Брагінскі строй

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Брагінскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ва Усходнім Палессі, пераважна ў паўднёва-ўсходніх раёнах Гомельшчыны. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення (пры адначасовым бытаванні на пачатку 20 ст. форм, што ўзніклі ў розныя гістарычныя перыяды), багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні.

Жаночае адзенне[правіць | правіць зыходнік]

У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным лbaам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з адносна вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах (звычайна ў папярочным кірунку), на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, 8-вугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі (размяшчаліся ў шахматным парадку па ўсім рукаве), ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе белымі, вохрыстымі, зялёнымі, сінімі, чорнымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкаратыўным поясам; андарак, які насілі з кашуляй, аздобленай у падоле, падтыкалі пад пояс. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (з цёмных, часта чырвоных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі, штапам), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі парцянька, суконная чорная з дэкаратыўнымі махрамі — апінатка, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі (кружкі, пляцёнкі, лучкі, лавачкі), вышытыя разнаколерным бісерам.

Мужчынскае адзенне[правіць | правіць зыходнік]

Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух, казачына, лакальныя назвы таксама чуйка, сканцэрка) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), выразамі, строчкай.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]