Гісторыя Туніса

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Старажытны час[правіць | правіць зыходнік]

Ксар у паўднёвым Тунісе

Землі сучаснага Туніса былі арэнай многіх знакавых падзей гісторыі старажытнага часу. У 814 г. да н. э. каланістамі з фінікійскага горада Тыр быў заснаваны горад Карфаген, які за некалькі стагоддзяў ператварыўся ў адну з наймацнейшых дзяржаваў свету. У ІІІ ст да н.э. інтарэсы Карфагена сутыкнуліся з Рымскімі інтарэсамі, што прывяло да Пунічных войнаў, у кожнай з якіх Карфаген пацярпеў паразу, а ў выніку трэцяй у 146 г да н.э. горад быў захоплены і зруйнаваны, а тэрыторыя Туніса ўвайшла ў склад Рымскай дзяржавы. У V cтагоддзі Паўночную Афрыку захапілі вандалы і стварылі тут сваё каралеўства.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Туніс Хафсідаў, 1400

У VI cт. вандалаў пацясніла Візантыйская імперыя. У канцы VII cт. уся Паўночная Афрыка трапіла пад уладу Арабскага халіфата. З таго часу Туніс з'яўляецца трывалай часткай араба-ісламскага свету. Пасля распаду адзінага халіфата ў VIII cт. Туніс уваходзіў у склад шэрагу мясцовых арабскіх каралеўстваў (найбольш працяглы час — дынастыі Хафсідаў) ажно да канца ХVI ст, калі сюды прышлі туркі-асманы.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Падчас асманскага панавання паўночна-заходняя Афрыка была прытулкам для піратаў, даволі незалежным ад Стамбула. У 1705 паўстала фактычна незалежная (хаця і прызнавала Асманскі сюзерэнітэт) дзяржава Туніс пад уладай беяў з дынастыі Хусэйнідаў.

Туніс — калонія Францыі[правіць | правіць зыходнік]

У 1883-1956 гг. Туніс у статусе пратэктарату знаходзіўся пад уладай Францыі, маючы ўласныя герб, гімн, грошы. У Тунісе з'яўляюцца французскія каланісты. Пачынаецца будаўніцтва ліцэяў, чыгунак і шашэйных дарог, партоў, банкаў, прадпрыемстваў па здабычы карысных выкапняў (свінец, фосфар, жалезная руда). У 1940 Туніс падпарадкоўваецца рэжыму Вішы; у 1942 краіну акупуюць войскі Вермахта, праз паўгода разгромленыя саюзнікамі.

Незалежны Туніс[правіць | правіць зыходнік]

У 1956 Францыя прызнала незалежнасць Туніскага каралеўства. У наступным годзе манархія была скасавана. Першыя трыццаць гадоў незалежнасці на чале Туніса стаяў прэзідэнт Хабіб Бургіба, праўленне якога праходзіла пад знакам ісламізацыі. У 1987 Бургіба быў скінуты прэм'ер-міністрам Бен-Алі ў выніку бяскроўнага перавароту, што атрымаў назву "Язмінавая рэвалюцыя". Бен Алі стаў прэзідэнтам на наступныя 24 гады. Ён праводзіў празаходнюю, арыентаваную на ЗША, палітыку.

У снежні 2010 года распачалася «Арабская вясна», калі туніскі актывіст здзейсніў самаспаленне ў сталіцы дзяржавы, запусціўшы тым самым масавыя хваляванні. У выніку дэманстрацыі ўжо да сярэдзіны студзеня наступнага года абярнуліся звяржэннем афіцыйнага ўрада — прэзідэнт Зін Аль-Абідзін Бен Алі і члены яго сям'і былі вымушаныя збегчы з Туніса. Гэтыя падзеі назвалі другой "Язмінавай рэвалюцыяй".

За восем гадоў на пасадзе кіраўніка дзяржавы змяніліся чатыры палітыкі, але стабільнасць у краіну так не вярнулася. Найбольш буйныя трагедыі адбыліся ў першай палове 2015 года. Гэта майскі напад на музей Брага ў сталічных ваколіцах, падчас якога загінула больш за 20 чалавек. А ў чэрвені адбыўся расстрэл турыстаў у курортным горадзе Сусе. Тады ахвярамі ісламістаў стала больш за 70 чалавек. Гэтыя два найбольш рэзанансныя тэракты абвалілі эканоміку Туніса, якая моцна залежыць ад турызму. На наступны год радыкальныя ісламісты, арыентуючыся на групоўкі з суседняй Лівіі, здзейснілі няўдалую спробу захапіць прыгранічны горад каля мяжы з былой «Джамахірыяй лівійскага народа». Улады рэзка ўзмацнілі барацьбу з тэрарызмам і рэлігійным экстрэмізмам, у лістападзе 2015 года, пасля таго як тэрарыст-смяротнік здзейсніў атаку на прэзідэнцкую гвардыю, ў Тунісе быў абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча. Сітуацыя з бяспекай замежных турыстаў засталася напружанай, у тым ліку і з-за блізкага суседства з ахопленай грамадзянскай вайной Лівіяй, і з насычаным ісламісцкімі групоўкамі Алжырам. Акрамя таго, нямала прыхільнікаў тэрарыстычнай арганізацыі знаходзіцца і ў самім Тунісе[1].

Зноскі