Барысаўскі галодны бунт (1932)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Барысаўскі галодны бунт (79 красавіка 1932 года) — антысавецкі выступ рабочых Барысава.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вынікам абвесткі 5 красавіка 1932 года пра змяншэнне нормаў на хлеб і зняцця з забеспячэння дзяцей рабочых і служачых 3-й катэгорыі 7 красавіка ў Барысаве адбыўся стыхійны мітынг. Праз два дні намеснік паўнамоцнага прадстаўніка (ПП) АДПУ па БССР Дукельскі і загадчык сакрэтна-палітычнага аддзела ПП АДПУ па БССР Зубрыцкі паведамлялі: «7-го апреля как в самом городе, так и в пригороде Ново-Борисов последовали массовые выступления преимущественно женщин, в результате чего была разгромлена хлебная лавка и расхвачен хлеб из двух повозок, следовавших к хлебным магазинам. Со стороны наводнивших улицы толп женщин и частично мужчин количеством от 300 до 500 человек раздавались антисоветские выкрики и призывы[1] вроде: „Бей всех советских бл…дей“[2]».

Гарадскія чыноўнікі страцілі кантроль над горадам. Міліцыянты спачувальна адносіліся да пратэстуючых. Некаторыя чыноўнікі паўцякалі[1].

Пратэстуючыя неаднаразова звярталіся па паратунак да ваенных. У Барысаве стаялі 7-ы конна-артылерыйскі і 4-ы стралковы палкі. Пад час бойкі з міліцыяй працоўныя крычалі ваенным: «Бараніце рабочых, ім не даюць хлеба, саджаюць у турму»[2].

Пад канец для найбольш актыўных пратэстуючых арыштавалі. У ночы, хлеб быў развезены па крамах. 8 красавіка хваляванні і рабаванні хлебных крамаў аднавіліся. Працоўныя шэрагу прадпрыемстваў не вышлі на працу. Пад час выступу сакратара Барысаўскага райкама Тамашэўскага, абураныя жанчыны выкрквалі: «Чаму нашым дзецям не даюць хлеба, чым яны горш за іншых?!», «Чаму забяспечваецца Чырвоная Армія, жонкі камсастава, якія нічога не робяць?!», «Згубілі нас!» і г. д. Падчас прамовы Тамашэўскага адзін з рабочых заклікаў натоўп збіць яго, але быў арыштаваны. Людзі патрабавалі яго вызвалення, але гэта не было зроблена[2].

У той самы дзень барысаўскім рабочым на цэхавых сходах было абвешчана, што дзеці аднаўляюцца на цэнтралізаваным забеспячэнні і будуць атрымліваць 200 грам хлеба.

9 красавіка каля хлебных крамаў ізноў збіраліся натоўпы, пераважна з жанчын. Аднак колькасць выступоўцаў зменшвалася. Каля крамаў увесь час дзяжурылі міліцыянты і дружыннікі-камуністы. было зафіксавана толькі тры спробы расхопу хлеба. 10 красавіка выступы сціхлі.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Пытанне аб колькасці людзей, рэпрэсаваных за ўдзел у барысаўскіх хваляваннях, застаецца невысветленым. Працу па выяўленню завадатараў і найбольш актыўных удзельнікаў выступленняў ДПУ пачало адразу. У дакладной запісцы ДПУ ўказана колькасць жыхароў Барысава, якіх планавалася арыштаваць у ноч з 9 на 10 красавіка – 54 чалавека, у тым ліку трое дзяцей. Пераважную большасць складалі так званыя былыя жандары, афіцэры, памешчыкі, дваране і г.д. Колькі людзей было арыштавана непасрэдна пад час хваляванняў 7 — 9 красавіка 1932 г. – невядома. У палітыка-эканамічным аглядзе Барысаўскага раёна па стану на 1940 год ёсць наступныя звесткі: «У 1932 г. у горадзе Барысаве была ўскрыта і ліквідаваная к/р група, якая, скарыстаўшыся часовымі цяжкасцямі, спрабавала выклікаць беспарадкі ў горадзе Барысаве. У склад к/р групы ўваходзілі: адзін был. памешчык, 5 был. паліцэйскіх, 1 поп, 2 кулака, 3 гандляра, іншых 5, а ўсяго 17 чалавек».

Бунты паўтарыліся праз год: як пісаў гісторык Юрка Віцьбіч, 3 мая 1933 г., натоўп барысаўскіх жанчын разам з дзецьмі рушыў да прадуктовых складоў, частка складоў была разрабаваная. Супрацоўнікі НКВД паспрабавалі спыніць жанчын, але ім гэтага не ўдалося — жанчыны рушылі да запалкавай фабрыкі, каб выклікаць на вуліцу сваіх мужчынаў.

Паводле гісторыка Юркі Віцьбіча, у выніку бунтаў каля 1400 барысаўцаў былі арыштаваныя, дзвесьце з іх былі расстраляныя адразу, іншыя былі высланыя ў сталінскія канцлагеры і ніводзін з высланых дадому не вярнуўся. Расстрэлы адбываліся ў мясцовасці, якую барысаўцы называюць «Батарэі». На пачатку 2000-х мясцовыя актывісты ўсталявалі там крыжы ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў, але ў 2008 годзе крыжы спілавалі камунальшчыкі.[3]

Зноскі

  1. а б Уладзімір Давыдоўскі. Галадамор у Беларусі (1932—1934 гг.) // Абажур №3 (72), 2008. С. 53 [1]
  2. а б в Ізноў пра галодны бунт Архівавана 4 сакавіка 2016. на borisov-e.info Архівавана 19 кастрычніка 2010.
  3. https://www.svaboda.org/a/1119337.html Радыё Свабода. Барысаў: на Батарэях знішчылі крыжы

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]