Знешняя палітыка Румыніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Клаўс Яханіс і Ангела Меркель на саміце Еўрапейскай народнай партыі

Са снежня 1989 Румынія праводзіць знешнюю палітыку, арыентаваную на захад (ЕС, ЗША), у нейкім сэнсе павярнуўшыся да былых саюзнікаў спінай. У 2004 Румынія стала паўнавартым сябрам НАТА. Траян Бэсеску — прэзідэнт у 2004–2014 — падпісаў пагадненне з ЗША аб стварэнні амерыканскіх ваенных баз на ўсходзе краіны. У 2009 Хілары Клінтан назвала Румынію адным з самых надзейных саюзнікаў ЗША.

Румынскія жаўнеры ў Афганістане. Румынія актыўна ўдзельчае ў міратворчых аперацыях НАТА і ААН, яе вайсковы кантынгент у Афганістане — чацвёрты па памерах

У 2007 Румынія разам з Балгарыяй увайшла ў ЕС. Тады ж Румынія пажадала стаць часткай Шэнгенскай зоны, што было адобрана Еўрапейскім парламентам у чэрвені 2011 года, але адхілена Саветам ЕС у верасні 2011 года. Зрэшты, для наведвання Румыніі, напрыклад, грамадзянам Беларусі, неабходна Шэнгенская віза.[1] Яшчэ за камуністычным часам, у 1972, Румынія далучылася да Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага Банку. У Сусветнай гандлёвай арганізацыі — з першага дня яе існавання (1 студзеня 1995).

У ХХІ стагоддзі Румынія прымярае ролю правадніка інтэграцыі паміж чарнаморскімі суседзямі са складу былога СССР (Малдова, Украіна, Грузія) і Еўрапейскім саюзам. Наяўнасць значнай венгерскай меншасці абумоўлівае неабходнасць падтрымліваць сяброўства з Венгрыяй. Асаблівыя адносіны ў Румыніі з Малдовай — постсавецкай краінай, што гістарычна і моўна звязана з Румыніяй вельмі шчыльна. У пачатку 1990-х у Малдове быў створаны палітычны рух, што меў на мэце ўз'яднанне з Румыніяй. У 2005 годзе ўжо ўзгаданы Бэсеску высунуў план аб'яднання Румыніі і Малдовы да ўступлення Румыніі ў ЕС. Гэты план не знайшоў падтрымкі з боку кіраўніцтва Малдовы.

Беларуска-румынскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

20 снежня 1991 Румынія прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь і 14 лютага 1992 года былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі. У 1992 годзе Румынія адкрыла пасольства ў Мінску, завулак Калінінградскі 12. Яго кіраўніцтва забяспечваецца на ўзроўні часовага паверанага ў справах. У 1994 годзе Рэспубліка Беларусь адкрыла ў Бухарэсце генеральнае консульства, якое ў 1995 годзе было пераўтворана ў пасольства. У верасні 1997 у Вільнюсе, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў рамках міжнароднай канферэнцыі сустрэўся з румынскім калегам Эмілем Канстанцінеску; у лістападзе 1999 сустрэча паўтарылася падчас саміта АБСЕ.

У ХХІ ст. ключавым мерапрыемствам на двухбаковым палітычным трэку стаў афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Міністра замежных спраў Румыніі Т. Мелешкану (9-10 лістапада 2017 года), падчас якога ён сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС і Прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым. У беларускім парламенце маецца рабочая група па супрацоўніцтве з Румыніяй, якую ўзначальвае Петрашова В.В., аналагічная група ёсць і ў Бухарэсце.[2]

Зноскі