Геаграфія Чэхіі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Месцазнаходжанне Чэхіі ў Еўропе
Карта Чэхіі

Тэрыторыя Чэхіі складае 78 866 км² (у т.л. 77 276 км² зямной паверхні і 1 590 км² воднай). Чэхія ляжыць паміж 48° і 51° пн.ш., 12° і 19° у.д., што прыпадае, бадай, на самы цэнтр Еўропы (без Расіі). Агульная працягласць мяжы — 1 880 км. Мяжуе з Польшчай на поўначы (даўжыня мяжы 658 км), Германіяй на паўночным захадзе і захадзе (646 км), Аўстрыяй на поўдні (362 км) і Славакіяй на ўсходзе (214 км). Не мае прамога выхаду да мора, аднак выгаднае становічша на скрыжаванні транспартных шляхоў, да таго ж, на водападзеле, часткова кампенсуе гэты эканоміка-геаграфічны недахоп.

Рэльеф Чэхіі ўзгорысты, па перыметры краіну аблямоўваюць сярэдневышынныя горы: Чэшскі Лес, Шумава, Судэты. Да апошніх належыць найвышэйшы пункт — гара Снежка (1603 метры). Чэхія багатая на паклады каменнага і бурага вугалю. Клімат умераны, з выразнымі кантынентальнымі рысамі. Рэкі Чэхіі належаць да трох мораў: Чорнага (Марава), Балтыскага (Одра) і Паўночнага (Эльба і Влтава). Лясы займаюць 35 % плошчы краіны і добра захаваліся ў гарах: ніжэй — дубавыя і букавыя, вышэй — хваёвыя.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Краліцкі Снежнік, частка Судэтаў — гор на поўначы Чэхіі

Чэхія — краіна ўзвышшаў і гор сярэдняй вышыні. На захадзе ляжыць пагорыстая Багемская катлавіна, што дрэнуеца рэкамі Лаба (Эльба) і Влтава і якую аблямоўваюць горы: на захадзе — Чэшскі лес, на паўднёвым захадзе — Шумава, на паўночным захадзе — Рудныя горы (Крушнэ-Горы), па поўначы — Судэты. Менавіта ў Судэтах, на мяжы з Польшчай, у іх самай высокай частцы, вядомай як Крконашы, знаходзіцца найвышэйшая гара Чэхіі — Снежка (1603 або 1602 м). На ўсход ад Багеміі ляжыць Чэшска-Мараўскае ўзвышша, што займае геаграфічны цэнтр краіны. На паўднёвым захадзе — таксама пагорыстая і ў атачэнні невысокіх гор — ляжыць другая катлавіна — Мараўская.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Нетры Чэхіі ўтрымліваюць значныя запасы бурага і каменнага вугалю, а таксама — графіту. Маюцца паклады руд чорных і каляровых металаў (аб чым сведчыць і назва "Рудныя горы"), зрэшты, амаль што вычарпаныя за доўгую гісторыю распрацоўкі.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Фотаздымак Чэхіі з космасу

Клімат Чэхіі ўмераны з цёплым летам і халоднай, пахмурнай, вільготнай зімой, вызначаецца змешваннем марскога і кантынентальнага ўплыву. Апошні абумоўлены наяўнасцю горных ланцугоў, што, хоць і невысокія, ствараюць пэўную перашкоду на шляху атлантычных паветраных мас, робячы лета больш спякотным, а зіму — маразнейшай, чым у той жа Баварыі. Улетку сярэдняя тэмпература паветра да +20° C, узімку — да -5° C. Ападкаў выпадае больш за 600 мм, большая частка прыпадае на лета, калі цыклоны прыносяць магутныя залевы, што выклікаюць бурлівыя паводкі. У гарах тэмпературы даволі сур'ёзна паніжаюцца, колькасць ападкаў таксама адрозніваецца, звычайна ў большы бок.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Па тэрыторыі Чэхіі праходзіць галоўны еўрапейскі водападзел: рэкі краіны нясуць свае воды у тры моры: Чорнае (Марава), Балтыйскае (Одра) і Паўночнае моры (Эльба). Па землях Багеміі цякуць рэкі Лаба і яе прыток Влтава, на берагах якой раскінулася Прага. Найбуйнейшая рака Маравіі — Марава, вялікі прыток Дуная. На паўночных схілах Усходніх Судэт бярэ пачатак рака Одра, што мае ў Чэхіі 112 км свайго верхняга цячэння.

Ландшафты і ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

Прыродаахоўныя тэрыторыі

Лясы займаюць болей за трэцюю частку плошчы краіны і добра захаваліся ў гарах: ніжэй ў складзе парод пераважаюць дубы і букі, вышэй — елкі і піхты. Ахове прыроды ў Чэхіі надаецца вялікая ўвага. Створаны 4 нацыянальныя паркі (усе ў гарах — гэта Крконашы, Шумава, Падыйі, і Багемская Швейцарыя) і 25 ахоўных ландшафтных зонаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]