Геаграфія Албаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фізічная карта Албаніі

Албанія размешчана ў заходняй частцы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Краіна мае сухапутныя межы з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Атранта шырынёй у 72 км. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе.

Большую частку тэрыторыі Албаніі займаюць сярэдневысокія горы. Клімат узбрэжжа субтрапічны міжземнаморскі, у гарах — умераны кантынентальны. Памежныя азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа — маюць вялікія памеры і славяцца сваёй прыгажосцю. Прыродныя раслінны і жывёльны свет захаваліся лепш, чым у іншых міжземнаморскіх краінах. Уражвае разнастайнасць ландшафтаў у краіне плошчай (28 748 км²) меншай нават за Магілёўскую вобласць.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Берагавая лінія ў паўднёвай Албаніі

Плошча Албаніі складае 28,7 тыс. км² — трохі менш за Бельгію і Арменію і крыху больш за Паўночную Македонію. Размешчана ў заходняй частцы Балканскага паўвострава. Албанія выцягнутая на 340 км з поўначы на поўдзень і на 150 км з захаду на ўсход. Агульная працягласць мяжы краіны складае 2508 км. Мае сухапутныя межы з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Атранта шырынёй у 72 км у самым вузкім месцы. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе, якія з'яўляюцца часткамі Міжземнага мора. Агульная даўжыня марскога ўзбярэжжа 362 км. У Адрыятычным моры Албаніі належыць востраў Сазані.

Межы[правіць | правіць зыходнік]

Калі не лічыць берагавой лініі, то варта прызнаць, што ўсе межы Албаніі былі праведзеныя штучна. У асноўным яны былі вызначаныя на канферэнцыі амбасадараў вялікіх дзяржаў у Лондане (19121913). Падчас Першай сусветнай вайны Албанія апынулася акупаваная італьянскімі, сербскімі, грэчаскімі і французскімі войскамі, але ў 1921 годзе дзяржавы-пераможцы ў асноўным пацвердзілі раней усталяваныя межы. Межы праводзіліся такім чынам, каб аддзяліць тэрыторыі кампактнага пражывання албанцаў ад суседніх народаў — сербаў, чарнагорцаў і грэкаў, імкнучыся пры гэтым максімальна ўлічваць інтэрасы ўсіх бакоў і, пры магчымасці, выкарыстаць пры правядзенні межаў самыя прыкметныя элементы рэльефу. Пры гэтым азёрны край заходняй Македоніі быў падзелены паміж трыма дзяржавамі — Албаніяй, Грэцыяй і Каралеўствам Югаславія.

Падзел азёрнага края паміж трыма дзяржавамі рабіўся такім чынам, каб кожны з бакоў атрымаў сваю долю нізін, прылеглых да азёр. Такі штучны падзел, зразумела, паўплываў на прасціранне меж у паўночным і паўднёвым кірунку ад азёр. Мяжа, што ідзе да поўначы, мае адпавядаць лініі горнага хрыбта на ўсходзе, але ляжыць прыкладна за 16 — 32 км ад водападзела. Мяжа Албаніі на крайняй поўначы і паўночным усходзе — там, дзе яна праходзіць па горных раёнах, — праведзеная такім чынам, што злучае найбольш высокія кропкі рэльефу і паўтарае лінію горных хрыбтоў праз амаль непраходныя Паўночныя Албанскія Альпы. На ўчастку паўночна-заходняй мяжы паміж высакагор'ем і Адрыятыкай натуральныя межы ў асноўным адсутнічаюць, калі не лічыць Скадарскае возера і ўчастак ракі Буна на поўдзень ад яго. На поўдзень і паўднёвы захад ад азёрнага края ў кірунку Іанічнага мора паўднёва-ўсходняя мяжа Албаніі не адпавядае формам рэльефу, а наўпрост шыбуе праз некалькі горных хрыбтоў.

Тым не менш, даволі значная частка албанскага насельніцтва апынулася за межамі нацыянальнай дзяржавы, што ў наступным прывяло да шматлікіх канфліктаў паміж шматлікай албанскай дыяспарай і ўладамі дзяржаў пражывання.

Рэльеф і карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Гара Кораб, від з албанскага боку. Вяршыня (2764) знаходзіцца на заднім плане справа пад белай кропкай

Цэнтральная частка ўзбярэжжа — раўніна; астатняя тэрыторыя (каля 70 %) занятая гарамі, што агулам вядомыя як Балканскія: Паўночнымі Албанскімі Альпамі (або Праклецце); хрыбтамі Таморы, Карабі (да апошняга належыць найвышэйшая кропка краіны — гара Кораб (або па-албанску Карабі, 2764 м) на мяжы з Паўночнай Македоніяй); на паўднёвым захадзе размешчаны Акракераўнскія горы, што спускаюцца адхонамі проста ў Іанічнае мора; на паўднёвым усходзе — горы Пінд,

На тэрыторыі Албаніі ёсць радовішчы нафты, прыроднага газу, вуглю, хрому, медзі, нікеля.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Каньён і пляж Джыпэ, частка Албанскай Рыўеры. Тут судакранаюцца Іанічнае і Адрыятычнае моры

Клімат субтрапічны, на ўзбярэжжы міжземнаморскі, на ўсходзе — кантынентальны. У гарах клімат умераны. Сярэдняя тэмпература складае −1°C узімку і 21.8°C улетку, але чаргаванне гор і раўнін стварае значныя кантрасты паміж рознымі часткамі невялікай краіны. На ўзбярэжжы, у вобласці міжземнаморскага клімату, сярэдняя тэмпература студзеня складае 8—9°С, ліпеня — 24—25°С, у гарах зімовыя тэмпературы адмоўныя. Ападкаў 800—2000 мм у год, што болей чым у сярэднім па Міжземнамор’і, большая частка выпадае зімой у выглядзе дажджу. Некаторыя схілы Паўночных Албанскіх Альпаў атрымліваюць больш за 3000 мм ападкаў, што робіць іх адным з самых "вільготных куткоў" Еўропы.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Самая вялікая рака — Дрын, што, пачынаючыся ў Праклецці са зліцця Чорнага і Белага Дрынаў, цячэ свае 148 км з усходу на захад у паўночнай частцы краіны. Самая доўгая рака — В'ёса (192 км), што мае выток у Грэцыі. Найбуйнейшыя азёры: Скадарскае (памежнае з Чарнагорыяй), Ахрыдскае, Прэспа (абодва на мяжы з Паўночнай Македоніяй). Усе азёры чымсьці геаграфічна адметныя: Скадарскае — найбуйнейшае ў Паўднёвай Еўропе; Ахрыдскае возера занесена ў спіс Сусветнай спадчыны, да таго ж, лічыцца адным з самых старажытных азёр свету; Прэспа — надзвычай высакагорнае. На Дрыне маецца нізка вадасховішчаў. З Праклецця спускаюцца ледавікі, прычым снегавая лінія дзе-нідзе праходзіць на вышыні 2000 м. — з'ява незвычайная для гэткіх цёплых шырот.

Раслінны і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Беркут (ці арол-маркут) — нацыянальная птушка Албаніі

Раслінны і жывёльны свет Албаніі, дзякуючы рэльефу, клімату і гідраграфіі, вельмі разнастайны; а дзякуючы невялікай шчыльнаці насельніцтва — яшчэ і няблага захаваны. Звыш 2/5 тэрыторыі Албаніі пакрыта лясамі з сасны, елкі, бярозы і дубу ды хмызнякамі, каля 1/4 — лугамі. Лясы лепей захаваліся ў гарах. На месцы зведзеных лясоў утварыліся фармацыі тыпу маквісу. Жывёльны свет даволі багаты, сустракаюцца буйныя млекакормячыя: мядзведзь, алень, рысь — усе яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення; шмат ліс, шакалаў, ваўкоў, лясных катоў. У эстуарыях рэк, на азёрах і балотах гняздуецца мноства птушак, у тым ліку фламінга, малы баклан, курчавы пелікан; на узбярэжжах кладуць яйкі розныя віды чарапах. У эстуарыі ракі В'ёса створаны рэзерват В'ёса–Нарта, даліна ж самой ракі лічыцца адной з рэдкіх малакранутых чалавекам рачных далін у Еўропе і яе сённяшні стан выклікае заклапочанасць эколагаў. Усягоў Албаніі 14 нацыянальных паркаў, 4 водна-балотных угоддзі, 1 марскі парк.[1] Албанія займае самыя высокія сярод краін Паўднёвай Еўропы пазіцыі ў розных экалагічных рэйтынгах.

Тэрыторыя Албаніі адносіцца да чатырох экарэгіёнаў: Ілірыйскія лістападныя лясы, Дынарскія горныя мяшаныя лясы, горныя мяшаныя лясы Пінду, Балканскія мяшаныя лясы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]