Віцебскае паўстанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Віцебскае паўстанне (12 лістапада 1623) — выступленне праваслаўных гараджан Віцебска супраць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча.

Падрыхтоўка і прычыны[правіць | правіць зыходнік]

У падрыхтоўцы выступлення ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Галоўнай прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва з боку архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча.

Падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Па сігнале званоў ратушы і праваслаўных цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння былі збіты, маёмасць разрабавана, а архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узброенымі атрадамі. Усе гараджане, у тым ліку члены магістрата былі аб'яўлены саўдзельнікамі. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх праваслаўных цэркваў і адліць з іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстання — палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 78 чалавек, у тым ліку зачыншчык забойства Кунцэвіча Сцёпан Пасіёра былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

Паўстанне ў культуры[правіць | правіць зыходнік]

Пад уплывам У. Стукаліча І. Рэпін збіраўся напісаць гістарычную карціну пра Віцебскае паўстанне 1623 (не здзейснена, захаваўся эскіз «Пропаведзь Кунцэвіча ў Віцебску», (1893)). Уладзімір Караткевіч напісаў п'есу «Званы Віцебска».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мялешка В. І. Віцебскае паўстанне // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1997. — Т. 4. — С. 215.
  • ЭнцВКЛ, Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — С. 123—124. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1. (руск.)