Перайсці да зместу

Ганна Паўліна Ябланоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганна Паўліна Ябланоўская
Anna Paulina Jabłonowska
Помнік Ганне Ябланоўскай, які знаходзіцца ў Сямяцічах.
Помнік Ганне Ябланоўскай, які знаходзіцца ў Сямяцічах.
Герб «Ліс»
Герб «Ліс»
Нараджэнне 22 чэрвеня 1728(1728-06-22)
Смерць 7 лютага 1800(1800-02-07) (71 год)
Месца пахавання
Род Сапегі
Бацька Казімір Леан Сапега[d][1]
Маці Караліна Тэрэза з Радзівілаў[d][1]
Муж Ян Каятан Ябланоўскі[d][1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ганна Паўліна Ябланоўская з Сапегаў (22 чэрвеня 1728 — 7 лютага 1800) — княгіня, ваяводзіха брацлаўская (як жонка Яна Каятана Ябланоўскага), мецэнатка, калекцыянерка, спраўная гаспадыня ў сваіх маёнтках ды аўтарка эканамічных трактатаў.

Была дачкой Караліны Тэрэзы з Радзівілаў ад яе першага шлюбу з Казімірам Львом Сапегай (генералам артылерыі літоўскай). Пасля смерці бацькі (1738) выхоўвалася пад наглядам айчыма — Юзафа Аляксандра Ябланоўскага. У 1750 яна стала жонкай Яна Каятана Ябланоўскага (1699—1764), які з 1754 займаў пасаду ваяводы брацлаўскага.

Была адной з найбольш знакамітых і самых адукаваных жанчын свайго часу. Пасля смерці мужа ў 1764 трыццаціпяцігадовая Ганна Паўліна стала адзінай і паўнапраўнай гаспадыняй шматлікіх маёнткаў, у тым ліку адзінаццаці мястэчак, ста сямі вёсак і дваццаці чатырох фальваркаў. Яна ўцягнулася таксама ў актыўную палітычную дзейнасць, выступіўшы супраць новага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і падтрымаўшы сваімі ўплывамі Барскую канфедэрацыю. За мяжой Ябланоўскую называлі «Мадам дэ Бар» — пані Барскай канфедэрацыі. Княгіня займалася пошукамі грошай, зборам звестак, а таксама спрыяльнай для канфедэратаў дыпламатычнай дзейнасцю пры дварах Венецыі, Рыму, Неапалю, Парыжа ды Амстэрдаму. Пасля падзення канфедэрацыі Ганна Ябланоўская памірылася з каралём і адмовілася ад палітычнай барацьбы. Яна пачала займацца актыўнай грамадскай работай у сваіх вёсках і мястэчках, намагаючыся павысіць духоўную і матэрыяльную культуру сваіх падданых. Ябланоўская замест паншчыны ўвяла ў сваіх маёнтках чынш, ператварыўшы сваіх прыгонных сялян у арандатараў, якія маглі карыстацца зямельнымі надзеламі ўзамен за працэнт ад усяго вырашчанага на арандаванай зямлі. Ябланоўская клапацілася таксама пра паляпшэнне побыту сваіх падданых, яна будавала млыны, вінакурні, невялікія ткацкія фабрыкі і фабрыкі па вытворчасці фаянсу і фарфору.

Ад назваў галоўных маёнткаў Ябланоўскую пачалі называць «пані на Сямяцічах і Коцку». Заняпалыя Сямяцічы пад яе панаваннем пераўтварыліся ў значны гандлёвы і культурны цэнтр. За ўласны кошт Ябланоўская пабудавала тут і ўтрымлівала раддом для сялянак, акушэрскую школу ды багадзельню. Акрамя гэтага, княгіня пабудавала у Сямяцічах ратушу і друкарню. Менавіта ў гэтай друкарні на працягу 1783—1785 гадоў княгіня выдавала напісаны ёю шматтомны эканамічны трактат «Усеагульныя пастановы для кіраўнікоў маіх маёнткаў» (па-польску: Ustawy powszechne dla dóbr moich rządców), які выклікаў вялікую цікавасць у краіне і хутка быў перадрукаваны ў Варшаве.

Ганна Ябланоўская была таксама вядомая як калекцыянерка, якая стварыла ўласны мінералагічны музей (які на той час быў адным з найлепшых у Еўропе) ды мела ў сваёй рэзідэнцыі велізарную калекцыю манет і медалёў. Яе калецыя мінералаў і нумізматыкі была выкуплена рускім вучоным Васілём Міхайлавічам Севяргіным для Маскоўскага ўніверсітэта[2].

  • Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі / Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж — Мінск, 2008. ISBN 978-985-6802-28-0.
  • Записки путешествия по западным провинциям Российского государства или минералогические, хозяйственные и другие примечания, учиненные во время проезда через оные в 1802 г. академиком, коллежским советником ордена св. Анны второго класса кавалером Василием Севергиным. ― Санкт-Петербург, 1803.
  • Wielka encyklopedia Polski. T. 1. — Krakόw, 2004
  • Księżna pani na Kocku i Siemiatyczach / Janina Bergerówna — Lwów, 1936.