Калінкавіцкі строй
Калінкавіцкі строй – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Усходнім Палессі. Бытаваў у XIX – 1-й паловы XX ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім раёнах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных фальбонак, каўнярамі жаночых кашуляў, прыгожымі багата аздобленымі гарсэтамі.
Жаночае адзенне
[правіць | правіць зыходнік]Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор.
Кашулю шылі з трох полак саматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак, падобным да каўняра заходнееўрапейскага свецкага касцюма XVI ст. Аздаблялі кашулю натыканнем (пераборы), вышыўкай на каўняры (процягам, пляцёнкай, крыжыкам, сакаленнем), рукавах (шырокая паласа арнаменту ў верхняй частцы рукава ў адных выпадках рэзка абрывалася, у другіх — паступова пераходзіла ў больш лёгкі, празрысты малюнак), плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін.
Спадніцу-андарак кроілі з чатырох полак саматканага сукна ў вертыкальныя пункцірныя рознаколерныя паскі на сакавіта-малінавым фоне і ў рознаколерныя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку. Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спецыяльна вытканы пояс.
Фартух шылі з дзвюх полак палатна, злучалі іх дэкаратыўным швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў і тонка распрацаваным арнаментам гарызантальных палос.
Гарсэт шылі з тонкага саматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін — шарсцянкі, аксаміту, атласу, саціну чорнага (радзей цёмна-фіялетавага, цёмна-вішнёвага ці сіняга). Кроіўся прыталеным з баскай у форме чатырох кліноў або пышнай фальбоны, зашпіляўся спераду на гаплікі. Крыссё яго абапал засцёжкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі металічнымі і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай.
Традыцыйнымі галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, розныя паводле крою і аздаблення павязкі накшталт маленькіх ручнікоў — скіндачкі. Замужнія жанчыны насілі наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкай, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.
Мужчынскае адзенне
[правіць | правіць зыходнік]Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобную кашулю шылі з белага кружэльнага палатна, аздаблялі паскамі геаметрычнага арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, а таксама скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Калінкавіцкі строй на Вікісховішчы |