Гісторыя Мазамбіка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Першай цывілізацыяй, што склалася на мазамбіцкай зямлі, стала супольнасць суахілі. З ХVI стагоддзя пачалося пранікненне партугальцаў, стрэтае адпорам тубыльскіх плямёнаў. Мазамбік заставаўся партугальскай калоніяй да 1975 года. Незалежны Мазамбік абраў сацыялістычны аднапартыйны шлях, аднак эканамічныя складанасці і грамадзянская вайна змусілі ўлады краіны перайсці на дэмакратычныя рынкавыя рэйкі ў пачатку 1990-х.

Даеўрапейскі час[правіць | правіць зыходнік]

Арабскія гандляры канваююць рабоў

Найбольш старажытнае насельніцтва Мазамбіка — бушмены і гатэнтоты, выціснутыя ў VVIII стст. плямёнамі банту. З VIII ст. сюды праніклі арабы і суахілі, якія заснавалі на ўзбярэжжы Мазамбіка шэраг гандлёвых цэнтраў. Да пачатку 2-га тысячагоддзя ў міжрэччы Замбезірака Лімпопа склалася дзяржаўнае ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вялікіх гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі, што квітнеў у познім сярэднявеччы..

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэнца-Маркеш, сённяшні Мапуту, 1905

У 1498 востраў Мазамбік наведаў партугальскі мараплавец В. да Гама. У 1505 партугальцамі было створана першае пасяленне. Да сярэдзіны XVI ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы Мазамбіка. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пачатку XVIII ст.; у XVIXIX стст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 г. партугальскія ўладанні ў паўднёва-ўсходняй Афрыцы былі аб’яднаны ў адзіную калонію Мазамбік са сталіцай на аднайменным востраве плошчай 1,5 кв.км. На працягу XIX ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая скарылася толькі ў пачатку ХХ ст. У 1898 адміністрацыйны цэнтр калоніі быў перанесены ў Лаўрэнца-Маркеш.

На шляху да незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

У 1951 г. Мазамбік абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 г. — яе «заморскім штатам». Грамадзянскімі правамі карысталіся толькі невялікія групы т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 г. на базе нацыянал-вызваленчай афрыканскіх арганізацый створаны Фронт вызвалення Мазамбіка (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане1969 г. — С.Машэлам). У 1964 г. ФРЭЛІМО пачаў узброенае паўстанне супраць партугальскага панавання і да 1974 г. кантраляваў значную частку Мазамбіка. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў верасні 1974 г. паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада Мазамбіка.

Незалежны Мазамбік[правіць | правіць зыходнік]

Ахвяра грамадзянскай вайны

25 чэрвеня 1975 г. абвешчана Народная Рэспубліка Мазамбік (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. Канстытуцыя 1975 г. зацвярджала курс на стварэнне ў дзяржаве палітычных, ідэалагічных, навуковых і матэрыяльных асноў сацыялістычнага грамадства, а таксама кіруючую роль ФРЭЛІМО. Урад правёў нацыяналізацыю знешняга гандлю, банкаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, юрыдычнай службы і большасці прадпрыемстваў, быў выдадзены закон пра землекарыстанне, паводле якога зямлёй надзяляліся створаныя сялянскія кааператывы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мазамбік пакінула большасць еўрапейскага насельніцтва (галоўным чынам партугальцы), таму ў сферы эканомікі, адукацыі і медыцыны ўлады сутыкнуліся з сур’ёзнымі кадравымі праблемамі. У лютым 1977 г. на 3-м з’ездзе ФРЭЛІМО быў ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Паводле прынятага статуту, партыя станавілася вядучай сілай дзяржавы і грамадства. Асновай яе ідэалогіі быў досвед мазамбікскага народа і марксізм-ленінізм. Ураду атрымалася дамагчыся значных поспехаў у вобласці развіцця адукацыі і медыцыны: у 1983 г. лік пачатковых школ склаў 5,8 тыс., сярэдніх — 136, створана шырокая сетка прафесійна-тэхнічнай адукацыі, выдаткі на ахову здароўя ў 19751981 гг. узраслі больш, чым у тры разы. Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977 г.), узяты курс на пабудову ў Мазамбікі сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да спаду прамысловай вытворчасці і гандлюДэфіцыту тавараў. Пагаршэнне эканамічнага становішча Мазамбіка справакавала рост незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэрыторыі Паўднёвай Радэзіі Мазамбікскага нацыянальнага супраціўлення (РЭНАМО — Resistência Nacional Moçambicana (RENAMO)) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзброеную барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваенных дзеянняў 19771992 гг. загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканамічныя рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 г. Ж.А.Чысана. У 1989 г. ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 г. дзейнічае новая Канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку Мазамбік. У кастрычніку 1992 г. падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і паретварэнне апошняй у палітычную партыю. На ўсеагульных парламенцкіх выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана быў зноў выбраны прэзідэнтам Мазамбіка.

У 2013 арганізацыя РЭНАМО зноў запаліла партызанскі рух, які — хоць і даволі слабы — тлее і сёння.

Зноскі