Лепельскі строй
Лепельскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Падзвіння. Бытаваў у XIX — пачатку XX ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім раёнах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геаметрычнага арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3-4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух — з 1-2 полак кужэльнага палатна, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лепельскі строй, традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Падзвіння // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1989. — С. 288.
- Лепельский строй // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 4. — С. 449.
- Дамаскіна, Ф. Д. Асаблівасці народнага касцюма Паазер'я (па матэрыялах традыцыйнага жаночага адзенняXIX-пачатку XX стагоддзя) / Ф. Д. Дамаскіна // «Лепельскія чытанні» : (навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 565-годдзю г. Лепеля) / склад. А. У. Стэльмах. — Віцебск, 2004. — С. 31-35.
- Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш]. — Мн., 1999. — С. 605.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Лепельскі строй (Лепельскі р-н)(недаступная спасылка)
- Лепельскі строй(недаступная спасылка)