Палітыка Румыніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзеючы прэзідэнт Румыніі Клаус Яханіс, сакавік 2017

Сучасная Румынія — шматпартыйная дэмакратыя, прэзідэнцка-парламентска рэспубліка, дзе захоўваецца прынцып падзелу ўладаў. Главой рэспублікі з'яўляецца прэзідэнт, вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Парламент. Румынская Канстытуцыя 1991 была створана пад уплывам французскай канстытуцыі Пятай Рэспублікі. У 2003 у асноўны закон былі ўнесены дапаўненні дзеля адпаведнасці дэмакратычным стандартам ЕС.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Выканаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнт абіраецца прамым усенародным галасаваннем на пяцігадовы тэрмін (з абмежаваннем у 2 тэрміны). Прэзідэнт прызначае прэм'ер-міністра, які ў сваю чаргу фарміруе кабінет міністраў. У 2016 прэзідэнтам быў абраны лідар Нацыянальнай Ліберальнай партыі Румыніі Клаус Яханіс, у мінулым настаўнік фізікі і школьны інспектар, у 2000–2014 — мэр роднага горада Сібіу — сталіцы трансільванскіх немцаў. Пасаду прэм'ера ў студзені 2018 заняла член Сацыяльна-дэмакратычнай партыі Віярыка Дэнчылэ, першая ў гісторыі Румыніі жанчына-прэм'ер-міністр.

Заканадаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Двухпалатны парламент складаецца з сената (Senat) і палаты дэпутатаў (Camera Deputaților); у першым 136 крэслаў, у другой — 329. Выбары ў абедзве палаты праходзяць па мажарытарнай сістэме раз на чатыры гады. Да 2003 працэдура прыняцця законаў патрабавала іх ўзгаднення Сенатам і Палатай дэпутатаў па аднолькавай схеме. Рэферэндум надаў заканатворчасці характар руху ад ніжняе палаты да верхняй. Месца паседжанняў парламента — Парламенцкі палац у Бухарэсце — самы высокі адміністрацыйны будынак свету (84 метры).

Асноўныя палітычныя партыі:

  • Сацыял-дэмакратычная партыя — левацэнтрысцкая сацыялістычная палітычная партыя (у складзе палаты дэпутатаў 2016 года склікання мае 43 % крэслаў)
  • Нацыянальная Ліберальная партыя — кансерватыўна-ліберальная (21 % месцаў). Называе сябе найстарэйшай з дзеючых ліберальных палітычных партый Еўропы.
  • Саюз выратавання Румыніі — новая палітычная партыя, была ўтворана у 2016, мае 8 % месцаў у ніжняй палаце. Стаіць на на платформе барацьбы з карупцыяй
  • Дэмакратычны альянс венграў у Румыніі — партыя венгерскай этнічнай меншасці. Прадстаўніцтва партыі ў парламенце (5 %) прыблізна адпавядае долі венграў у агульнай колькасці насельніцтва.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Румынскія жаўнеры ў Афганістане. Румынія актыўна ўдзельчае ў міратворчых аперацыях НАТА і ААН, яе вайсковы кантынгент у Афганістане — чацвёрты па памерах

Са снежня 1989 Румынія праводзіць знешнюю палітыку, арыентаваную на захад (ЕС, ЗША), у нейкім сэнсе павярнуўшыся да былых саюзнікаў спінай. У 2004 Румынія стала паўнавартым сябрам НАТА. Траян Бэсеску — прэзідэнт у 2004–2014 — падпісаў пагадненне з ЗША аб стварэнні амерыканскіх ваенных баз на ўсходзе краіны. У 2009 Хілары Клінтан назвала Румынію адным з самых надзейных саюзнікаў ЗША.

У 2007 Румынія разам з Балгарыяй увайшла ў ЕС. Тады ж Румынія пажадала стаць часткай Шэнгенскай зоны, што было адобрана Еўрапейскім парламентам у чэрвені 2011 года, але адхілена Саветам ЕС у верасні 2011 года. Зрэшты, для наведвання Румыніі, напрыклад, грамадзянам Беларусі, неабходна Шэнгенская віза.[1] Яшчэ за камуністычным часам, у 1972, Румынія далучылася да Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага Банку. У Сусветнай гандлёвай арганізацыі — з першага дня яе існавання (1 студзеня 1995).

У ХХІ стагоддзі Румынія прымярае ролю правадніка інтэграцыі паміж чарнаморскімі суседзямі са складу былога СССР (Малдова, Украіна, Грузія) і Еўрапейскім саюзам. Наяўнасць значнай венгерскай меншасці абумоўлівае неабходнасць падтрымліваць сяброўства з Венгрыяй. Асаблівыя адносіны ў Румыніі з Малдовай — постсавецкай краінай, што гістарычна і моўна звязана з Румыніяй вельмі шчыльна. У пачатку 1990-х у Малдове быў створаны палітычны рух, што меў на мэце ўз'яднанне з Румыніяй. У 2005 годзе ўжо ўзгаданы Бэсеску высунуў план аб'яднання Румыніі і Малдовы да ўступлення Румыніі ў ЕС. Гэты план не знайшоў падтрымкі з боку кіраўніцтва Малдовы.

Беларуска-румынскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

20 снежня 1991 Румынія прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь і 14 лютага 1992 года былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі. У 1992 годзе Румынія адкрыла пасольства ў Мінску, завулак Калінінградскі 12. Яго кіраўніцтва забяспечваецца на ўзроўні часовага паверанага ў справах. У 1994 годзе Рэспубліка Беларусь адкрыла ў Бухарэсце генеральнае консульства, якое ў 1995 годзе было пераўтворана ў пасольства. У верасні 1997 у Вільнюсе, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў рамках міжнароднай канферэнцыі сустрэўся з румынскім калегам Эмілем Канстанцінеску; у лістападзе 1999 сустрэча паўтарылася падчас саміта АБСЕ.

У ХХІ ст. ключавым мерапрыемствам на двухбаковым палітычным трэку стаў афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Міністра замежных спраў Румыніі Т. Мелешкану (9-10 лістапада 2017 года), падчас якога ён сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС і Прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым. У беларускім парламенце маецца рабочая група па супрацоўніцтве з Румыніяй, якую ўзначальвае Петрашова В.В., аналагічная група ёсць і ў Бухарэсце.[2]

Зноскі