Магілёўскае паўстанне (1661)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Магілёўскае паўстанне — паўстанне, адбылося 11 лютага 1661 ў Магілёве у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

3 верасня 1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска[1]. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу. Хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Значны канфлікт адбыўся 11 верасня 1655. Ваявода дакладваў цару, што магілёўцы «хотят выбрать без государева указа войта и бурмистров и райцев и лавников». Магілёўцы паслалі дэпутацыі да цара і дамагліся зацвярджэння пажаданых кандыдатур. Аднак канфлікт паглыбляўся, магістрат адмаўляўся выконваць загады ваяводы. Цар, нягледзячы на свае папярэднія абяцанні, санкцыянаваў дзеянні апошняга.

Хутка выбухнуў канфлікт паміж беларускім праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Прызначэнні на магілёўскую кафедру з 1655 рабіліся маскоўскім патрыярхам. Частка апазіцыйнага магілёўскага праваслаўнага духавенства разам з ігуменам Куцеінскага манастыра Іаілем Труцэвічам была выслана ў глыб Расіі. Кнігі, начынне, друкарню і настаўнікаў Магілёўскай брацкай школы таксама вывезлі ў Расію. Казакі і маскоўскія служылыя людзі ўчынілі рабункі. Мяшчане распрацавалі план паўстання, паводле якога усе гаспадары, у чыіх хатах стаялі маскоўскія ратнікі, павінны былі выкруціць крэмені з іх стрэльбаў і 20 лютага на заклік бурмістра Іосіфа Івановіча пачаць паўстанне[2].

Паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

Аднак масавае агульнагарадское паўстанне пачалося 11 лютага з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Іосіф Івановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў[2].

Зазваніў ратушны звон, які таксама быў сігналам да пачатку паўстання. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 960 да 7000 чалавек паводле розных крыніц[3][4]) амаль цалкам быў вынішчаны, выратаваліся толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили»[5]. Магілёўцы ўзялі у палон ваявод С.С. Гарчакова, М.А. Палуэктава, стралецкага галаву С.І. Чэкіна і іншых афіцэраў. Палонныя былі дастаўлены на сейм у Варшаву пасольствам, у якое ўваходзілі войт Пётр Казановіч і бурмістры Васіль Леашкевіч і Іосіф Івановіч-Пара[6]. Найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёў зноў атрымаў магдэбургскае права і быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гарадскі герб.

Месца пахавання[правіць | правіць зыходнік]

Частку забітых маскоўцаў пахавалі на Самусёвай гары (сучасная пл. Арджанікідзэ, у выніку чаго гэта мясцовасць да сярэдзіны XX стагоддзя насіла назву «Касцярня»), частку ля шпіталя Пакроўскай царквы, астатніх, дзе можна было[7]. На Самусёвай гары і ля Пакроўскага шпіталя былі ўсталяваны крыжы[8].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 2018 года жыхары горада склалі петыцыю ў Магілёўскі гарвыканкам з прапановай усталяваць памятную дошку аб паўстанні 1661 года на гарадской ратушы, што «будзе спрыяць росту патрыятызму і гонару магілёўцаў, а таксама патрыятычнаму выхаванню новага пакалення». Гарвыканкам адказаў на гэта, што прапанова «гістарычна неабгрунтаваная», бо ратуша, пра якую вядзецца гаворка, не мае непасрэднага дачынення да сучаснай ратушы, акрамя агульнай пераемнасці — колішняя драўляная ратуша згарэла ў 1664 годзе і размяшчалася на іншым на месцы (на месцы дома № 8 па вуліцы Першамайскай)[9].

У мастацкай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 14. 1654—1655 (Дополнение к Т. 3). СПб., 1889.
  2. 2,0 2,1 ЭнцВКЛ. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. (2-е выд., 2007. — ISBN 978-985-11-0394-8)
  3. Путешествіе въ Московію барона Августина Майерберга и Горація Вильгельма Кальвуччи, пословъ Августѣйшега Римскаго Императора Леопольда къ Царю и Великому Князю Алексѣю Михайловичу въ 1661 году, описанное самимъ барономъ Майербергомъ. М., 1874.
  4. Живописная Россия — отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Т.3. — М. — СПб.:Тов. М. О. Вольф, 1882.
  5. Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук / Под ред. Н. А. опова, Д. Я. Самоквасова. Т. 3. — СПб., 1901. — С. 324
  6. Беларускі архіў. Т. 1. Матэрыялы i дакументы да гiсторыi Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы (XVI—XVII ст.) / Склад. З. Даўгяла. — Мінск : Інстытут беларускай культуры, 1927. — 268 с.
  7. Полное собрание русских летописей. Т.35. Летописи белорусско-литовские / Сост. и автор предисл. Н.Н. Улащик. М., Наука. 1980. — С. 306
  8. Хроника белорусского города Могилева / Переведена с польского подлинника и снабжена предисловием, примечаниями и приложением Н. Гортынским. — М., 1887.
  9. Магілёўскія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць паўстаньня 1661 году, бо «ратуша ўжо ня тая»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. — СПб., 1889. — Т. 14. — 10 000 экз.
  • Беларускі архіў. — Мн., 1927. — Т. 1. — 10 000 экз.
  • Полное собрание русских летописей. — М., 1980. — Т. 35. — 10 000 экз.
  • Бацюкоў, А. На магіле маскоўскіў стральцоў // Наша гісторыя, №3, 2018, с.48-52. ISBN 2617-2305