Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 года
Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 года (таксама сустракаецца назва «другое слуцкае паўстанне»[1]) — сутыкненні жыхароў Слуцку з войскамі МУС падчас спробы няўдалага самасуду над крымінальнымі абвінавачанымі.
Хваляванні ў Слуцку, як адзначае гісторык Захар Шыбека, былі стыхійным праяўленнем незадаволенасці камуністычнай уладай[1].
Падзеі
[правіць | правіць зыходнік]9 красавіка 1967 года загадчык аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама Генадзь Гапановіч і яго сваяк Леанід Сыцько выганялі з пад’езда свайго дома п’янага рабочага Аляксандра Нікалаеўскага і нанеслі яму цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр[2].
Калі 10 кастрычніка 1967 года ў Слуцку пачаўся суд на Гапановічам і Сыцько, ля будынка суда сабраўся натоўп, які патрабаваў смяротнага пакарання для камуніста-чыноўніка, які забіў простага рабочага. 11 кастрычніка натоўп пачаў патрабаваць выдаць ім забойцу Нікалаеўскага. 12 кастрычніка, калі Гапановіча выводзілі з будынка суда, натоўп паспрабаваў адбіць яго ў міліцыі і расправіцца з ім. У выніку пачалася бойка з войскамі МУС, якія стаялі ў ачапленні.
Паколькі вайскоўцы не былі належным чынам узброены і спрабавалі разагнаць натоўп газам «Чаромха», то людзі, узброеныя палкамі і каменнем, паранілі, па некаторых звестках, каля 80 салдат[3]. Іншыя крыніцы называюць больш сціплыя лічбы: 42 параненыя[4]. Драўляны будынак суда закідалі бутэлькамі з бензінам і падпалілі.
Загінуў адзін афіцэр міліцыі, які альбо сам няўдала выскачыў праз акно, ратуючыся ад полымя, альбо быў выкінуты ўдзельнікамі хваляванняў. Яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі памёр у шпіталі[4]. Жыўцом згарэла суддзя Галіна Аляксеева, што не змагла выбрацца з падпаленага будынку[5]. Пажарныя машыны да пылаючага будынка натоўп не пусціў.
Тым часам Гапановіча міліцыя здолела вывезці ў Мінск.
Расследаванне
[правіць | правіць зыходнік]Расследаваннем трагедыі занялася спецыяльная камісія з прадстаўнікоў кіраўніцтва МУС, КДБ і кампартыі, як рэспубліканскага ўзроўню, так і ўзроўню СССР. Найбольш актыўных удзельнікаў хваляванняў асудзілі на розныя тэрміны турэмнага зняволення (як указвае Захар Шыбека, на тэрмін ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі; усяго арыштавана было 70 чалавек[1]), двух — расстралялі. Пракурор Слуцка і начальнік гарадской міліцыі былі зняты са сваіх пасад[6].
Г. Гапановіч атрымаў некалькі год зняволення і рэшту свайго жыцця пражыў у Баранавічах.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Захар Шыбека. Нарыс гісторыі Беларусі. 1795—2000 // Спадчына. — 2001. — № 5—6. — С. 13.
- ↑ Василий Гедройц. Судья сгорела заживо (руск.)(недаступная спасылка). Белорусская нива (18 сентября 2010 года). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2012. Праверана 17 чэрвеня 2012.
- ↑ Афіцыйны сайт Слуцкага РАЎС Архівавана 4 жніўня 2011.
- ↑ а б Марина Кунявская. Гриф «секретно» не снят // Советская Белоруссия, 9.11.2010. Архівавана 9 чэрвеня 2012.
- ↑ Дачка суддзі, якая жыўцом згарэла ў судзе ў Слуцку ў 1967-м, расказала, як склалася жыццё іх сям’і пасля гучнай трагедыі . Наша Ніва (15 лістапада 2025). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2025. Праверана 6 снежня 2025.
- ↑ Владимир Иванов. Самосуд в Слуцке. Били кольями судью, прокурора, начальника милиции и чиновников городской власти.. kurjer.info (16 апреля 2010).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Згарэў у Слуцку суд народны…(недаступная спасылка) // Народная воля, 22.11.2007, № 185—186.
- Сяргей Жукаў. 35 лет назад в Слуцке сожгли суд // БДГ (руск.)
- Андрэй Махоўскі. Привет жителям города-героя Слуцка (руск.)
- Слуцкий приговор(недаступная спасылка) на АНТ
- Васіль Гедройц. Судья сгорела заживо Архівавана 4 снежня 2012. // Беларуская Ніва (руск.)
- Уладзімір Бычэня. Слуцкая трагедия Архівавана 27 чэрвеня 2012. // Народная газета (руск.)
- Елена Анкудо, Василий Матох. Бунт в БССР Архівавана 30 кастрычніка 2015. // Сайт «Историческая правда» (по материалам сайта belgazeta.by) (руск.)