Эканоміка Румыніі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Бухарэст, Брамы горада

Румынія — індустрыяльна-аграрная краіна. Пасля хуткага эканамічнага росту ў пачатку 2000-х гадоў Румынія мае эканоміку, заснаваную пераважна на сферы паслуг, а таксама з'яўляецца буйным прамысловым вытворцам, у тым ліку, вытворцам і экспарцёрам машын. Да найбуйнейшых румынскіх кампаній адносяцца Automobile Dacia, Ford Romania (абедзве аўтамабілебудаванне), Petrom, Rompetrol, Romgaz (усе паліўная прамысловасць), Electrica (электраэнергетыка), RCS & RDS (тэлекамунікацыі) and Banca Transilvania (банкаўскі сектар). У 2017 годзе Румынія прадэманстравала найвышэйшыя ў ЕС тэмпы росту ВУП (7 %).

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

У першай палове ХХ ст Румынія была сярод сусветных лідараў нафтаздабычы, а таксама выбітным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі. Камуністычныя ўлады дадалі да гэтых галін спецыялізацыі цяжкую прамысловасць (машынабудаванне, металургію) пры поўным панаванні дзяржаўнай формы ўласнасці. 1990-я прайшлі пад знакам эканамічных цяжкасцей. Курс на прыватызацыю і рынкавую эканоміку, узяты ў посткамуністычнай Румыніі, прывёў да заняпаду многіх значных прадпрыемстваў. У 2000-х Румынія дэманстравала вялікія эканамічныя поспехі, што дало нагоду называць яе «ўсходнееўрапейскім тыграм». Уступленне ў ЕС адбілася на румынскай эканоміцы неадназначна. Румынія моцна пацярпела ад сусветнага крызісу 2008–09 гадоў. Вельмі высокі ўзровень карупцыі прывёў да крызісных з'яў у 2010-х. Сёння роля дзяржавы ў эканамічным жыцці мінімальная, падаходны падатак — адзін з самых нізкіх у ЕС (16 %). У структуры ВУП пераважае сфера паслуг (63 % у 2017), за ёй ідзе прамысловасць (33 %).[1] Пры гэтым у сельскай і лясной гаспадарцы занята 28 % эканамічна актыўнага насельніцтва — адзін з найвышэйшых паказчыкаў у Еўропе. Румынія прыцягвае значную колькасць замежных інвестыцый.

Паводле класіфікацыі Сусветнага банка Румынія адносіцца да дзяржаў з выокім прыбыткам. Згодна з Еўрастатам, ВУП на душу насельніцтва ў Румыніі складае 63 % ад сярэдняга ўзроўню па ЕС (у 2007 было 43 %, што робіць Румынію адной з самых хутка прагрэсуючых эканомік Старога свету. Грашовая адзінка — румынскі лей (RON); шырокае хаджэнне маюць еўра, на якія краіна ў рэшце рэшт мае перайсці. Заробкі ў Румыніі ў параўнанні з астатнімі краінамі ЕС дасюль вельмі нізкія: у 2019 годзе сярэдняя зарплата складае каля 2700 RON у месяц (570 еўра або $ 645)[2]. Параўнальна нізкі і ўзровень беспрацоўя (4,3 % у жніўні 2018). Інфляцыя таксама радуе жыхароў Румыніі, а ў 2016 яна была нават адмоўнай (-1,1 %)!

Энергетыка[правіць | правіць зыходнік]

Petrom City, Бухарэст

Маючы незвычайна вялікія для кантынентальнай Еўропы запасы нафты і газу, Румынія з'яўляецца адной з самых энергетычна незалежных дзяржаў рэгіёна. Энергетыку Румыніі вядуць кампаніі Petrom, Romgaz і Rompetrol. Першая з'яўляецца найбуйнейшым здабыўцам нафты, другая — газу ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Па аб'ёмах здабычы нафты (0,5 млн барэляў у дзень) Румынія займае 28 месца ў свеце, саступаючы ў Еўропе толькі Нарвегіі і Вялікабрытаніі; штогод здабываецца каля 10 млрд м³ прыроднага газу (прыблізна 40-е месца ў свеце, 4-е ў Еўропе). Румынскія НПЗ запяспечнваюць патрэбы ўнутранага рынку, частка нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Асноўныя магутнасці і сеткі электраэнергетыкі належаць дзяржаўнай кампаніі Electrica. Румынія з'яўляецца нета-экспарцёрам электраэнергіі. У 2015 асноўнымі тыпамі электрастанцый былі ТЭЦ на вугалі (28 %), нафтавыя і газавыя (14 %); ГЭС (30 %), атамныя (18 %). Адзіная ў краіне Чэрнаводская АЭС, спраектаванае канадскай кампаніяй Atomic Energy of Canada Limited (AECL), працуе на цяжкай вадзе і мае 2 водна-вадзяных рэактары ў 1300 МВт кожны, яшчэ два плануецца пабудаваць.

Машынабудаванне[правіць | правіць зыходнік]

2018 Dacia Duster Comfort 1.6

У машынабудаванні Румыніі самай знакамітай кампаніяй з'яўляецца Automobile Dacia, што з 1999 належыць французскаму Рэно. У 2014 аўтамабілі Dacia складалі 7,4 % экспарту краіны. З 2009 у Краёве працуе прадпрыемства Ford Romania, у 2017 яно было значна пашырана ў выніку пераносу вытворчасці прызначанай для еўрапейскага рынку прадукцыі з індыйскага горада Чэнаі.

Сфера паслуг[правіць | правіць зыходнік]

Мужчынскі манастыр Путна ў Малдавіі, адзін з цэнтраў паломніцтва

Найбуйнейшыя кампаніі сферы паслуг — RCS & RDS (найбуйнейшая тэлекамунікацыйная кампанія ва Усходняй Еўропе і Banca Transilvania (банкаўскі сектар). Згодна з вынікамі аўтарытэтных даследванняў, у Румыніі адна з найвышэйшых хуткасцей інтернету ў Еўропе і ў свеце. Турызм дае 5 % румынскага ВУП і з'яўляецца адным з самых значных палюсоў росту эканомікі. У 2016 Румынію наведала больш за 9 млн турыстаў. Самым папулярным чарнаморскім курортам з'яўляецца Мамая блізу Канстанцы.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Румынскія дарогі

Румынія мае развітую сучасную транспартную сетку, у складзе якой прадстаўлены ўсе найважнейшыя віды транспарту. Працягласць аўтамабільных дарог складае 86 тыс.км, чыгуначнай сеткі — 22 300 км (чацвёртая па працягласці чыгунак у Еўропе). У 1990-я румыны фактычна закінулі свае чыгункі, аднак у ХХІ стагоддзі, дзякуючы мадэрнізацыі і частковай прыватызацыі, гэты транспарт акрыяў. З 1979 у Бухарэсце працуе метрапалітэн, агульная працягласць ліній складае 69 км, зрэшты, пасажыранапружаным яго не назавеш (усяго 600 000 пасажыраў цягам рабочага тыдня, менш чым у Мінску за дзень). У Румыніі 16 міжнародных аэрапортаў. Паветраныя вароты сталіцы — Міждународны аэрапорт імя Хенры Каандэ (рум. Aeroportul Internaţional Henri Coandă) — ў 2017 прынялі і адправілі 12,8 млн пасажыраў. Дарэчы, Хенры быў піянерам румынскага паветраплавання. Канстанца — найбуйнейшы порт і верф ў Чорным моры і адзін з самых ажыўленых партоў ў Еўропе.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Пожня, Валахія

У сельскай гаспадарцы дамінуе раслінаводства, а ў яго складзе — вырошчванне зерневых, галоўныя сярод якіх — кукуруза (8 млн тон) і пшаніца (5-7 млн тон). Таксама вырошчваюцца бульба, памідоры, яблыкі. Механізацыя слабая, тэхніка на 80 % састарэлая. У некаторых раёнах сяляне араюць на конях.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі артыкуламі экспарту Румыніі з'яўляюцца аўтамабілі, адзенне і тэкстыльныя вырабы, прамысловае абсталяванне, электрычнае і электроннае абсталяванне, металургічныя прадукты, сыравіна, ваеннае абсталяванне, фармацэўтычныя прэпараты, тонкая хімія, і сельскагаспадарчыя прадукты (садавіна, гародніна і кветкі), праграмнае забеспячэнне. Імпартуюцца лекі, рухавікі і запчасткі, электроніка, прадукты харчавання. Галоўнымі гандлёвымі партнёрамі традыцыйна з'яўляюцца Германія, Італія і Венгрыя. У 2010-х Румынія імкліва нарошчвала экспарт, тым не менш, гандлёвы баланс працягвае быць адмоўным (-6 млрд $ у 2016).[3]

Румынска-беларускі гандаль[правіць | правіць зыходнік]

У 2014–2018 гг.. штогадовы тавараабарот паміж Румыніяй і Беларуссю складаў 100–150 млн даляраў (у 2018 — 127,4 млн, экспарт — 80, імпарт — астатняе). Асноўныя тавары беларускага экспарту ў Румынію: трактары; фанера клееная; дрот; лесаматэрыялы падоўжна-распілаваныя. Асноўныя тавары імпарту з Румыніі: лекавыя сродкі, расфасаваныя для рознічнага продажу; мэбля; шыны; горны і печы прамысловыя. У Румыніі дзейнічаюць 9 суб'ектаў гаспадарання, якія прадстаўляюць інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «БелАЗ», ААТ «Белкамунмаш», ААТ «Керамін», ААТ «Белшына».[4]

Зноскі