Перайсці да зместу

Ваўкавыскія хваляванні навабранцаў і салдат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваўкавыскія хваляванні навабранцаў і салдат — адбыліся ў студзені 1905 г. у Ваўкавыску. Прычынай паслужылі незадаволенасць злоўжываннямі пры мабілізацыі і пратэст супраць магчымай адпраўкі на руска-японскую вайну.

Непасрэднай падставай ддя хваляванняў былі дрэнныя ўмовы ўтрымання 2,5 тыс. прызыўнікоў у гарадскім гарнізоне: няякаснае і мізэрнае харчаванне, адсутнасць спальных прыналежнасцей, недастатковае забеспячэнне абмундзіравання. Пад уплывам рэвалюцыйнай агітацыі прадстаўнікоў Беластоцкай арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) сярод прызыўной моладзі ўзмацніўся бунтарскі настрой. Абураныя дзеяннямі інтэнданцкага начальства і махінацыямі гандляроў — пастаўшчыкоў прадуктаў і абмундзіравання, 300 навабранцаў і сялян, што прыехалі на кірмаш, 11 студзеня разграмілі 2 харчовыя і 3 вінныя крамы, разагналі паліцыю. Супраць паўстанцаў былі выкарыстаны вайсковыя сілы. Ва ўзброенай сутычцы 3 паўстанцы і гарадавы атрымалі раненні. У той жа дзень выступленне было задушана, найбольш актыўныя яго ўдзельнікі арыштаваны. Адкрытае спачуванне прызыўнікам выказалі салдаты 3-й роты 118-га запаснога батальёна, які дыслацыраваўся ў Ваўкавыску. 13 студзеня яны адмовіліся пайсці на вучэнне і, пагражаючы новым выступленнем, запатрабавалі вызваліць арыштаваных. Улады дадаткова ўвялі ў горад роты 64-га Казанскага пяхотнага палка. 50 салдат былі арыштаваны, пасля чаго хвалявані спыніліся.

Зноскі