Рэлігійныя войны ў Францыі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Гугеноцкія войны)
Jump to navigation Jump to search

Гл. таксама

Іранічная выява Генрыха IV у выглядзе Геркулеса, які топча Лернейскую гідру (намёк на Каталіцкую лігу)

Рэлігійныя, або гугеноцкія войны — серыя зацяжных грамадзянскіх войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі (гугенотамі), якія раздзіралі Францыю пры апошніх каралях дынастыі Валуа, з 1562 па 1598 гады. На чале гугенотаў стаялі Бурбоны (прынц Кандэ, Генрых Наварскі) і адмірал дэ Каліньі, на чале каталікоў — каралева-маці Кацярына Медычы і магутныя Гізы. На ход падзей у Францыі спрабавалі ўплываць яе суседзі — Лізавета Англійская падтрымлівала гугенотаў, а Філіп Іспанскі — каталікоў. Войны скончыліся ўзыходжаннем Генрыха Наварскага на французскі прастол і выданнем кампраміснага Нанцкага эдыкта (1598).

Першая вайна 1560—1563[правіць | правіць зыходнік]

Нагодай да першай вайны паслужыла Амбуазская змова і яе жорсткае прыгнечанне Гізамі. Пасля прыходу да ўлады Францыска II фактычнае кіраўніцтва краінай стаў ажыццяўляць род Гізаў на чале з герцагам Франсуа дэ Гізам і яго братам кардыналам Шарлем Латарынгскім, якія павялічылі маштабы праследавання гугенотаў і ўвялі смяротнае пакаранне за тайныя рэлігійныя сходы. Быў асуджаны і павешаны саветнік Парыжскага парламента кальвініст А. дэ Бур (1559). Сярод вышэйшай французскай арыстакратыі была вельмі моцная незадаволенасць Гізамі. У 1560 апазіцыянеры арганізавалі змову, якую ўзначаліў перыгорскі дваранін Ла Рэнадзі. Яны хацелі захапіць караля і арыштаваць Гізаў. Гэтыя падзеі і ўвайшлі ў гісторыю як Амбуазская змова. Даведаўшыся пра спробу перавароту, Гізы пайшлі на саступкі: 8 сакавіка 1560 яны прынялі закон, які забараняў рэлігійныя ганенні. Але неўзабаве Гізы адмянілі Сакавіцкі эдыкт і жорстка расправіліся са змоўшчыкамі. Прынц Кандэ быў арыштаваны і прысуджаны да смерці. Яго выратаваў толькі раптоўная смерць Францыска II 5 снежня 1560. Сутнасць самой змовы складалася ў тым, што раздражнёныя ўплывам Гізаў на маладога караля Францыска II і каралеву Марыю Сцюарт (якая была з Гізаў па маці), гугеноты, на чале з прынцам Кандэ, планавалі выкрасці манарха прама з Амбуазскага замка.

На прастол узышоў непаўналетні кароль Карл IX, а фактычная ўлада апынулася ў руках яго маці Кацярыны Медычы. Гізы сталі страчваць уплыў, а Людовіка Кандэ вызвалілі і наблізілі да двара. Антуан Наварскі быў прызначаны генерал-лейтэнантам Французскага каралеўства. Кацярына спрабавала праводзіць палітыку верацерпнасці і прымірэння паміж усімі рэлігійнымі канфесіямі (Генеральныя штаты ў Арлеане 1560 і Пантуазе 1561, дыспут у Пуасі 1561). У студзені 1562 быў выдадзены Сен-Жэрменскі (Студзеньскі) эдыкт, паводле якога гугеноты маглі вызнаваць сваю веру за гарадскімі сценамі ці ў прыватных гарадскіх дамах. Але Гізы і прыхільнікі ранейшай улады, незадаволеныя саступкамі пратэстантам і ростам уплыву Кандэ, утварылі т.зв. «трыўмвірат» (Ф. дэ ГізМанмарансіСент-Андрэ). Трыумвіры пачалі перамовы з каталіцкай Іспаніяй пра сумесную барацьбу супраць пратэстантаў.

1 сакавіка 1562 герцаг дэ Гіз напаў гугенотаў, які адпраўлялі набажэнства ў мястэчку Васі ў правінцыі Шампань. Было забіта некалькі чалавек і паранена каля 100 удзельнікаў сходу. Трыумвіры захапілі Карла IX і Кацярыну Медычы ў мястэчку Фантэнбло і вымусілі іх адмяніць Студзеньскі эдыкт. Пасля гэтага Кандэ і яго паплечнік Франсуа д’Андэло ўзялі Арлеан, ператварыўшы горад у сталіцу гугеноцкага супраціўлення. Быў заключаны саюз з Англіяй, дзе ў той час кіравала каралева Лізавета I, якая аказвала актыўную падтрымку пратэстантам усёй Еўропы, і германскімі пратэстанцкімі князямі. Трыумвіры ўзялі Руан (май-кастрычнік 1562), перашкодзіўшы аб'яднанню сіл англічан і гугенотаў у Нармандыі; падчас гэтых баёў загінуў Антуан Наварскі. Неўзабаве да Кандэ прыбыло падмацаванне з Германіі, гугеноты наблізіліся да Парыжа, але нечакана вярнуліся назад у Нармандыю. 19 снежня 1562 года ў Дро прынц Кандэ быў разбіты каталікамі і патрапіў у палон; але пратэстанты забілі варожага маршала Сент-Андрэ і ўзялі ў палон канетабля Манмарансі. Які ўзначаліў гугенотаў адмірал Каліньі вярнуўся ў Арлеан. Гіз аблажыў горад, але нечакана для ўсіх быў забіты гугенотам Пальтро дэ Меры. Пасля смерці Гіза баку селі за стол перамоў. Саслабленыя стратай сваіх лідараў, абедзве партыі шукалі міру. Імкнулася да гэтага і каралева-маці Кацярына Медычы, якая пасля смерці караля Францыска даверыла кіраванне дзяржавай умеранаму канцлеру Мішэлю дэ Лапіталю. У сакавіку 1563 лідары гугенотаў і каталікоў пры пасродніцтве Кацярыны Медычы падпісалі Амбуазскі мір, які гарантаваў кальвіністам свабоду веравызнання ў пэўных абласцях і ўладаннях. Яго ўмовы ў цэлым пацвярджалі Сен-Жэрменскі эдыкт.

Другая вайна 1567—1568[правіць | правіць зыходнік]

Другая вайна пачалася з таго, што Гізы, не здаволеныя саступкамі гугенотам, сталі падрыхтоўваць міжнародны альянс каталіцкіх дзяржаў. Гугеноты на чале з Каліньі адрэагавалі на гэта саюзам з Лізаветай Англійскай і пратэстанцкім пфальцграфам Вольфгангам Цвейбрукенскім, які прывёў на дапамогу гугенотам 14 000 сваіх падданых, паклаўшы пачатак традыцыі ўмяшання пфальцграфаў у французскія грамадзянскія войны, якая праіснавала да канца стагоддзя.

У верасні 1567 года прынц Кандэ аднавіў свой план выкрадання караля, гэтым разам Карла IX, з Мо. Адначасова адкрыта абвясцілі сябе гугенотамі жыхары Ла-Рашэлі і шэрагу іншых гарадоў, а ў Німе адбылася разня каталіцкіх святароў. У лістападзе ў бітве пры Сен-Дэні паклаў галаву канетабль Манмарансі. Каралеўская казна была пустая, камандаваць арміяй было няма каму, што вымусіла караля пайсці на мір у Ланжумо (сакавік 1568), які не вырашыў ніводнага пытання і служыў толькі адтэрміноўкай буйнамаштабных баявых дзеянняў.

Трэцяя вайна 1568—1570[правіць | правіць зыходнік]

Узброенае супрацьстаянне аднавілася з наступам восені, калі свабода веравызнання была ў чарговы раз адменена, а на падмогу гугенотам прыбыў атрад галандскіх пратэстантаў на чале з Вільгельмам Аранскім. Кацярына Медычы паспрабавала ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і вярнула да двара Гізаў, кальвінісцкіх прапаведнікаў выправоджвалі з Францыі, справа ішла да арышту Кандэ і Каліньі.

У сакавіку 1569 года прынц Кандэ быў забіты пры Жарнаку, і адмірал Каліньі прыняў камандаванне сіламі пратэстантаў ад імя юных прынцаў — Кандэ-малодшага і Генрыха Наварскага. Нягледзячы на паражэнне пры Манкантуры, ён здолеў злучыцца з графам Мантгомеры і авалодаць Тулузай. У жніўні 1570 года кароль падпісаў Сен-Жэрменскі мір з істотнымі саступкамі гугенотам. Паводле ўмоў міру каралю Наварскаму была абяцана рука сястры караля, Маргарыты.

Чацвёртая вайна 1572—1573[правіць | правіць зыходнік]

Варфаламееўская ноч у Парыжы

За час пасля Сен-Жэрменскага міру Каліньі авалодаў даверам караля, што выклікала раздражненне як каралевы-маці, так і Гізаў. Шлюб Генрыха Наварскага і Маргарыты Валуа абгарнуўся страшнай разнёй гугенотаў на вуліцах Парыжа і іншых гарадоў, якая ўвайшла ў гісторыю як Варфаламееўская ноч. Сярод ахвяр гвалту быў і Каліньі. Спробы выбіць гугенотаў з Сансера і Ла-Рашэлі, зрэшты, скончыліся безвынікова. У 1573 годзе быў выдадзены эдыкт, які пацвердзіў права гугенотаў на адпраўленне пратэстанцкіх абрадаў у Ла-Рашэлі, Мантабане і Німе.

Пятая вайна 1574—1576[правіць | правіць зыходнік]

Вайна зноў разгарэлася пасля смерці Карла IX і вяртання ў Францыю з Рэчы Паспалітай яго брата Генрыха III, які наблізіў сябе да Гізаў шлюбам з Луізай Латарынгскай. Новы кароль не кантраляваў рэгіёны: у Шампань уварваўся пфальцграф Іаган, паўднёвымі правінцыямі самаўпраўна кіраваў Анры дэ Манмарансі. У мэтах стабілізацыі сітуацыі кароль ухваліў Мансьёрскі мір 1576 года, які дараваў гугенотам свабоду веравызнання па-за межамі Парыжа.

Шостая вайна 1576—1577[правіць | правіць зыходнік]

Зацішша было вельмі недоўгачасовым і было выкарыстана Гізамі для згуртавання «прававерных» пад сцягам Каталіцкай лігі. Генеральныя штаты ў Блуа не змаглі вырашыць накопленых супярэчнасцей. Пад ціскам лігі Генрых III паводле Бержэракскага дагавора 1577 года адмовіўся ад саступак, зробленых гугенотам годам раней.

Сёмая вайна 1579—1580[правіць | правіць зыходнік]

Ключавой фігурай сёмай вайны быў брат караля, Франсуа Анжуйскі, які пры падтрымцы Вільгельма Аранскага абвясціў сябе графам Фландрыі і герцагам Брабанта і ўмяшаўся ў паўстанне галандскіх пратэстантаў супраць іспанскай кароны на баку першых. Тым часам малады прынц Кандэ авалодаў Ла-Ферам у Пікардыі. Баявыя дзеянні афіцыйна завяршыў мір у Флё (1580).

«Вайна трох Генрыхаў» 1584—1589[правіць | правіць зыходнік]

Дэманстрацыя Каталіцкай лігі ў Парыжы (1590)

Смерць герцага Анжуйскага і бяздзетнасць Генрыха III зрабілі спадчыннікам французскага прастола адлучанага Папам ад царквы главу гугенотаў — Генрыха Наварскага. Паколькі ён не збіраўся змяняць веру, Генрых Гіз пры падтрымцы Каталіцкай лігі і Кацярыны Медычы стаў рыхтаваць глебу да пераходу прастола ва ўласныя рукі. Гэта прывяло да яго разрыву з каралём, які намерваўся любым коштам захаваць карону ў руках нашчадкаў Капета.

Разгарнулася вайна трох Генрыхаў — караля, Бурбона і Гіза. Пры Кутра загінуў каралеўскі галоўнакамандуючы Ан дэ Жуаез. У маі 1588 года («дзень барыкад») парыжане паўсталі супраць нерашучага караля, які вымушаны быў бегчы са сталіцы. Кацярына Медычы дасягнула з лігай кампрамісу аб перадачы прастола апошняму каталіку сярод Бурбонаў — кардыналу дэ Бурбону, пасаджанага каралём у Блуаскі замак.

Пасля таго, як Гізы арганізавалі ўварванне ў Салуца войскаў герцага Савойскага, у канцы 1588 года і пачатку 1589 па Францыі пракацілася хваля наёмных забойстваў, ахвярамі якіх сталі асноўныя дзеючыя асобы — Генрых Гіз і яго малодшы брат, Людовік Латарынгскі, кардынал дэ Гіз, Кацярына Медычы і кароль Генрых III. Састарэлы кардынал дэ Бурбон, у якім ліга бачыла новага караля Карла X, таксама памёр, адмовіўшыся ад прастола на карысць Генрыха Наварскага.

«Заваяванне каралеўства» 1589—1593[правіць | правіць зыходнік]

Наварскі кароль прыняў французскую карону пад імем Генрыха IV, але ў першыя гады свайго кіравання яму даводзілася абараняць свае правы на трон ад астатніх Гізаў — Шарля дэ Гіза, герцага дэ Маена, які трымаў у сваіх руках Нармандыю, і Філіпа Эмануэля, герцага дэ Меркёра, які, прыкрываючыся правамі жонкі, спрабаваў аднавіць суверэннасць Брэтані.

У сакавіку 1590 года новы кароль атрымаў важную перамогу пры Іўры, але спробы ўзяць Парыж і Руан не прыносілі поспеху з-за процідзеяння іспанцаў на чале з Алесандра Фарнезэ, якія, насуперак салічнаму парадку пераходу ў спадчыну прастола, спрабавалі пасадзіць на прастол унучку Генрыха II па жаночай лініі — інфанту Ізабелу Клару Яўгенію.

Да 1598 годзе Францыя была канчаткова аб'яднана пад скіпетрам Генрыха IV. Іспанская карона прызнала гэта паводле Вервенскага міру. У тым жа годзе быў выдадзены знакаміты Нанцкі эдыкт, які прызнаў свабоду веравызнання і паклаў канец рэлігійным войнам. Пасля смерці Генрыха IV іх адновіць кардынал Рышэльё сваім супрацьстаяннем з Анры дэ Раганам ля сцен Ла-Рашэлі.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Pierre Miquel, Les Guerres de religion, Paris : Librairie Arthème Fayard, 1980 (réédition). Chronologie détaillée, Index détaillé, bibliographie (27 p). 596 p.
  • James Wood, The king’s army : warfare, soldiers, and society during the wars of religion in France, 1562—1576, New York, Cambridge University Press, 1996.
  • Arlette Jouanna (dir.), Histoire et dictionnaire des guerres de religion, 1559—1598, Robert Laffont, coll. " Bouquins ", 1998 (ISBN 2-221-07425-4) ;
  • Jean-Marie Constant, Les Français pendant les guerres de Religion, Hachette Littératures, 2002 (ISBN 2-01-235311-8) ;
  • Denis Crouzet :
    • Dieu en ses royaumes: Une histoire des guerres de religion, Champ Vallon, Paris, 2008. (ISBN 287673494X, ISBN 978-2876734944)
    • Les Guerriers de Dieu. La violence au temps des troubles de religion (v. 1525-v. 1610), Champ Vallon, collection " Époques ", 2005 (1re édition 1990) (ISBN 2-87673-430-3)
    • La Genèse de la Réforme française 1520—1562, SEDES, coll. " Histoire moderne " #109, Paris, 1999 (1re édition 1996) (ISBN 2-7181-9281-X) ;

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]