Брэсцка-Кобрынска-Пружанскія выступленні сялян

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Брэсцка-Кобрынска-Пружанскія выступленні сялян — масавыя выступленні жыхароў мястэчак і вёсак Брэсцкага, Кобрынскага і Пружанскага павета Гродзенскай губерні супраць запрыгоньвання іх пасля далучэння да Расійскай імперыі, якія адбываліся ў першай чвэрці XIX стагоддзя.

Працягваліся (з невялікімі перапынкамі) больш за 20 гадоў, найбольшыя сілы дасягнулі ў 18181823 гадах, калі ў хваляваннях адначасова ўдзельнічала каля 10 тысяч сялян. Местачкоўцы, якія лічылі сябе асабіста свабоднымі, былі абураны тым, што на іх усклалі адработачныя павіннасці, а найлепшыя ворыўныя землі і сенакосы адабралі на карысць памешчыкаў. Адмаўляючыся выконваць павіннасці, сяляне пасылалі скаргі на імя цара, яго намесніка ў Варшаве вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, віленскага генерал-губернатара А. М. Рымскі-Корсакава, але падтрымкі не знаходзілі, што падштурхоўвала іх да больш актыўных дзеянняў. Самай працяглай і наступальнай была барацьба жыхароў мястэчка Мальча Пружанскага павета.

Хваляванне ў Мілейчыцах Брэсцкага павета пачалося ў 1816 годзе, калі сяляне запатрабавалі вызваліць іх з-пад улады памешчыка Клейна. У 1820 годзе яны зноў адмовіліся ад выканання павіннасцей, захапілі на памешчыцкім сенакосе, які лічылі сваім, 50 вазоў сена, збілі аканома і стражніка і ўзялі ў сваё карыстанне 45 маргоў зямлі, а ўлетку 1822 года падпалілі панскі фальварак. Чарговае хваляванне ў Мілейчыцах у 1824 годзе было задушана вайсковай камандай.

Падобныя падзеі адбываліся ў 18191820 гадах у Дзівіне Кобрынскага павета. Сяляне мястэчка Камянец Брэсцкага павета, навакольных вёсак Вугляны, Голы Барок, Жданкі, Камароўшчына, Марцінкі і Чабаны (усе належалі графу Віельгорскаму), а таксама маёнтка Муржын генерал-лейтэнанта Гальберга, выбраўшы сваіх павераных (шляхціца Руберта і мяшчан Пазялеўскага, Ермаловіча і Шарконскага), пачалі ў 1818 годзе судовы працэс за вяртанне ім вольнасцей. Працяглая барацьба гуртавала і ўмацоўвала сялян. У 1820 годзе яны аднадушна адмовіліся ад выканання ўсіх павіннасцей і прысягнулі ў царкве трымацца цвёрда, не падпарадкоўвацца памешчыкам. Па распараджэнні віленскага генерал-губернатара ў Брэсцкі павет было накіравана 5 рот салдат. Многіх сялян пакаралі розгамі, некаторых аддалі пад суд. На памешчыцкія палі выйшлі толькі пад наглядам вайсковых каманд. «Аднаўленне парадку» ў паўднёва-заходніх паветах Гродзенскай губерні адбывалася марудна, апошнія ачагі выступленняў задушаны толькі ў канцы 1820-х гадоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чапко, В. У. Брэсцка-Кобрынска-Пружанскія выступленні сялян / В. У. Чапко //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0. — С. 91.
  • Чепко, В. В. Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине XIX века / В. В. Чепко; АН БССР, Институт истории. — Мн.: Наука и техника, 1972. — 267 с. — С. 127—135.