Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аддзяленні Беларускай чыгункі.      Мінскае аддзяленне      Баранавіцкае аддзяленне      Брэсцкае аддзяленне      Віцебскае аддзяленне      Гомельскае аддзяленне      Магілёўскае аддзяленне

Транспартнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Баранавiцкае аддзяленне Беларускай чыгункi» — адно з буйнейшых прадпрыемстваў на Беларускай чыгунцы. Размешчана на тэрыторыі трох абласцей: Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай; мяжуе з трыма суседнiмi краiнамi: Польшчай, Літвой, Украінай.

Днём нараджэння аддзялення, у адпаведнасці з загадам Міністра шляхоў зносін СССР № 652 «Аб арганізацыі аддзяленняў дарог і ўзбуйненні аддзяленняў руху, аддзяленняў паравознага гаспадаркі і вагонных участкаў», лічыцца 23 верасня 1946.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сетка чыгуначных шляхоў Баранавіцкага аддзялення пачала складвацца з участка Гродна—Парэчча, былой Пецярбургска—Варшаўскай чыгункі, па якім 15 снежня 1862 года прайшоў першы цягнік. 28 лістапада 1871 года праз Баранавічы па ўчастку Маскоўска—Брэсцкай чыгункі праехаў першы таварна-пасажырскі цягнік. 30 снежня 1884 года здадзена ў эксплуатацыю чыгуначная лінія Вільня—Ліда—Баранавічы—Лунінец—Пінск. У 1886 годзе — лінія Беласток—Ваўкавыск—Баранавічы Палескіх чыгунак. У 1907 годзе былі пабудаваны ўчасткі Ліда—Ваўкавыск—Масты—Гродна і Ліда—Маладзечна.

Да пачатку Першай сусветнай вайны асноўныя чыгуначныя шляхі сучаснага Баранавіцкага аддзялення фактычна былі пабудаваныя. У 1915 раёны Заходняй Беларусі былі акупаваныя кайзераўскімі войскамі. У красавіку 1920 войскі Польшчы захапілі заходнюю частку Беларусі. Па ўмовах падпісанага у Рызе 18 сакавіка 1921 года мірнага дагавора заходнія беларускія землі адыходзілі ў склад польскай дзяржавы. За 18 гадоў польскага валадарства ў Заходняй Беларусі было пабудавана ўсяго 107 км чыгуначных шляхоў. Участак: ВарапаеваДруя 89 км пабудаваны ў 1932 годзе. Участак Варапаева—Друскенікі 18 км. На ўчастках Мікашэвічы—Лунінец—Жабінка і Ліда—Маладзечна былі знятыя другія пуці.

У 1939 годзе пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у адпаведнасці з загадам НКШЗ № 229/Ц ад 2 снежня 1939 г. былі ўтвораны Беластоцкая чыгунка з месцазнаходжаннем кіравання ў Вільні (начальнік Бадуноў П.Ф.) і Брэст-Літоўская з кіраваннем ў Баранавічах (начальнік Бурыкін І.В.). Гэтым жа загадам арганізаваны восем аддзяленняў: Баранавіцкае, Брэст-Літоўскае і Лунінецкае на Брэст-Літоўскай чыгунцы і Беластоцкае, Ваўкавыскае, Гродзенскае, Лідскае і Маладзечанскае на Беластоцкай чыгунцы. Будаўніцтва мірнага жыцця было перапынена 22 чэрвеня 1941 г. нападам фашысцкай Германіі. 8 ліпеня 1944 года вызваленыя Баранавічы, 9 ліпеня — Ліда, 10 ліпеня — Лунінец, 14 ліпеня — Ваўкавыск, 16 ліпеня — Гродна. Па меры вызвалення тэрыторыі ад ворага ішло аднаўленне чыгуначных ліній і вузлоў. 9 ліпеня 1944 года па загадзе Народнага Камісара шляхоў зносін у г. Баранавічы прыбыла аператыўная група спецыялістаў—чыгуначнікаў на чале з начальнікам Брэст-Літоўскай чыгункі Г.І. Перцавым і начальнікам Баранавіцкага аддзялення Д.П. Карасцялёвым.

З 15 кастрычніка 1946 спыніла (у сувязі з перадачай вобласці ў склад Польшчы) дзейнасць Беластоцкая магістраль, як самастойная адміністрацыйна-гаспадарчая адзінка. Ад яе да Брэст-Літоўскай чыгункі перайшло Лідскае аддзяленне руху. Было ліквідавана як маладзейнае Ваўкавыскае аддзяленне руху і паравознай гаспадаркі (за кошт ліквідацыі з'яўляецца Гродзенскае ўзбуйненнае аддзяленне). 1 кастрычніка 1948 года Лунінецкае аддзяленне было далучана да Баранавіцкага аддзялення. 28 ліпеня 1951 года на базе аб'яднання Брэст-Літоўскай магістралі і Мінскага аддзялення Заходняй чыгункі была створана Мінская чыгунка. У 1953 годзе адбылося аб'яднанне Беларускай і Мінскай чыгунак у адну Беларускую чыгунку. Згодна з загадам МПС СССР № 997 ад 15.03.1955г. было ліквідавана Гродзенскае аддзяленне і яго станцыі былі перададзеныя Баранавіцкаму аддзяленню.

11 сакавіка 1965 г. першы цягнік на цеплавознай цязе адправіўся на Брэст. 1969 г. на аддзяленне дарогі паступіў першы дызель-цягнік. 1976 г. — электрыфікаваны ўчастак Мінск—Стоўбцы, 1982—1983 Стоўбцы—Баранавічы—Лясная.

1981 г. — станцыі Гарынь, Відзібор і Прыпяць (Столінскага раёна), якія ўваходзілі ў Львоўскую чыгунку, перададзеныя ў склад Баранавіцкага аддзялення.

1984 г. — станцыі Лоўча, Парахонск і Ясельда ўчастка Лунінец — Брэст з Баранавіцкага аддзялення перададзены Брэсцкаму аддзяленню.

1994 г. — станцыя Парэчча, якую абслугоўвала Літоўская чыгунка на тэрыторыі Беларусі, перададзена Баранавіцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі.

Сацыяльная сфера[правіць | правіць зыходнік]

Ужо да канца 1944 года пачаў працаваць клуб чыгуначнікаў у Баранавічах, клуб станцыі Ваўкавыск, клуб станцыі Лунінец, клуб станцыі Ліда. На Баранавіцкім аддзяленні працавала восем бібліятэк: бібліятэка Райпрафсожа, бібліятэка клуба Лунінец, бібліятэка клуба Ваўкавыск, бібліятэка клуба Гродна, бібліятэка клуба Ліда, бібліятэка станцыі Баранавічы—Цэнтральныя, бібліятэка лакаматыўнага дэпо Баранавічы.

Пасля вызвалення Беларусі ў чэрвені 1945 пры Райпрафсожы (Раённая прафсаюзная арганізацыя чыгуначнікаў) пачаў працаваць піянерскі лагер «Іса», размешчаны ў 40 км ад горада Баранавічы ў накірунку да г. Слонім. Да 1939 года на тэрыторыі лагера размяшчалася дача графа Пуслоўскага. Да цяперашняга часу ў галоўным корпусе захаваліся каміны, адкрытая веранда і на 2-м паверсе, над верандай, балкон, а таксама круглы будынак—ледавік.

Піянерскі лагер «Азёры» быў пабудаваны ў Гродзенскім раёне каля вёскі Азёры ў 1955 годзе і прыняў першых дзяцей у 1956 годзе.

14 снежня 1984 г. у г. Баранавічы быў адкрыты Музей гісторыі УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі». У залах музея прадстаўлены этапы станаўлення і развіцця чыгуначнага транспарту. Аб пачатковым і наступных перыядах тэхнічнага абсталявання магістралі наглядна распавядае экспазіцыя першага ў Беларусі аддзела гісторыі чыгуначнай тэхнікі, адкрытага 30 ліпеня 1999 года.

У канцы 1995 г. быў акрыты для чыгуначнікаў Санаторый «Магістральны» ва ўрочышчы «Гай» на ўсходняй ускраіне горада Баранавічы. У 1997 ўступіла ў строй другая чаргу санаторыя — два плавальных басейны, кабінеты лячэбнай фізкультуры, спартыўны зал. У чэрвені 2000 года санаторый адкрыўся зноў пасля рэканструкцыі і пашырэння за кошт далучана прафілакторыя вытворчага баваўнянага аб'яднання. Пабудаваныя крытыя тэнісныя корты. У 2007 годзе на беразе возера Свіцязь пачало працаваць аддзяленне «Свіцязь» санаторыя «Магістральны», з нумарным фондам на 84 месца.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У склад уваходзяць 60 дзейнiчаючых станцый, у тым лiку буйныя чыгуначныя вузлы: Баранавiчы, Гродна, Лунiнец, Ваўкавыск, Лiда. У цяперашні час на Баранавіцкім аддзяленні даўжыня галоўных чыгуначных пуцей налічвае 1206 км., станцыйных і пад'язных — 846 км. У структуру аддзялення ўваходзяць 26 адасобленых структурных падраздзяленняў і адно даччынае прадпрыемства.

Структурныя падраздзяленні[правіць | правіць зыходнік]

Станцыі

Лакаматыўныя дэпо

  • Лакаматыўнае дэпо Баранавічы
  • Лакаматыўнае дэпо Ваўкавыск
  • Лакаматыўнае дэпо Ліда
  • Лакаматыўнае дэпо Лунінец

Вагонныя дэпо

  • Баранавіцкае вагоннае дэпо
  • Ваўкавыскае вагоннае дэпо

Дыстанцыі пуці

  • Баранавіцкая дыстанцыя пуці
  • Ваўкавыская дыстанцыя пуці
  • Лідская дыстанцыя пуці
  • Лунінецкая дыстанцыя пуці

Дыстанцыі сігналізацыі і сувязі

  • Баранавіцкая дыстанцыя сігналізацыі і сувязі
  • Лідская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі

Іншыя прадпрыемствы

  • Баранавіцкая дыстанцыя электразабеспячэння
  • Баранавіцкая дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў
  • Баранавіцкі грузавы цэнтр транспартнай лагістыкі
  • Баранавіцкі вагонны ўчастак
  • Аддзел матэрыяльна—тэхнічнага забеспячэння
  • Баранавіцкая дыстанцыя ахоўных лесанасаджэнняў
  • Баранавіцкая база (транспартная)
  • Санаторый «Магістральны»
  • Культурна—спартыўны цэнтр

Даччынае прадпрыемства

  • сельскагаспадарчае рэспубліканскае даччынае унітарнае прадпрыемства «Свіцязь»

Начальнікі Баранавіцкага аддзялення[правіць | правіць зыходнік]

  • Нялідаў Іван Паўлавіч 1946—1951 гг.
  • Сарокін Іван Сцяпанавіч 1951—1953 гг.
  • Сарокін Георгій Мацвеевіч 1953—1955 гг.
  • Белік Аляксандр Нікандравіч 1955—1967 гг.
  • Казлоўскі Адам Прохаравіч 1967—1970 гг.
  • Ільін Анатоль Георгіевіч 1970—1990 гг.
  • Шпак Мікалай Іванавіч 1990—1994 гг.
  • Рахманько Віктар Рыгоравіч 1994—1998 гг.
  • Каладзенка Іван Піліпавіч 1998—2000 гг., 2003—2015 гг.
  • Кургуз Сяргей Іванавіч 2001—2003 гг.
  • Чэпелаў Сяргей Уладзіміравіч 2015—ц.ч.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В.В. Яновская и др. - Минск: “Мастацкая літаратура”, 2012. – 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
  • Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.
  • Малюгин И.Н. Полвека в пути. Барановичскому отделению Белорусской железной дороги 50 лет. Брест, 1996.
  • Юбилейный буклет «55 лет Барановичскому отделению Белорусской железной дороги». Минск, 2001.
  • Юбилейный буклет «1946-2006 Барановичское отделение Белорусской железной дороги 60 лет». Барановичи, 2006.
  • Музей железнодорожной техники Барановичского отделения Белорусской железной дороги. Рекламное издание. Барановичи, 1999.