Перайсці да зместу

Вайна Басін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вайна Басін
Самураі клана Сімадзу з княства Сацума, якія змагаліся на баку імператара ў перыяд Войны Басін (фатаграфія Фелікса Беата).
Самураі клана Сімадзу з княства Сацума, якія змагаліся на баку імператара ў перыяд Войны Басін (фатаграфія Фелікса Беата).
Дата 18681869
Месца Японскія астравы, Японскае мора
Вынік Рэстаўрацыя прамога імператарскага кіравання, ліквідацыя сёгуната Такугавы
Праціўнікі
Праімператарскія сілы:

Сацума-хан
Цёсю-хан
Тоса-хан
Хірасіма-хан
Сага-хан

Прыхільнікі сёгуна:

Айдзу-хан
Паўночны саюз
Рэспубліка Эдзо

Камандуючыя
Арысугава Тарухіта,
Сайго Такаморы і інш.
Такугава Ёсінобу,
Энамота Такэакі і інш.
Страты
~1 000[1] ~3 000[1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вайна Басін (яп.: 戊辰戦争, літаральна «Вайна года Цмока», 18681869) — грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі Сёгуната Такугава і праімператарскімі сіламі ў Японіі. Скончылася паражэннем сіл сёгуната, што прывяло да Рэстаўрацыі Мэйдзі.

Вайна стала следствам шэрагу сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай бязладзіцы, якія спасціглі Японію ў першай палове XIX стагоддзя, што стала прычынай падзення папулярнасці сёгунскага ўрада і росту прыхільнікаў рэстаўрацыі прамога імператарскага кіравання.

3 студзеня 1868 года імператар Мэйдзі абвясціў рэстаўрацыю ўсёй поўнасці імператарскай улады. Праз сем дзён, пасля таго, як сёгун Такугава Ёсінобу абвясціў пра тое, што імператарская дэкларацыя «незаконная», пачалася вайна. Войскі Ёсінобу атакавалі Кіёта, рэзідэнцыю імператара. Нягледзячы на суадносіны сіл 3:1 і дапамогу французскіх ваенных саветнікаў, першая значная бітва каля Тобы і Фусімі прывяла да паражэння 15-тысячнай арміі сёгуна, і Ёсінобу быў вымушаны бегчы ў Эда. Сайго Такаморы павёў пераможную імператарскую армію на паўночны ўсход Японіі, што прывяло да капітуляцыі Эда ў маі 1868.

Пасля таго, як Ёсінобу капітуляваў, большая частка Японіі прызнала імператарскае кіраванне, але ядро прыхільнікаў сёгуната, ўзначаленых кланам Айдзу, працягвала супраціўленне. Пасля зацяжной бітвы, якая доўжылася месяц, клан Айдзу нарэшце прызнаў сваё паражэнне 23 верасня 1868, З гэтай аблогай звязаны трагічны інцыдэнт — самагубства членаў Бякатай («Атрад белага тыгра»), групы маладых самураяў (пераважна падлеткаў), які здзяйснілі харакіры на вяршыні ўзгорка пасля таго, як дым, які ўзнімаўся ад замка, памылкова пераканаў іх у тым, што галоўная крэпасць Айдзу пала. Праз месяц Эда быў пераназваны ў Токіа і пачалася эпоха Мэйдзі.

У фінальнай стадыі вайны адмірал флоту сёгуната, Энамота Такэакі, з рэшткамі флоту і некалькімі французскімі саветнікамі бег на востраў Хакайда і арганізаваў там рэспубліку Эдзо, абвясціўшы сябе прэзідэнтам, але ў маі 1869 года быў разгромлены войскамі імператара, пасля чаго вайна была скончана.

У арміях абодвух бакоў удзельнічала каля 120 000 чалавек. З іх загінула каля 4 000 чал.[1].

Пасля перамогі Імператарскі ўрад адмовіўся ад палітыкі ізаляцыі ад Захаду і накіраваў свае высілкі на мадэрнізацыю і вестэрнізацыю Японіі. Многія з былых лідараў сёгуната былі памілаваны і занялі ўрадавыя пасады.

Былы сёгун Ёсінобу быў пасаджаны пад хатні арышт. Аднак у 1872 годзе быў вызвалены і яму была вернута частка прывілеяў. У 1902 годзе Такугава Ёсінобу атрымаў тытул герцага, але пасля ліквідацыі сёгуната ён страціў цікавасць да палітыкі і цалкам адышоў ад удзелу ў грамадскім жыцці.

Пад уплывам японскай манархічна-нацыяналістычнай гістарыяграфіі XIXXX стагоддзяў вайна Басін ідэалізуецца ў японскім мастацтве, літаратуры і кіно.

  1. а б в Hagiwara, Koichi. Illustrated life of Saigo Takamori and Okubo Toshimichi. стар. 50