Веліжскае паўстанне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Веліжскае паўстанне — антысавецкае паўстанне, якое адбылося ў лістападзе 1918 года ў Веліжскім павеце Віцебскай губерні, большую частку Парэцкага і Бельскага паветаў Смаленскай і часткова Віцебскі павет Віцебскай губерні.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1918 г. Усерасійская надзвычайная камісія(руск.) бел. (ВЧК РСФСР) расстраляла ў Вележы 3 беларусаў і 2 немцаў (агранома Шаганава, кажамяку Крупскага, гандляра Турыка, натарыуса Нормана і тэхніка Бранта). Шосты, літовец ксёндз Петрапаўлаўскага касцёла Будрыс, паводле сцверджанняў ВЧК уцёк, і яны асудзілі яго да расстрэлу завочна. [1] Паводле ВЧК гэтыя 6 чал. падрыхтоўвалі «контрреволюционный мятеж» супраць «власти рабочих и крестьян» і з'яўляліся яго штабам.

Прычыны і падзеі[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку лістапада 1918 г. у Вележы пачалася мабілізацыя сярод сялян у Чырвоную армію. 10 лістапада 1918 г., калі скончылася урачыстае святкаванне першай гадавіны Кастрычніцкага перавароту, павятовы ваенны камісар абвясціў мабілізаваным, што заўтра яны накіроўваюцца на фронт супраць чэхаславакаў. Пасля гэтага ўсе мабілізаваныя і мясцовыя жыхары выйшлі на Рынкавую плошчу, і перад будынкам павятовага выканкома патрабавалі адмены харчпадатка і ліквідацыі голаду ў павеце. Мабілізаваныя пачалі арыштоўваць і саджаць у турмы усіх павятовых дзяржаўных і партыйных функцыянераў. Таксама яны падпалілі дом-камуну, дзе размясціліся «адказныя работнікі партыі і ўрада».

Бальшавікі ў свой час абвясцілі горад і павет на ваенным становішчы, а тым самым выканком стаў рэўкамам. Начальнік ЧК Мусаеў (праз два дні забіты гімназістам-паўстанцам Лаймінгам) і ягоны памочнік Хадакоў (застрэлены праз год гімназістам-партызанам Таварасам) адразу пачалі фарміраваць роту ЧК.

15 лістапада 1918 г. Віцебская ГубЧК атрымала ад веліжскага ЧК тэлеграму:

" У Веліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У самым горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся з мяцежнікамі, але спяшайцеся на дапамогу "

Большасць паўстанцаў не мелі ўзбраення. Мясцовае насельніцтва і мабілізаваныя сяляне былі ўзброены віламі, косамі, рагацінамі, шворанамі. Толькі ў некалькіх сотняў мясцовых паляўнічых былі рознакалібровыя стрэльбы. Нешматлікія былыя жаўнеры Першай сусветнай вайны мелі трохлінейные вінтоўкі з абмежаванай колькасцю патронаў.

18 лістапада паўстанцы падышлі да Семічоўскага Бора (7 км ад Веліжу) і размясціліся на 60 кв. км. Пасля гэтага рэком змяніў ваеннае становішча ў горадзе на абложнае. У гэты-ж дзень у Веліж прыбыў батальён Віцебскага ГубЧК (складаўся з латышоў) які адразу быў накіраваны ў Семічоўскі Бор, дзе ў гэты час ужо ішоў бой паміж ротай веліжскага ЧК і паўстанцамі. У тыл паўстанцаў бальшавікі накіравалі з Невелю і Усвят т. зв. «інтэрнацыянальную брыгаду» (складалася з латышоў і кітайцаў), а са станцыі Заходняя дзвіна ў напрамку да Ільіна — роту курсантаў Цвярской партшколы. У ходзе боя ў Семічоўскім Бары, паўстанцы разграмілі веліжскую роту ЧК, аднак пацярпелі паразу ад батальёна Віцебскага ГубЧК.

У ноч з 18 на 19 лістапада невялікі конны аддзел паўстанцаў, абмінуўшы Семічоўскі Бор і бальшавіцкія кардоны на ўскраіне Веліжу, прарваўся ў горад. Аддзел зрабіў спробу акружыць турму, аднак ацалелыя салдаты роты веліжскага ЧК поўнасцю разбілі яго.

Паўстанне дайшло і да сяла Глазамічы, дзе 20-гадовы айцец Васіль Лузгін адправіў малебен, у якім звярнуўся да жанчын з кароткім словам:

" Ня трэба плакаць. У матак і жжонак ня хопіць слёз, калі бальшавікі паняволяць нашую Беларусь! Градзе чорная ноч... Можа мы пераможам, можа не, але лепш памерці ў чэсным баі за веру і Бацькаўшчыну, чым жыўцом гніць у турмах "

[2]

У паўстанні ўдзельнічалі настаўнікі, святары, гімназісты, сяляне, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай воласці. Пачалося 11 лістапада ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 лістапада паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак А.Хахлова, колькасць узброеных сялян дасягала 1000 чалавек. Падаўлена 23 лістапада, але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925 года.

Арганізатары[правіць | правіць зыходнік]

Браты Бараняты, браты І. і П.Нілёнкі, афіцэры А.Жыгалаў і К.Жыгалаў, мясцовыя святары.

Вынік[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1918 г. ў Віцебску былі расстраляны члены Віцебскага Саюза беларускага народа, прэзідыума Віцебскага саюза праваслаўных парафій — доктар Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі, Стукаліч.[3]

Потым на ўскраіне Веліжа ў т. зв. Пакроўскім полі спачатку выязная тройка Віцебскага ГубЧК, потым Рэўтрыбунал 15-й арміі і ўрэшце штаб экспедыцыйна-карнага аддзелу (ЭКА) прысудзілі паўстанцаў да расстрэлу (каваль Міхал Кавенскі, аснач Іван Галабурда, настаўнік Сымон Панцырны, каменячос Петр Калінкевіч, афіцэр Аляксей Пятрушка, ганчар Стэська Шманцар, хлебароб Хведар Наўмёнак і інш.)

У жніўні 1941 г. на Пакроўскім полі, на старым крывіцкім кургане, які знаходзіцца паміж брацкімі магіламі паўстанцаў, быў пастаўлены 3-метровы металічны крыж (належаў касцёлу Петра і Паўла). На ім была прымацавана дошка з надпісам

" Тут ляжаць бальшавікамі па-зьвярынаму забітыя і бяз трунаў акапаныя блізу тысячы чыноў беларускага народу. Яны загінулі ў змаганьні за нашыя шчасьце і волю. Вечная ім слава! "

А у нізе над надпісам славянскай вязью было выведзена евангельскае выслоўе:

" Няма большае любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх (Іаан, 15, 13) "

16 лютага 1942 г. помнік апынуўся на тэрыторыі занятай 1-м Прыбалтыйскім фронтам. У гэты дзень салдаты Чырвонай арміі павалілі крыж-помнік і рассралялі айца Паўла Савіцкага, які служыў тут агульную прачулую паніхіду.[4]

Аб паўстанні і паўстанцах[правіць | правіць зыходнік]

У СССР гісторыкі практычна не надавалі ўвагі даследаванням антыбальшавіцкіх паўстанняў. Адным з першых артыкулаў аб Веліжскім паўстанні напісаў Алесь Сіпка «Міф аб Веліжскім паўстанні» (газета «За вяртанне на радзіму», № 43, 1959). Аўтар сцвярджае, што ён судзіў паўстанцаў як падсудак выязной сэсіі Пскоўскага Губсуда, што ўжо выклікае недавер да зместу тэкста, так як судзілі іх выязныя тройкі Віцебскага ГубЧК і Рэштрыбунал 15-й арміі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 478 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0. // С.67, Н. І. Стужынская

Зноскі

  1. Віцьбіч, Ю. Дзе мой Паўлюк? // Шыпшына. — 1947. — № 4. — С. 15 — 17.
  2. Віцьбіч, Ю. Во блаженном успении вечный покой… // Звіняць званы Сявтой Сафіі. — 1946. — № 6. — С. 7 — 8.
  3. Кастрычнік на Беларусі: Зб. арт. і дакументаў: Матэрыялы да гісторыі Кастр. рэвалюцыі на Беларусі / Каміс. ЦВК БССР па адзначэнні 10-годдзя Кастр. рэвалюцыі і Гістпарту ЦК КП(б)Б. Вып.1 / Склад. С.Агурскі. — Мн., 1927. — 487 с. — С. 109.
  4. Віцьбіч, Ю. Дзе мой Паўлюк? // Шыпшына. — 1947. — № 4. — С. 15 — 17.