Гісторыя Егіпта

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Гісторыя Егіпта налічвае больш за пяць тысячагоддзяў.

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці на сучаснай тэрыторыі Егіпта узнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Старажытны Егіпет.

Грэка-рымскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 332 г. да н.э. Егіпет быў заваёван Аляксандрам Македонскім. Пасля яго смерці, у выніку войн дыядохаў, Егіпет дастаўся аднаму з военачальнікаў Аляксандра — Пталамею, які заснаваў сваю дынастыю.

У 31—395 гг. Егіпет уваходзіў у склад Рымскай імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсходняй часткі — Візантыі. У рымскі перыяд адбыўся заняпад старажытна-егіпецкай культуры; на змену познеегіпецкай мове прыйшла копцкая, а мясцовую рэлігію замяніла хрысціянства. Візантыйцы ў кіраванні Егіптам абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі.

Арабскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 639 г. у Егіпет увайшло войска Амра ібн аль-Аса. У 642 г. была захоплена сталіца Егіпта — Александрыя, краіна стала правінцыяй Арабскага халіфата. У выніку арабскага заваявання егіпецкае насельніцтва паступова перайшло на арабскую мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Егіпет стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 г. — Абасіды. З аслабленнем халіфата Абасідаў Егіптам фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969).

У 969 г. Егіпет быў заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 г. стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад халіфата Фатымідаў, што выкарысталі еўрапейскія крыжаносцы. У 1168 г. яны ўварваліся ў Егіпет і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі.

У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 г. ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Егіпта, уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 г. захапіла вярхоўную ўладу.

Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260 г., у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У скорым часе ён стаў султанам Егіпта і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў з прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Егіпта ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае узбярэжжа Судана і інш.

У 13—14 ст. Егіпет — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэлігійных і культурных цэнтраў мусульманскага свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай, Азіяй і Еўропай.

У складзе Асманскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У 1517 г. мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Егіпет стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гаспадарчага жыцця Егіпта, змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Турэцкі султан перастаў быць рэальным кіраўніком Егіпта, хоць і заставаўся яго рэлігійна-палітычным сюзерэнам.

У 1770 г. мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Егіпта. З гэтага часу Егіпет стаў аб'ектам англа-французскага саперніцтва.

У 1798 г. французскія войскі на чале з генералам Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 г. французы капітулявалі перад англа-турэцкімі войскамі і Егіпет быў зноў прызнаны уладаннем Асманскай імперыі. У 1805 г. намеснікам султана ў Егіпце з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ пачаў мадэрнізацыю краіны. Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 г. Егіпет капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.

З 1840-х г. у Егіпет актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 г. адкрыты Суэцкі канал, але яго выгады выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый.

Пры егіпецкім правіцелю Ісмаіле-пашы (1863—79), у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлеграфныя лініі, школы, з'явіліся нацыянальныя газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Егіпта замежным крэдыторам. У 1876 г. Егіпет аб'явіў аб сваім банкруцтве і над краінай быў устаноўлены англа-французскі фінансавы кантроль.

Брытанскі пратэктарат[правіць | правіць зыходнік]

Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сацыяльныя супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А. Арабі-пашой. Быў створаны егіпецкі нацыянальны ўрад, прыняты праект канстытуцыі, былі падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Егіпет свае войскі і ў верасні 1882 г. перамагла армію Арабі-пашы. Егіпет фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі.

У канцы 19 ст. ў Егіпце ўзніклі патрыятычныя арганізацыі, якія ставілі сваёй мэтай нацыянальную незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіпецкага нацыянальна-вызваленчага руху быў публіцыст і асветнік М. Каміль.

Першая сусветная вайна значна паўплывала на адносіны Егіпта з Вялікабрытаніяй, якая ў снежні 1914 г. ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Егіптам і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваенных дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэрыяльныя і людскія рэсурсы Егіпта, што ўзмацняла антыбрытанскія настроі.

У 1918 г. у Егіпце была створана буржуазна-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі.

Рэвалюцыя 1919. Каралеўства Егіпет[правіць | правіць зыходнік]

Антыкаланіяльныя егіпецкія паўстанні 1919, 1921 гадоў прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28 лютага 1922 г. былі абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Егіпта; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брытанскія войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканамічнае панаванне англічан. Прынятая ў 1923 г. канстытуцыя прадугледжвала некаторыя буржуазна-дэмакратычныя правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіпецкаму каралю давала шырокія паўнамоцтвы.

Магутная хваля нацыянальна-вызваленчага і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 г. аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Егіпта.

У 2-ю сусветную вайну тэрыторыя Егіпта стала арэнай ваенных дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастрычніку 1942 г. брытанскія войскі спынілі нямецкую армію генерал-фельдмаршала Э.Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лютым 1945 г. егіпецкі ўрад аб'явіў вайну краінам фашысцкага блока.

Егіпет стаў членам-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 г. створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусветнай вайны егіпецкі ўрад сутыкнуўся з шэрагам сацыяльна-эканамічных праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брытанскіх войск.

У 1948 г. Егіпет і іншыя арабскія краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брытанскай прысутнасцю ў Егіпце вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арганізацыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення.

15 кастрычніка 1951 г. вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваенная прысутнасць англічан у Егіпце страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партызанская барацьба супраць брытанскіх войск.

Ліпеньская рэвалюцыя. Рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

23 ліпеня 1952 г. тайная патрыятычная арганізацыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г. А. Насэрам ажыццявіла дзяржаўны пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе палітычныя партыі былі забаронены, быў прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне.

18 чэрвеня 1953 г. Егіпет быў абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў генерал М.Нагіб, які захаваў і пост прэм'ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954 г., паводле якога да 18 ліпеня 1956 г. з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсё брытанскія войскі.

У кастрычніку 1954 г. Нагіб быў змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Егіпта стаў Насэр, які узяў курс на супрацоўніцтва з СССР і іншымі сацыялістычнымі краінамі. Стрыжнем яго эканамічнай палітыкі было будаўніцтва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, незадаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіпецкі прэзідэнт 26 ліпеня 1956 г. аб'явіў аб нацыяналізацыі міжнароднай кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне.

У кастрычніку 1956 г. войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі паўвостраў. Англа-французскія войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Егіпта. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго арабскага свету.

У лютым 1958 г. Егіпет і Сірыя утварылі Аб'яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снежні 1961). Сірыя пасля дзяржаўнага перавароту ў верасні 1961 выйшла з ААР, але Егіпет захаваў афіцыйную назву — ААР.

1960-я г. характарызаваліся значнымі сацыяльна-эканамічнымі пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, будаўнічых і іншых буйных кампаній, банкаў, прамысловых прадпрыемстваў, транспарту і інш.

30 чэрвеня 1962 г. Нацыянальны кангрэс народных сіл зацвердзіў Нацыянальную Хартыю — важны палітычны дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіпецкай рэвалюцыі сацыялізм.

Да 1965 г. дзяржаўны сектар эканомікі даваў больш за 80 % усёй прамысловай прадукцыі. У 1968 г. пры дапамозе СССР Егіпет завяршыў будаўніцтва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Егіпта, павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сацыяльнай няроўнасці, працягвалася аграрная рэформа, расшыралася адукацыйная сістэма.

Аднак напружанасць у адносінах арабскіх краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967 г. Ваеннае паражэнне Егіпта, страта Сінайскага паўвострава з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпалітычны крызіс.

Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 г. ён аднавіў афіцыйную назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканамічны рост краіны і дабіцца вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіпецкіх войск у кастрычніку 1973 г. на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале закончылася заключэннем выгаднага для Егіпта пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Егіпта з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 г. пра раз'яднанне ўзброеных сіл на Сінаі, 1975 г. пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый і інш.). У 1978 г. былі падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26 сакавіка 1979 г. быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Егіпту акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 г. паміж Егіптам і Ізраілем былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. Ва ўнутранай палітыцы Салат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Егіпце, ні за яго межамі; арабскія краіны не прызналі дагавор Егіпта з Ізраілем, выключылі Егіпет з Лігі арабскіх краін. У кастрычніку 1981 г. Салат быў забіты групай экстрэмістаў.

Пры новым прэзідэнце М. Х. Мубараку паступова палепшыліся адносіны з іншымі арабскімі краінамі (у 1989 г. было адноўлена членства Егіпта ў Лізе арабскіх дзяржаў) і СССР. Унутраныя хваляванні, выкліканыя цяжкай эканамічнай сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульманскіх фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Егіпет паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі.

Дыпламатычныя адносіны Егіпта з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лютым 1992 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]