Перайсці да зместу

Плюшавы дэсант

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Плю́шавы дэса́нт» альбо «мядзведзіроўка» — акцыя шведскіх лётчыкаў, якія 4 ліпеня 2012 года вылецелі з аэрадрома ў Пацюнаі (Літва, Каўнаскі раён), перасяклі межы беларускай паветранай прасторы ў раёне Дзіевянішкеса (побач з Шальчынінкаем і Іўем), праляцелі на Івянцом[1] і, па некаторых меркаваннях, ляталі нават над Мінскам[2]. Паводле сведчанняў, яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацачныя мядзведзі з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. Пілоты заяўляюць, што ў выпадку затрымання беларускімі ўладамі яны планавалі знайсці прытулак у пасольстве Швецыі і што ў раёне Мінска іх выклікалі дыспетчары мінскага аэрапорта. У мэтах пілотаў спачатку быў намер скінуць цацкі на рэзідэнцыю прэзідэнта Беларусі, але потым пілоты пабаяліся гэта рабіць[3].

Паводле словаў пілотаў, што прымалі ўдзел у акцыі[4], яны прабылі на тэрыторыі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь прыкладна 1—1,5 гадзіны і без цяжкасцей вярнуліся ў Літву.

Прадстаўнікі ваенна-паветраных сіл Літвы паведамлялі выданню Lietuvos rytas аб факце парушэння паветранай прасторы[5].

Жыхары Івянца сведчаць аб тым, што бачылі пралёт самалёта над пасёлкам і скідванне цацак на зямлю. Таксама некаторыя сведкі інцыдэнту адзначаюць, што мясцовая міліцыя аператыўна сабрала скінутыя на Івянец цацкі[6]. Мясцовыя жыхары баяліся таго, што цацкі могуць быць атручанымі і ўвогуле баяліся рэакцыі ўладаў, якія маглі даведацца пра тое, што жыхары з’яўляліся звычайнымі сведкамі інцыдэнту[7]. Паводле інфармацыі газеты «Наша Ніва», знайшоўся жыхар мікрараёна Сухарава, які здолеў атрымаць адну з цацак, што прызямлілася ў мікрараёне[8].

На фота[9] і відэа[10][11] бачны сведчанні палёту неідэнтыфікаванага самалёта над беларускай мясцовасцю: у відэа бачная частка івянецкага краявіду і панарама аднаго з мікрараёнаў, які некаторыя чытачы беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў ідэнтыфікуюць як мікрараён Малінаўка альбо Сухарава. Іншыя чытачы лічаць інцыдэнт грубай фальсіфікацыяй, зробленай у палітычных мэтах.

Палёт шведскага самалёта над Беларуссю быў неаднаразова параўнаны з пералётам і прызямленнем на Краснай плошчы ў Маскве Маціяса Руста 28 мая 1987 года[12].

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь лічыць факт пранікнення замежнага самалёта ў беларускую паветраную прастору парушэннем яе цэласнасці[13].

КДБ Беларусі арыштаваў Антона Сурапіна — чалавека, які фатаграфаваў плюшавых мядзведзікаў[14].

26 ліпеня 2012 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызнаў факт парушэння мяжы[15], а 31 ліпеня адправіў у адстаўку старшыню беларускага пагранічнага камітэта генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна[16]. Да таго ж Лукашэнка пазбавіў пасады і віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса[17].

7 жніўня фігурантам справы — Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву — прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачванні[18][19][20]. 28 чэрвеня 2013 г. першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка паведаміў аб закрыцці крымінальнай справы аб «плюшавым дэсанце».[21] З А. Сурапіна і С. Башарымава былі знятыя ўсе абвінавачванні.

Зноскі

  1. Жыхары Івянца: Мы бачылі і самалёт, і мядзьведзяў // Радыё Свабода
  2. Новае відэа дэсанту мядзведзікаў: самалёт над Мінскам // Наша Ніва
  3. Швед-«медзведзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу, у Мінску аэрапорт нас выклікаў // Наша Ніва
  4. Swedes launch teddy bear 'assault' on Belarus // The local Sweden news in English (англ.)
  5. У сераду ў Летуве выяўлена парушэньне паветранай прасторы // Радыё Свабода
  6. Жыхары Івянца: Скінутых з самалёта мядзведзікаў сабрала міліцыя // Наша Ніва
  7. Відэа з Івянца: «Англійскай не ведаем. Адно слова зразумелі — мядзведзь» // Наша Ніва
  8. Мядзведзі, якія прызямліліся ў Сухараве — фотафакт // Наша Ніва
  9. Swedish PR firm’s pro-democracy teddy bear drop on Belarus // The local Sweden news in English (англ.)
  10. Teddybear Air Drop Minsk: Plane over the village Ivianiec
  11. Teddybear Air Drop Minsk: Plane over Minsk
  12. Юры Дракахруст. Плюшавая бомба. Радыё Свабода.
  13. Сообщение пресс-службы // В Министерстве обороны Республики Беларусь проводится проверка информации, размещенной рядом Интернет-источников, о якобы имевшем место несанкционированном полете над территорией Беларуси иностранного авиационного средства. (руск.)
  14. Антона Сурапіна ня выпусьцяць // Радыё Свабода
  15. Лукашэнка прызнаў факт палёту шведаў. «Вінаватыя панясуць адказнасць»
  16. Рачкоўскі і Пахмелкін у адстаўцы за плюшавы дэсант
  17. Сяргей Румас больш не віцэ-прэм’ер
  18. Пакуль шведы не прыедуць, будуць сядзець беларусы // Наша Ніва
  19. Выстаўленыя абвінавачаньні ў справе «плюшавага» дэсанту. Радыё Свабода.
  20. Сурапіну і Башарымаву выстаўлены абвінавачанні (дапоўнена). БелаПАН. Архівавана 6 сакавіка 2016.
  21. https://amnesty.org.ru/node/2538/ Архівавана 3 ліпеня 2017. В Беларуси закрыто дело о плюшевом десанте