Марш свабоды ў Мінску (1999)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Марш свабоды ў Мінску (1999)
Дата 17 кастрычніка 1999 (1999-10-17)
Месца Мінск
Прычыны Марш супраць інтэграцыі з Расіяй у падтрымку Незалежнасці
Мэты Спыніць працэс інтэграцыі з Расіяй
Вынік Масавыя сутычкі з міліцыяй, разгон дэманстантаў. Часовае спыненне працэсу інтэграцыі
Бакі канфлікту
Сцяг Беларусі Беларускія ўлады Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Аб’яднаная апазіцыя
Сілы
служачыя МУС дэманстранты
Страты
Параненакаля 50 міліцыянераў і каля 100 дэманстрантаў
Арыштаванакаля 100 дэманстрантаў

Марш свабо́ды — шэсце, якое зладзіла беларуская апазіцыя 17 кастрычніка 1999 года ў Мінску. Мерапрыемства скончылася масавымі сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй і салдатамі ўнутраных войскаў і шматлікімі арыштамі. У розныя моманты шэсця колькасць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысяч чалавек.

Хроніка падзей[правіць | правіць зыходнік]

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

У 1999 годзе стаяла пытанне аб’яднання Беларусі і Расіі. Беларуская апазіцыя вырашыла правесці шэсце ў падтрымку незалежнасці. Ініцыятыва правядзеньня Маршу належала так званай «новай хвалі» лідараў апазіцыі: Лябедзьку, Статкевічу, Вячорку, Данэйку, Бандарэнку[1].

Мінгарвыканкам правядзенне шэсця ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці забараніў, дазволіўшы правесьці толькі мітынг на плошчы Бангалор[2].

Ход шэсця[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікі Марша сабраліся на плошчы Якуба Коласа. Акцыя пачалася з таго, што на плошчы Якуба Коласа амапаўцы забралі ў людзей чорнага казла. На ім было напісана «Лукашэнка», і яго вялі наперадзе калоны[3].

А 13-й гадзіне адсюль у напрамку плошчы Бангалор рушыла калона з 5—7 тысяч чалавек. Міліцыі на іх шляху было мала. Да калоны пачалі далучацца людзі. У кароткім мітынгу на плошчы Бангалор ужо ўдзельнічала каля 20 тысяч чалавек. З плошчы Бангалор калона дэманстрантаў накіравалася ў бок плошчы Незалежнасці, каб занесці туды 25-мятровыя бел-чырвона-белыя сцягі і сцяг Еўропы. Лік удзельнікаў шэсця ўвесь час рос, і да праспэкту Скарыны падыходзіла ўжо калона з 30 тысяч чалавек. Дэманстранты паводзілі сябе прыстойна, спакойна, паварочваючы па прапанове міліцэйскіх кардонаў і не ўступаючы з імі ў канфлікт. Так, міліцыянеры не пусцілі дэманстрантаў у бок плошчы Перамогі, а скіравалі на вуліцу Казлова і далей на Першамайскую.

На вуліцы Змітрака Бядулі нехта кінуў у пад’езд, дзе знаходзілася 34-е паштовае аддзяленне, пэтарду, і пошта загарэлася. Мужчыны з калоны кінуліся ў агонь і загасілі яго, хаця самі атрымалі апёкі[3].

Наступны кардон АМАПа чакаў шэсце на скрыжаванне вуліц Пуліхава і Першамайскай. Амапаўцаў было толькі пара дзясяткаў. Адбылася сутычка, у якой іх змялі і збілі, а шлемы выкінулі за плот холадакамбінату. Адзін з амапаўцаў, якому ў гэтай сутычцы разбілі галаву, страціў прытомнасць, і яму дэманстранты аказалі першую дапамогу, пасля чаго таго на руках вынеслі калегі[3].

Вуліца Першамайская на схіле была перакрыта пустымі УАЗікамі, але людзі не перакульвалі іх, як у 1996 годзе.

Каля маста цераз Свіслач на Першамайскай. Паводле слоў камэнтатараў Беларускага тэлебачання, прэзідэнт увесь час назіраў за разгортваннем падзеяў у цэнтры Мінска і ў тры гадзіны дня аддаў загад спыніць рух калоны[2].

Сутыкненне ў раёне маста цераз Свіслач[правіць | правіць зыходнік]

Уздоўж вуліцы Янкі Купалы, у двары Дзяржцырка, і дварах бліжэйшых дамоў было сканцэнтравана да пяці тысяч супрацоўнікаў міліцыі і салдат унутраных войскаў. Шэсце падышло да кардону, які стаяў на масце цераз Свіслач. Пасля 15-хвілінных перамоваў з амапаўцамі Мікола Статкевіч заклікаў дэманстрантаў вярнуцца на плошчу Якуба Коласа[3]. Калі людзі сталі адыходзіць, АМАПаўцы атакавалі калону і пачалі збіваць, і затрымліваць дэманстрантаў. Людзі пачалі адбівацца дрэўкамі ад сцягоў і камянямі. На месцы падзей праходзілі дарожныя работы і ляжала шмат дарожнай пліткі, якой удзельнікі маршу спрабавалі адбіцца ад міліцыі. Сутыкненне цягнулася каля 40 хвілін[2].

Дэманстранты, сярод якіх былі падрыхтаваныя да процістаяння са спецназам ўдзельнікі «Белага легіёна», адбіўшы першыя атакі, спрабавалі разагнаць у бок радоў АМАПа трамвай, але важаты не пусціў іх да стырна. У адказ міліцыянты кінулі ў бок дэманстрантаў слезацечныя шашкі, але паўночны вецер панёс дым назад на іх[3]. Удзельнікі шэсця адбілі тры атакі МУС і пачалі разбягацца. Пасля гэтага пачаліся масавыя затрыманні. Некаторыя затрыманыя пазней скардзіліся на пабоі ў аўтазаках[3][4]. М. Статкевіч быў арыштаваны ва ўласнай кватэры. Была затрымана і дэпутат Дзярждумы РФ ад сацыял-дэмакратаў Вольга Беклямішава. Супрацоўніка газэты «Навінкі» Міколу Салаўя, які ішоў сярод удзельнікаў Марша ў белым халаце, затрымалі каля ўнівэрмага «Беларусь» і моцна збілі[3].

Праз год супрацоўнік МУС лейтэнант Батурын папрасіў палітычны прытулак у ЗША. Ён расказаў, што ўлада адмыслова рыхтавала правакатараў у цывільным да Маршу Свабоды, каб дыскрэдытаваць апазіцыю і што ён сам быў сярод тых, хто падбухторваў беспарадкі і падпалілі пошту на вуліцы Змітрака Бядулі па шляху шэсця. З яго слоў, у меркаванае месца сутыкненняў дэманстрантаў з сіламі спэцпрызначэння загадзя даставілі паддоны з тратуарнай пліткай, а іншыя шляхі для руху калёны былі перакрытыя[1].

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле папярэдніх звестак, у выніку сутыкненняў пацярпела больш за 50 міліцыянераў і салдат МУС і больш за 100 дэманстрантаў, былі арыштаваны больш за 100 удзельнікаў «Марша Свабоды»[2].

Пасля разгону Марша такіх падзей дэманстрацыяў больш не было да Плошчы 2006 года. З другога боку, пасля Марша скачком выраслі продажы незалежных газет і адбылася палітызацыя часткі моладзі, якая пачала далучацца да апазіцыі[1].

Тым часам працэс інтэграцыі з Расіяй быў прыпынены.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Кроў і таямніцы Маршу Свабоды’99, Наша Ніва, 02.11.2009
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Марш Свабоды, грамадскі вэб-архіў Вытокі
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 Марш да незалежнасьці, Аляксей Шыдлоўскі, «Наша Ніва», 1999, № 27
  4. «Калі нашы прыйдуць да ўлады», Радыё Свабода, 28 студзеня 2014

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]