Брыцалавіцкая пушча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Брыцалавіцкая пушча — лясны масіў у Асіповіцкім і Клічаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Плошча 68 тыс. га. Назва пушчы паходзіць ад вёскі Брыцалавічы.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і ўяўляе сабой лясны масіў, падзелены на тры часткі ракой Бярэзінай і яе прытокам Свіслаччу. Рэльеф тэрыторыі плоска-хвалісты, з ухілам да поўдня, ускладнёны шматлікімі эолавымі дзюнамі і марэнавымі ўзгоркамі.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Аснову гідралагічнай сеткі пушчы складаюць рэкі Бярэзіна і Свіслач са шматлікімі старыцамі і абалонавымі азёрамі. Лясны масіў прарэзаны ручаямі, якія моцна разліваюцца ў паводку і перасыхаюць улетку. Частка масіву застаецца забалочанай на працягу ўсяго цёплага часу года.

Расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

У складзе дрэвавай расліннасці паўночна-заходняй часткі пушчы (левы бераг Свіслачы) пераважаюць ельнікі з прымешкай асіны і грабава-дубовыя лясы. Тут ёсць дзве невялікія дзялянкі верхавых балотаў. Паўднёва-заходнюю частку займаюць старыя шыракалістыя лясы з перавагай дуба і граба і з прымешкай ліпы, клёна, елкі і асіны. Асобныя дзялянкі дуброў і ліпнякоў маюць век больш за 100 гадоў. У абалонах лясных ручаёў растуць чорнаалешнікі. Уздоўж левага берага Бярэзіны працягнуліся старыя дубровы, якія перамяжоўваюцца з забалочанымі алешнікамі. Берагі Свіслачы больш сухія, але тут таксама сустракаюцца фрагменты старых дуброў. Дзюны і марэнавыя ўзгоркі звычайна пакрытыя хваёвымі лясамі.

На тэрыторыі пушчы выяўленыя больш за 750 відаў сасудзістых раслін, 15 з якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны, мнаганожка звычайная, цыбуля медзвядзіная, зубніца клубняносная, плюшч звычайны, званочак шыракалісты, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі, пальчатакарнявік балтыйскі, ядрушка камарнікавая, тайнікі сэрдцападобны і яйцападобны, чараўнік зяленакветкавы, мурожніца высокая, фіялка багнавая, пустапялеснік зялены, асот карэнішчавы.

Жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

У пушчы водзяцца: заяц-бяляк, заяц-русак, дзік, алень, сустракаюцца казуля, лось, лісіца звычайная, воўк, куніца лясная, ласка, гарнастай, вавёрка звычайная. Па берагах рэчак і лясных ручаёў жывуць бабёр рачны і норка амерыканская. З рэдкіх і экалагічна ўразлівых відаў тут сустракаецца барсук. У паўднёва-заходняй частцы ляснога масіву былі выпушчаны і зараз жывуць некалькі зубраў.

Арніталагічная каштоўнасць тэрыторыі вызначаецца, перш за ўсё, наяўнасцю тут такоў і выдатных гнездавых угоддзяў для рэдкага вілу — дупеля. Усяго ў межах ТВП выяўленыя гнездаванні 127 відаў птушак, 17 з якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, 32 аднесены да катэгорый 1—3 Спісу відаў Еўрапейскага Ахоўнага Статуса (SPEC). У іх ліку чорны бусел, малы падорлік, чорны каршун.

Гаспадарчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай формай выкарыстання тэрыторыі з'яўляецца лесагаспадарчая дзейнасць. Пушча выкарыстоўваецца таксама ў паляўнічых мэтах і для рыбнай лоўлі, мясцовае насельніцтва збірае тут ягады і грыбы, пасе жывёлу, нарыхтоўвае дровы і косіць сена.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]