Буда-Кашалёўскі строй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Буда-кашалёўскі строй)

Буда-Кашалёўскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім раёнах. Для яго характэрны разнастайнасць прыёмаў вышыўкі і стрыманасць каларыту.

Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі, завязаны ззаду. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі».

Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі: тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі (калошкай) ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыстатканы з вялікай гронкай кутасоў пояс.

Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульна-нацыянальных відаў і форм не маюць. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівы ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнай распрацоўкай рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі і аблямоўкай, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна чорнай ці белай ніткай у дробныя гафрыраваныя складачкі), якім утвараюцца рэльефныя ўзорыстыя паскі на версе і нізе рукавоў кашулі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]