Вейшнорыя
віртуальная дзяржава | |||||
Вейшнорыя | |||||
---|---|---|---|---|---|
трансліт.: Viejšnoryja руск.: Вейшнория | |||||
|
|||||
Гімн: «Дзяржаўны гімн Вайшнорыі» | |||||
|
|||||
2017 —
|
|||||
Сталіца | Гродна[1] | ||||
Найбуйнейшыя гарады |
Ліда Смаргонь |
||||
Мова(ы) |
беларуская літоўская польская руская |
||||
Рэлігія |
каталіцтва праваслаўе |
||||
Грашовая адзінка | Талер | ||||
Плошча | ≈ 46 103 км²[2] | ||||
Насельніцтва | ≈ 1 488 917 чал.[3] | ||||
Гісторыя | |||||
• 29 жніўня 2017 | Аглашэнне легенды вучэнняў «Захад-2017» | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вейшнорыя (трансліт.: Viejšnoryja, руск.: Вейшнория), або Вайшнорыя — віртуальная дзяржава ,[4][5][6] якая ўзнікла як элемент легенды сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі і выклікала вялікі, пераважна жартоўны, розгалас у Інтэрнэце. Паводле сцэнарыя вучэнняў выдуманая дзяржава займае тэрыторыю большай часткі Гродзенскай вобласці і паўночна-заходніх частак Мінскай і Віцебскай абласцей[7]. Карыстальнікі сеткі Інтэрнэт і журналісты адзначаюць, што мяжа Вейшнорыі ў вялікай ступені супадае з мяжой Польшчы і СССР у 1920—1939 гадах.[8] Таксама заўважана, што «абвешчаная» дзяржава супадае з картай электаральнай падтрымкі Зянона Пазняка падчас выбараў прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе[9]. Акрамя таго, у гэтай частцы Беларусі пражывае больш людзей, якія размаўляюць на беларускай мове, а таксама гэта раёны Беларусі з вялікай доляй каталіцкага насельніцтва.[10][11][12]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Легенда вучэнняў «Захад-2017»
[правіць | правіць зыходнік]Беларуска-расійскія вучэнні мелі статус стратэгічных і мадэлявалі паўнамаштабную вайну.[13]
12 ліпеня 2017 года на форуме АБСЕ ў Вене намеснік кіраўніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка часткова раскрыў сцэнарый правядзення вучэнняў.[14] Паводле легенды на вучэннях «Захад-2017» будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расія) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаў-агрэсараў — Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі).[15]
Паводле карты, Лубенія супадае з так званым «Сувалкскім калідорам», што аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці, гэта значыць ахоплівае тэрыторыю паўночна-ўсходняй часткі Польшчы і паўднёва-заходняй часткі Літвы.[16] Умоўная Весбарыя займае тэрыторыю заходняй Літвы і цэнтральнай Латвіі.[17]
Паводле сцэнарыя, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі і Расіі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там змены кіраўніцтва і, праз усё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя». Пасля чаго «Заходнія» збіраюцца ўвесці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым планам супрацьстаяць[18].
Паходжанне назвы
[правіць | правіць зыходнік]Зацікаўленне Вайшнорыяй спарадзіў артыкул у інтэрнэт-газеце «Наша ніва», у якім назвы, што фігуравалі на вучэннях, былі інтэрпрэтаваны як балцкія адыменныя.
Паводле артыкула, назва «Вейшнорыя» паходзіць ад балцкага двухасноўнага імя Вайшнор (у літоўцаў «Vaišnoras», у сярэднявечных прусаў «Waisnor») — «той, хто ахвотна частуе», г.зн. хлебасольны, а назва «Візбарыя» — ад імя Візбар (у літоўцаў «Visbaras», у прусаў «Wissebar») — «усёпераможны»[19].
На тэрыторыі Беларусі ў Ашмянскім раёне ёсць вёскі Вялікія Вайшнарышкі і Малыя Вайшнарышкі, а ў Мінскім раёне вёска «Ашнарава» на ранейшых картах фігуруе як Вейшнарова. У Літве вядомы вёскі Vaišnoriškė (Уцянскі раён), Vaišnorai (у Шаўляўскім і Янішкаўскім раёнах). У Польшчы ўздоўж мяжы з Калінінградскай вобласцю — Wajsnory i Wajsznory (ранейшы германізаваны варыянт Waysnoren).
У Інтэрнэце сустракаюцца дзве версіі напісання назвы — Вейшнорыя і Вайшнорыя, другая назва лічыцца больш аўтэнтычнай. У літоўскай антрапаніміі засведчаныя варыянты і Vaĩšnoras, і Veĩšnoras (націск на першую аснову ў імені)[20].
Рэакцыя
[правіць | правіць зыходнік]Рэакцыя ў Інтэрнэце
[правіць | правіць зыходнік]Вонкавыя відэафайлы | |
---|---|
EIZVA. Гімн Вайшнорыі / Himn Vaišnoryji |
Вестка пра выдуманую дзяржаву стала віруснай у байнэце, выклікала шматлікія жарты . Беларуская газета «Наша Ніва» прапанавала сваім чытачам прайсці жартоўны тэст на званне сапраўднага вейшнорца.[21]
29 жніўня 2017 года ў Твітэры з’явіўся акаунт «МЗС Вейшнорыі», у якім публікуюць палітычныя заявы ад імя віртуальнай дзяржавы.[22] Паводле акаунта «МЗС Вейшнорыі», гімнам выдуманай дзяржавы з’яўляецца песня «Нямон» гурта «Стары Ольса». Той жа акаунт паведамляе, што афіцыйныя рэзідэнцыі віртуальнай дзяржавы знаходзяцца ў Гродне, парламент і ўрад (акрамя міністэрства культуры) — у Лідзе, а культурнай сталіцай Вейшнорыі з’яўляецца Смаргонь[23].
30 жніўня адкрыты сайт Генеральнага консульства Вейшнорыі, які пачынае прымаць заяўкі на грамадзянства з вырабам «карты вейшнорца». У кастрычніку 2017 года ўсе, хто замовілі карту, атрымалі магчымасць на гэтым жа рэсурсе, прапанаваўшы сваю праграму, балатавацца ў «Сойм Вейшнорыі». Сойм сфармаваны 14 кастрычніка 2017 года па выніках галасавання сярод зарэгістраваных карыстальнікаў і пачаў першую анлайнавую сесію 5 сакавіка 2018 года, прыняў Канстытуцыю Вейшнорыі і шэраг законаў. Афіцыйны сайт Вейшнорыі[A] актыўна выкарыстоўвае як разліковы сродак беларускі крыптаталер і спрыяе яго прасоўванню, а з 23 лютага 2018 года наогул прымае яго пад свой «патранат».[24] Гэта дае падставы разглядаць Вейшнорыю не толькі як мем, падобна Сан-Эскабару, але і як устойлівую кібердзяржаву.
Быў створаны сайт Нацыянальнага банка Вейшнорыі, які праводзіць тэставанне новых манет вартасцю ў 1 талер ў трох варыянтах. Пасля тэставання новыя манеты выйшлі ў варыянтах Гродна, Ліда, Смаргонь. Пазней быў выпушчаны чацвёрты талер з выявай Тадэвуша Касцюшкі.
12 верасня ў Facebook з’явіліся старонкі Генеральнага консульства Вейшнорыі ў Барашах , Адэсе, а пазней — Пасольства Вейшнорыі ва Украіне, якое пазіцыянуе сябе як «афіцыйнае прадстаўніцтва рэспублікі Вейшнорыя ва ўкраінскім сегменце Facebook».
15 верасня гурт «Eizva» выпускае спецыяльна напісаны імі ўрачысты «Гімн Вайшнорыі»[25]. У тэксце музычнага твору, акрамя згадкі Вайшнорыі ў прыпеве, ёсць словы «Стэгрымія, Гімбутыя, Сурмілія — браце на ўсходзе, мы прыйдзем, чакай». Паводле тлумачэнняў саміх музыкаў, гэтыя назвы перапрацаваныя з тапонімаў на Верхнім Пасожжы (паміж Мсціславам і Смаленскам), якія таксама паходзяць ад балцкіх двухасноўных імёнаў, каб надаць ідэі Вайшнорыі экспансіўнасці — насуперак сцісканню пад літоўскую мяжу.
Рэакцыя грамадскасці
[правіць | правіць зыходнік]На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, шэф-рэдактара часопіса «ARCHE Пачатак», назва «Вейшнорыя» можа замацавацца як жартоўная за паўночна-заходняй часткай Беларусі:[26]
Я дык не здзіўлюся, калі за месяц вучэнняў гэтая вар’яцкая «Вейшнорыя» нават і замацуецца для нефармальнага жартаўлівага азначэння рэгіёна Беларусі з перавагай ці значнай доляй у структуры мясцовага насельніцтва каталікоў. Бо раней, здаецца, абагуленай назвы для яго лаканічнага акрэслення ў нас і не існавала. |
Пісьменнік Вінцэсь Мудроў лічыць, што розгалас вакол выдуманай дзяржавы распальвае сепаратысцкія настроі:[27]
Гісторыя з «Вейшнорыяй», якая апанавала інфармацыйную стужку, гэта нішто іншае, як наўмыснае распальваньне сэпаратысцкіх настрояў у краіне. Бо сярод «вейшнорцаў» відавочна знойдуцца тыя, хто ўхопіцца за ідэю адасабленьня згаданай тэрыторыі і стварэньня там незалежнай краіны, вэктар разьвіцьця якой будзе скіраваны на Захад. |
Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут піша:[28]
Вейшнорыя — яшчэ той анекдот, але ёсць штосьці злосна-вычварнае ў тым, з якой лёгкасцю генералы абвесцілі адну частку краіны ворагам іншай часткі... У любым выпадку гэта мне не падабаецца. |
Па словах журналіста і блогера Дзяніса Казанскага, раней у Беларусі не было асобнай назвы для гэтага рэгіёну, які як і Заходняя Украіна, у мінулым знаходзіўся ў складзе Польшчы:[29]
Але чым больш з’яўлялася жартаў, тым больш людзей сталі казаць аб існаванні Вейшнорыі ўсур’ёз. Гэта ж у нас ва Украіне ёсць умоўны «ўкраінскі П’емонт» — Галічына. А ў Беларусі ніякага такога «беларускага П’емонта» не было. Заходнія вобласці раней не вылучалі ў нейкі асаблівы рэгіён і ніякая зборная назва для іх не існавала. А цяпер беларускія і расійскія ваенныя раптам прыдумалі яе, і атрымалі новы сеткавы мем. |
Рэакцыя ўлады
[правіць | правіць зыходнік]У жніўні 2022 года Лідскі раённы суд абвясціў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі Вейшнорыі[30].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Па сутнасці нагадвае сацыяльную сетку, што дазваляе каардынаваць розныя праекты. Станам на пачатак 2018 года было зарэгістравана больш за 13,5 тысяч удзельнікаў.
Зноскі
- ↑ Yana Lyushnevskaya, Alistair Coleman.. Belarus at 'war' with imaginary country of Veyshnoria (англ.). BBC (31 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (руск.)(недаступная спасылка). Государственный комитет по имуществу Республики Беларусь (1 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Численность населения по областям и г. Минску (руск.)(недаступная спасылка). Национальный статистический комитет Республики Беларусь (1 студзеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2017. Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Как придуманное государство стало бизнес-проектом (руск.)(недаступная спасылка). Office Life (8 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 26 красавіка 2018. Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Полина Легина.. Что заставляет белорусов эмигрировать в Вейшнорию и «брать с собой тюрьму» (руск.). dev.by (17 лютага 2018). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Денис Лавникевич.. Как бы страна. Как делается бизнес на Вейшнории (руск.). Деловая Столица (11 ліпеня 2018). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ «Вейшнорыя», «Весбарыя» і «Лубенія» нападаюць на Беларусь і Расію — сцэнар вучэнняў «Захад-2017» . Наша Ніва (29 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Россияне создали в Беларуси новую страну, чтобы освободить ее от сепаратистов. Лукавая история Вейшнории (руск.). Еспресо (31 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ «Варожая Вейшнорыя» супадае з электаральнай картай Пазняка за 1994 год . Наша Ніва (29 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Уявний ворог Білорусі завойовує популярність у соцмережах (укр.). Радіо Свобода (3 верасня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ З Україною не вийшло? У мережі розповіли, як Білорусь розколюють на частини (укр.). Обозреватель (1 верасня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ The Zapad Military Exercise Reveals Putin's Fear (англ.). Bloomberg (15 верасня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Belarusian Twitter users are swearing allegiance to a fictional country invented for Moscow's ‘Zapad 2017’ war-games (англ.). Meduza (31 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Біло-синій прапор, лелека на гербі, столиця у Гродно. Легенда навчань «Запад-2017» про існування країни Вейшнорії породила хвилю мемів (укр.). Гордон (31 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Глава Минобороны Белоруссии: учение «Запад-2017» не направлено против третьих стран (руск.)(недаступная спасылка). ТАСС (17 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2017. Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Під час навчань «Захід-2017» росіяни можуть пробити «коридор» до Калінінградської області, — речник ЗСУ (укр.). Еспресо (31 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ «Ми, незалежні вейшнорцы…» (укр.). Повінь — зміна системи (6 верасня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ На учениях «Запад-2017» противниками России и Беларуси будут «сказочные» страны (руск.). Хвиля (8 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Алесь Мікус.. Вейшнорыя, Весбарыя, Лубенія: што азначаюць назвы ўмоўных ворагаў Беларусі . Наша Ніва (29 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2009. Стар. 155, 158.
- ↑ Ці сапраўдны вы вейшнорац? . Наша Ніва (30 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Країна Вейшнорія завойовує жартівливу популярність в соцмережах (укр.). Вголос (2 верасня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Паблік Марозаў.. «МЗС Вейшнорыі» пачало працу ў інтэрнэце. Гучаць палітычныя заявы і заклікі да мабілізацыі . Наша Ніва (30 жніўня 2017). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ Создатели криптовалюты Талер выходят из проекта (руск.). dev.by (23 лютага 2018). Праверана 8 жніўня 2018.
- ↑ https://www.youtube.com/watch?v=hCukk2cF0bM
- ↑ Аляксандр Пашкевіч — Facebook
- ↑ Vinceś Mudroū — Facebook
- ↑ Andrzej Poczobut — Facebook
- ↑ Как выдуманная Вейшнория стала жить своей собственной жизнью (руск.)(недаступная спасылка). Блог Дениса Казанского (29 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2017. Праверана 31 жніўня 2018.
- ↑ В Беларуси объявили «экстремистскими» соцсети вымышленного государства Вейшнория. Его придумали во время военных учений Беларуси и России (руск.). Meduza (30 жніўня 2022).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вейшнорыя
- Афіцыйны сайт Архівавана 17 сакавіка 2018.
- Афіцыйная старонка Вейшнорыя у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»
- МЗС Вейшнорыі ў сацыяльнай сетцы «Twitter»
- Пасольства Вейшнорыі в Украіне
- Афіцыйнае прадстаўніцтва Вейшнорыі ў Адэсе
- Генеральнае консульства Вейшнорыі ў Барашах
- Нацыянальны банк Вейшнорыі
- Алесь Киркевич. Вейшнория — это Новороссия наоборот (руск.) БелСат
- Война с Вейшнорией: как Белоруссия придумала «страну-агрессора» BBC
- Вейшнория. Нервничать на этот раз нужно белорусам (руск.)
- 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску будуць выдаваць візы Вяйшнорыі Хартыя97
- Жыве Вейшнорыя! (руск.) Пётр и Мазепа
- Не Вейшнория, а Вейшнарь! Байнет смеется в очереди за гражданством Вейшнории Архівавана 2 верасня 2017. (руск.) udf.by
- Viejšnoryja: the Belarusian Defence Ministry plays with fire Архівавана 2 жніўня 2018. (англ.) Belarus Digest