Ва

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Ва
(Vāx)
Wa5364.JPG
Агульная колькасць 860000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of the People's Republic of China.svg Кітай — 389000

Flag of Myanmar.svg М’янма — 464000
Flag of Thailand.svg Тайланд — 7000

Мова ва
Рэлігія політэізм, будызм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы моны, кхмеры, горныя кхмеры, палаунг

Ва (саманазва: Vāx) — аўстраазіяцкі народ. Жывуць на памежжы М’янмы, Кітая і Тайланда. Агульная колькасць (2022 г.) — 860 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле паданнямў саміх ва, яны пахзодзяць з пячоры на поўначы М’янмы або з гарбуза, дзірку ў якім прадзёўб верабей. Лічыцца, што ў старажытных кітайскіх крыніцах іх называлі байпу. Назва ва з’явілася ў эпоху Тан. Першапачаткова яны насялялі раўнінныя раёны, дзе займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Але ў XIII ст. былі выціснутыя шанамі ў горы. Каля 500 гадоў таму адбыўся пераход да сельскай гаспадаркі, пачалі будавацца сталыя паселішчы.

Ва разглядаліся суседзямі як суровыя ваяры. Брытанскія каланіяльныя ўлады Бірмы паведамлялі, што яны займаліся паляваннем за галавамі ворагаў і прыносілі чалавечыя ахвярапрынашэнні. Брытанскія і кітайскія чыноўнікі часова з'явіліся на тэрыторыі, населенай ва, толькі ў 19351936 гг. у сувязі з дэмаркацыяй дзяржаўнай мяжы. У 1930-я гг. пратэстанцкія місіянеры распрацавалі пісьмовасць на мове ва на аснове лацінкі.

Пасля II Сусветнай вайны горныя раёны ва былі заняты ўзброенымі атрадамі Гаміньдана. Акрамя таго, былі створаны ўзброеныя сілы мясцовых правадыроў. У 1963 г. Народна-вызваленчая армія Кітая ўзяла пад кантроль землі на сваёй частке тэрыторый, з 1968 г. вяла ваенныя дзеянні супраць Гаміньдана ў Бірме. Для заахвочвання мясцовых правадыроў кітайскія ваенныя забяспечвалі іх сучаснай зброяй. У 1989 г. была створана Аб’яднаная армія дзяржавы ва, якая заняла 35000 км² уздоўж мяжы з Кітаем і Тайландам. У 2009 г. на гэтых землях былі створаны дзяржаўныя органы, непрызнаныя з боку ўрада М’янмы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны занятак ва — сельская гаспадарка. Галоўная сельскагаспадарчая культура — рыс. У кожнай гаспадарцы ёсць буйвалы і куры. У лясных раёнах распаўсюджана збіральніцтва. Паўсядзённая ежа складаецца з рысу, сорга, грэчкі і бабовых, якія запраўляюць булёнам і вострым перцам. Ва ўжываюць усе віды мяса, казурак, вусеняў, чарвякоў, мурашыныя яйкі. Любімыя напоі — густая горкая гарбата і рысавае віно. У вольны час жуюць бетэль. У мінулым вырошчвалі мак і спажывалі опіум.

Ва любяць апранаць даматканую вопратку. Мужчыны носяць кароткія чорныя паліто без каўняра і свабодныя штаны, на галаве — цюрбан. Строй дапаўняюць мяшок на руцэ і нож на поясе. Правадыры вёсак абмотваюць галаву кавалкам чырвонай тканіны, нашываюць на вопратку святыя выявы сонца, месяца, зорак, цмокаў, бычыных галоў. Жанчыны аддаюць перавагу кароткім чорным курткам без каўняра, што ледзь дасягаюць верхняй частцы жывата, і спадніцам з чырвонымі і чорнымі палоскамі.

Мужчыны ўпрыгожваюць сябе завушніцамі, бранзалетамі, каралямі, у многіх ёсць татуіроўкі. Жаночыя ўпрыгожванні больш разнастайныя: масіўныя завушніцы, срэбныя каралі, нажныя бранзалеты, вушныя трубкі і г. д.

Ва жывуць кампактнымі супольнасцямі ў вёсках, кожная з якіх складаецца з дзясяткаў або нават сотняў гаспадарак. Двухпавярховыя хаціны будуюць на схілах гор або вяршынях пагоркаў з бамбука і крыюць саломай. У будаўніцтве ўдзельнічае ўся вёска, таму з'яўленне новага жытла займае мала часу. Верхні паверх прызначаны для людзей, а ніжні — для свойскай жывёлы.

Ва могуць пахваліцца багатым і маляўнічым фальклорам, яркімі міфамі, кранальнымі вершамі, казкамі і легендамі, якія апяваюць дабро і справядлівасць, асуджаюць вераломства і крывадушнасць. Народныя святы працягваюцца некалькі дзён і начэй, суправаджаюцца танцамі і спевамі. Найбольш вядомыя танцы: танец з барабанамі, танец з мячом, танец слановай нагі і танец на тычцы. Драўляны барабан лічыцца свяшчэннай прыладай, симвалам дабрабыту. Ва выразаюць драўляныя скульптуры, малююць на камянях.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова ва належыць да мон-кхмерскай групы моў. Пісьмовасць на аснове лацінкі з'явілася ў 1930-я гг. У нашы дні выкарыстоўваюць некалькі варыянтаў алфавітаў.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Народ ва шануе прыроду, верыць, што ва ўсіх гор, рэк і іншых прыродных аб'ектаў ёсць свае багі. Найбольш важныя з іх Муіджы (стваральнік сусвету, адказны за жыццё і смерць), Лі (бог сонца), Лунь (бог месяца), Пэн (бог раслін), Нэн (бог жывёл), Ню (бог паветра), А-ён ( бог вады). Прывідаў і духаў звязваюць з продкамі. Прыняты ахвярапрынашэнні, прычым у мінулым у ахвяру прыносілі нават людзей.

У XX стагоддзі дзякуючы місіянерам распаўсюдзіліся чань-будызм і пратэстантызм. Так, у наш час каля 19% ва ў Кітаі вызнаюць хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]