Магілёўскія паўстанні (1606—1610)

Магілёўскія паўстанні 1606—1610 — выступленні мяшчан Магілёва супраць гарадской рады ў 1606—1610. Падзеі мелі амаль 20-гадовую перадгісторыю незадаволенасці мяшчан злоўжываннямі і хабарніцтвам магістрата.
Першае магілёўскае паўстанне пачалося 20.6.1606 пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча. Пасля ўварвання мяшчан у ратушу (15.7.1606) старая рада была разагнаная і выбраная новая, у складзе якой былі пераважна незаможныя рамеснікі. Новая рада кіравала Магілёвам больш за 2 гады, асаблівую ўвагу звяртаючы на інтарэсы гарадскіх нізоў. Аднак у новай радзе паступова і з дапамогаю ўладаў Рэчы Паспалітай утварыўся раскол, і ў жніўні 1608 частка рады падпісала «ўгодлівы ліст», паводле якога ўлада ў горадзе вярталася да старой рады. Кіраўнік радыкальнага крыла новай рады Хадко Багдановіч быў засуджаны на смерць.
Дзейнасць адноўленага старога магістрату выклікала неаднаразовыя новыя выступленні. Найбольш буйное адбылося ў 1610, калі гарадскія нізы спрабавалі ўзняць узброенае паўстанне, але яно было задушана войскам, а 5 кіраўнікоў былі пакараны смерцю на Іллінскай горцы.
У далейшым, выступленні мяшчан адбываліся таксама ў 1636 і 1638 гадах.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Караткевіч, В. Б. Магілёў / В. Б. Караткевіч, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988]. — С. 44—50.