Перайсці да зместу

Даніла (князь друцкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Даніла
Нараджэнне XIII стагоддзе
Смерць XIII стагоддзе
Род Друцкія
Дзеці Міхаіл Данілавіч

Даніла (сярэдзіна XIII ст. — 2-я палова XIII ст.[1]) — князь друцкі.

Вядомы толькі з памянніка Кіева-Пячэрскай лаўры ў спісе канца XV ст., куды занесены род кіеўскага ваяводы князя Дзмітрыя Пуцяціча і шэраг родзічаў пачынаецца з «князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна…»[2]. Відавочна, апошні ў пераліку — бацька князя Дзмітрыя Пуцяціча, перадапошні — дзед. Няма ў гэтым шэрагу ні братоў бацькі, ні братоў дзеда, пэўна адзначана толькі простая лінія продкаў князя па мячы.[1][3]

Жыццё князя Данілы прыпадала на сярэдзіну — 2-ю палову XIII ст., бо друцкі князь Міхаіл Міхайлавіч згаданы пад 1330 годам, значыць, яго бацька — князь Міхаіл Данілавіч жыў на мяжы XIII—XIV ст., а дзед яшчэ раней.[1]

Паводле Васіля Вароніна, імя Даніла было не з папулярных[3]. У родзе ж Рурыкавічаў свецкія і хросныя імёны даваліся не адвольна, а адсылалі да пэўнага продка, радзей родзіча, што як меркавалася адыграе на лёсе названага. Паводле Фёдара Успенскага, першы вядомы Даніла сярод Рурыкавічаў нарадзіўся ў 1201 годзе, а наступныя, напэўна, былі звязаны з ім сваяцтвам[заўв. 1][4]. Таксама Фёдар Успенскі дапускае ранейшае ўжыванне імя Даніла як хроснага чарнігаўскімі князямі Ольгавічамі[5]. Такім чынам, для друцкага князя імя Даніла магло быць як адзіным, так і толькі хросным, тады ён меў і свецкае. Бацькі Данілы маглі займаць месца ў сувязях выяўленых Успенскім, але даследчык не ведаў гэтага князя, не згаданага радаводнымі кнігамі, і не ўлічыў у сваіх разважаннях.

Звесткамі памянніка даследчыкі звычайна не карысталіся[6], але спробы іх інтэрпрэтацыі вядомы з пачатку XX ст.[3]. Лізавета дэ Вітэ выказала думку пра тоеснасць друцкага князя Данілы з унукам князя Данілы Раманавіча — Данілам Мсціславічам, адзіны раз згаданым пад 1280 годам[заўв. 2][7]. Супадзення імён аднак недастаткова для высноў[3].

Магчыма, апроч Міхаіла, князь Даніла меў прынамсі яшчэ аднаго сына. Нейкі Андрэй Данільевіч без тытула вядомы з дарчага запісу сярэдзіны — 2-й паловы XIV ст. сяльца «на Просмужци» Траецкаму прыдзелу Сафійскага сабора ў пергамінным Полацкім Евангеллі-Апракасе. На думку Андрэя Кузьміна, пра княжацкае паходжанне Андрэя Данільевіча могуць сведчыць санкцыі дарчага запісу супраць князёў і баяр, што просты чалавек або баярын не мог сабе дазволіць. Храналагічна Андрэй Данільевіч можа быць сынам князя Данілы, але пэўна гэта не вядома.[8][9]

  1. У 1201 годзе нарадзіўся Даніла, сын галіцкага князя Рамана Мсціславіча, па кім бацька назваў яго не зразумела. Імя Данілы Раманавіча было адначасова свецкім і хросным, што можа сведчыць пра яго ўжыванне Рурыкавічамі раней як хроснага. Наступны Даніла, сын пераяслаў-залесскага князя Яраслава Усеваладавіча, нарадзіўся ў 1227 годзе, выбар імя і яму быў бы незразумелым, калі б жонкі князёў Яраслава і Данілы не былі сёстрамі, а князі адпаведна сваякамі. Наданне імя па сваяку не было шырокай практыкай, але не выбівалася з традыцыі, пагатоў для малодшых сыноў. У гэтым кантэксце варта згадкі маці князя Яраслава — Шварноўна[ru], бо ў 1230-я гады князь Даніла назваў Шварнам свайго сына. Дыскусія пра імёны Шварна і Шварноўны трывае некалькі стагоддзяў. Прытым Шварновен было тры сястры не княжацкага паходжання, усе сталі жонкамі князёў, сучаснікаў галіцкага князя Рамана. Жонка князя Рамана, маці Данілы, таксама была не княжацкага паходжання і вядома толькі як Раманава[ru]. Напэўна, імя Данілы ў дзвюх галінах Рурыкавічаў адсылае да іх агульнага продка, хоць і не па мячы, на думку Фёдара Успенскага, ён мог быць з роду маці князя Данілы або нават з роду адной з яго бабаў. Падобная сітуацыя і з імем Аляксандр, прычым у гэтых самых галінах Рурыкавічаў.
  2. Даніла Мсціславіч (пасля 1264 — пасля 1280) — княжыч луцкі. Сын луцкага князя Мсціслава Данілавіча і дачкі палавецкага хана Цягака, шлюб іх адбыўся ў 1253 годзе. Адзіны раз згадваецца Іпацеўскім летапісам, калі зімою 1279—1280 гадоў на загад залатаардынскага хана Тула-Бугі разам з бацькам браў удзел ва няўдалым паходзе на Кракаў. Далейшы лёс невядомы.
  1. а б в Кузьмин 2007, с. 54..
  2. ДПКПЛ 1892, с. 31..
  3. а б в г Варонін 2002.
  4. Литвина, Успенский 2006, с. 167-166, прим. 166;.
  5. Литвина, Успенский 2013, с. 126-146;.
  6. Кузьмин 2007, с. 54, прим. 31..
  7. Витте 1913, с. 79..
  8. Кузьмин 2007, с. 64..
  9. ПГ Т.2. 2015, с. 14, ном. 4..
  • Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — 2002. — Т. 9. — № 1-2 (16-17).
  • Древний помянник Киево-Печерской лавры (конца XV и начала XVI ст.). — Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. — 1892. — Т. 6.
  • Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2007. — № 4 (40). — С. 50-68.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Русские имена половецких князей: Междинастические контакты сквозь призму антропонимики / Отв. ред. Ю. В. Кагарлицкий. — М.: ПОЛИМЕДИА, 2013. — 280 с. — ISBN 978-5-7576-0305-6.
  • Полоцкие грамоты XIII ­— начала XVI в.. — М.: Университет Дмитрия Пожарского, 2015. — Т. 2. — ил., карт.; 522 с.
  • Де Витте Е. И. Комментарии к древнейшим помянникам Киево-Печерской лавры и Киево-Златоверхо-Михайловского монастыря // ЧИОНЛ. — 1913. — В. 2. Приложение. — № 23. — С. 79.