Геаграфія Чарнагорыі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Чарнагорыя падзяляецца на тры геаграфічных рэгіёны: адрыятычнае ўзбярэжжа, адносна раўнінная цэнтральная частка, горныя сістэмы Дынарскіх Альпаў на поўначы і ўсходзе. Да прыродных славутасцяў краіны адносяцца Скадарскае возера на мяжы з Албаніяй і самы глыбокі ў Еўропе рачны каньён — каньён ракі Тара ў нацыянальным парку Дурмітар на аднайменным нагор'і. Значныя плошчы краіны занятыя лясамі.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Чарнагорыя ляжыць паміж 41° і 44° пн.ш. і 18° і 21° у.д.. Мяжуе з Харватыяй на захадзе, Босніяй і Герцагавінай на паўночным захадзе, Сербіяй на паўночным усходзе, Косавам на ўсходзе і Албаніяй на паўднёвым усходзе. На захадзе на працягу 294 км абмываецца Адрыятычным морам, што ўдаецца ў бераг вялікім ф'ёрдападобным залівам Бока Котарска. У адрозенні ад суседняй з поўначы Харватыі, Чарнагорыі не належыць ніводнага буйнога населенага адрыятычнага вострава.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Гара Лоўчан (1748 м). Менавіта ёй абавязана краіна сваёй назвай

У плане рэльефу тэрыторыя краіны складаецца з чатырох не падобных паміж сабой зон, еднасць якіх праяўляецца, бадай што, толькі ў выключнай развітасці карставых працэсаў. Прыбярэжная паласа, якая распасціраецца ўздоўж Адрыятычнага мора ад Херцаг-Нові на захадзе да вусця ракі Баяна на ўсходзе, мае шырыню не больш за 10 км. Бераг Чарнагорыі раўнінны і толькі на поўначы ўваход у Котарскі заліў вартуюць вапняковыя горы Лоўчан і Ар'ен. За ўзбярэжжам пачынаецца моцна паедзеная карстам горная града. Трэцяя зона ўключае басейн Скадарскага возера, даліну ракі Зэта, Белапаўліцкую раўніну і Нікшыцкае поле. Поўнач і ўсход краіны — гэта высозныя Дынарскія Альпы з масівамі Дурмітар і Праклецце, таксама моцна закарставаныя; з найвышэйшым пунктам Чарнагорыі — гарой Зла Калата на мяжы з Албаніяй (2534 м, масіў Праклецце). Звышвільготнасць наветраных схілаў пасадзейнічала надзвычайнай эрадаванасці гор у ледавіковы перыяд. Сукупнасць ледавіковых і карставых працэсаў падаравала Чарнагорыі адзін з найбольш расчлененых рэльефаў у Еўропе з перападамі вышынь да 2 км, нездарма каньён ракі Тара (1300 м) лічыцца найглыбейшым у нашай частцы свету.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Маюцца паклады баксітаў, медзі, цынку, каменнай солі.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

У паўночнай Чарнагорыі клімат умераны кантынентальны, на Адрыятычным узбярэжжы — міжземнаморскі. У прыморскай вобласці лета звычайна працяглае, цёплае (+23-25 °C) і досыць сухое, зіма — кароткая і прахалодная (+3-7 °C), вільготная. У горных раёнах умерана цёплае лета (+19-25 °C) і адносна халодная зіма (ад +5 да −10 °C), ападкі выпадаюць у асноўным у выглядзе снега. Ападкаў выпадае ад 500 да 1500 мм у год, пераважна ў выглядзе дажджу, у гарах блізу марскога ўзбярэжжа месцамі выпадае звыш 3000 мм. У паўночных абласцях Чарнагорыі снег ляжыць да 5 месяцаў. Колькасць сонечных гадзін у год: у Ігала — 2386, у Улцыне — 2700.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Каньён ракі Тара мае глыбіню да 1300 метраў

Балканскі водападзел падыходзіць вельмі блізка да Адрыятычнага мора, якому аддаюць даніну толькі імклівыя кароткія рэкі і ручаі. Большая частка Чарнагорыі з рэкамі Лім, Тара і інш. праз раку Дрына належыць да басейна Дуная. У карставых абласцях многія малыя рэкі і нават вялікія — на некаторых участках — цякуць пад зямлёю. На мяжы з Албаніяй размясцілася самае вялікае возера Балкан — Скадарскае возера (плошча 391 км²), што мае карставае паходжанне. Карставы рэльеф азначае наяўнасць яшчэ і вялікай кольскасці загадкавых пячор, некаторыя з якіх маюць глыбіню больш за 1 км.[1]

Глебы[правіць | правіць зыходнік]

Для Чарнагорыі харакрэрны рэдкія для Еўропы чырвоныя глебы (terra rosa), што ўтварыліся на выветраных вапняках. Пад горнымі лясамі глебы пераважна бурыя.

Раслінны і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Букавыя лясы ў нацыянальным парку Біяградска-гора

Становішча ў горным рэгіёне з выразным кліматападзелам, выхад да Адрыятычнага мора, вялікае возера — усё гэта стварае ўмовы для сапраўднага свята біяразнастайнасці — у Еўропе Чарнагорыя лідзіруе па колькасці відаў раслін і жывёл на адзінку плошчы. З 526 еўрапейскіх відаў птушак 333 сустракаецца ў Чарнагорыі, адных толькі малюскаў ў водах Адрыятыкі 354 віды. Трэцяя частка Чарнагорыі пакрыта лясамі, у якіх сустракаюцца мядзведзі, алені, куніцы, дзікі. Узбярэжныя лясы з дубу і кіпарысу, што былі сведкамі эпохі антычнасці, зведзены і ў горных раёнах падмененыя маквісам.

Экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Ахова прыроды — адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі Чарнагорыі. Каб захаваць рачныя экасістэмы, у краіне абмежавана будаўніцтва гідраэлектрастанцый. Створана 5 нацыяняльных паркаў: Дурмітар, Біяградска-Гора, Лоўчан, Скадарскі, Праклецце.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]