Навагрудскі строй
Навагрудскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пачатку 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім, Лідскім і Баранавіцкім раёнах.
Жаночае адзенне
[правіць | правіць зыходнік]Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геаметрычны арнамент вышыўкі чырвонымі, чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкаратыўным поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 клінкоў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі.
Мужчынскае адзенне
[правіць | правіць зыходнік]Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі: бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.