанні князёў Агінскіх. Частка Бабінавіч належала да аршанскага кляштара трынітарыяў. Вуліцы мястэчка сыходзіліся да гандлёвай плошчы, 2 з іх былі дарогамі на Віцебск і Оршу. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бабінавічы ў складзе Расійскай імперыі, уваходзілі ў Аршанскі павет Магілёўскай губерні. У 1777—1796 і ў 1802—1840 былі цэнтрам Бабінавіцкага павета, мелі статут павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб: у блакітным полі 2 мачты з флюгерамі — у знак таго, што ў ваколіцах горада нарыхтоўваўся карабельны лес.
У Бабінавічах былі прыстань і склад лесаматэрыялаў, што сплаўлялі адсюль па рэках Лучоса і Заходняя Дзвіна ў Рыгу. У 1778 г. зацверджаны праект планіроўкі горада, у якім прадугледжвалася перанесці Бабінавічы на другі бераг р. Вярхіта і забудаваць у выглядзе прамавугольніка з плошчай у цэнтры, але ён не быў ажыццёўлены. У канцы 18 ст. распрацаваны праект забудовы Бабінавіч на старым месцы, паводле якога планіроўка прыводзілася ў прамавугольную сістэму і горад акружаўся валамі і равамі. Гэты праект ажыццёўлены часткова. У 1796—1802 і пасля 1840 Бабінавічы — заштатны горад у Магілёўскай губерні на тэрыторыі Дабрамыслінскай воласці Аршанскага павета.
3 часу заснавання Бабінавічы вядомы ганчарным промыслам, які дасягнуў росквіту ў 19 — 1-й чвэрці 20 ст. 3 мясцовай чырвонай гліны тут выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку (гарлачы, гаршкі, збанкі, міскі), якую з пач. 20 ст. пачалі аздабляць размалёўкай.
У канцы 19 ст. тут працавала 39 рамеснікаў. У 1860 горад налічваў 1271 жыхара і 159 дамоў, у 1879—1320 жыхароў. Паводле перапісу 1897 у Бабінавічах 1157 жыхароў, дзейнічалі царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква (пабудавана ў 1742), касцёл Святой Тройцы, пабудаваны ў 1782—1797 аршанскімі трынітарыямі, сінагога.
Пасля рэвалюцыі 1917 Бабінавічы страцілі статут горада і сталі вёскай, з 1919 у Віцебскай губерні РСФСР. Пасля 1-га ўзбуйнення БССР (сакавік 1924) Бабінавічы ў складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Высачанскім раёне Віцебскай акругі (да ліпеня 1930). 3 ліпеня 1931 — цэнтр сельсавета ў Лёзненскім раёне, з 20.02.1938 у Віцебскай вобл. Напярэдадні вайны 1618 жыхароў, 376 двароў.
У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 каля Бабінавіч у абарончых баях вызначылася 153-я стралковая дывізія (камандзір — палк. М. А. Гаген). 3 17 ліпеня яна ва ўмовах акружэння некалькі дзён вяла цяжкія баі. Прарваўшы кальцо акружэння, прайшла з баямі па тылах ворага і злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. 3 ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 Бабінавічы акупіраваны нацыстамі. У яе ваколіцах дзейнічалі партызанскія атрады Лёзненскай, імя А. Ф. Данукалава і іншых брыгад. Вызвалены 25.06.1944 часцямі 11-й гвардзейскай арміі 3-га Беларускага фронту ў час Віцебска-Аршанскай аперацыі. Спаленая цалкам нацыстамі вёска пасля вайны адноўлена і з верасня 1946 да снежня 1956 была ў складзе Арэхаўскага раёна.
У 2005 у вёсцы 589 жыхароў, 271 двор, сярэдняя школа, Дом культуры, 2 бібліятэкі, аптэка, аддзяленне сувязі. У цэнтры вёскі, побач з сярэдняй школай, вайсковыя могілкі, дзе пахаваны 1308 савецкіх воінаў і партызан. У 1966 тут пастаўлены помнік воіну-пераможцу.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Яўрэйскія могілкі
- Вайсковыя могілкі (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000529
У Бабінавічах і каля вёскі знаходзіцца група археалагічных помнікаў розных часоў:
- 2 неалітычныя стаянкі (на беразе Бабінавіцкага возера і на правым беразе р. Вярхіта)
- Гарадзішча
- 6 могільнікаў эпохі Кіеўскай Русі і адзіночны курган
- Земляное ўмацаванне Салдацкая Слабада.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бабінавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 245. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Бабиновичи // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 168.
- Бабінавічы // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — С. І. І. Лявонаў. — 727 с. — 10 000 экз.
- І. І. Лявонаў. Бабінавічы // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 1. А капэла — Габелен / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. — 727 с. — 10 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бабінавічы (Лёзненскі раён)
- Бабінавічы (Лёзненскі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)