Калінічы
Вёска
Калінічы
|
Калі́нічы[1] (трансліт.: Kaliničy, руск.: Калиничи) — вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Нараўлянскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 4 км на захад ад Нароўлі (на аўтадарозе Нароўля — Ельск), за 18 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі Калінкавічы — Оўруч), за 182 км ад Гомеля[2].
На захадзе і поўначы ад вёскі маюцца густыя лясы і меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Прыпяць[2]. У паўднёва-заходнім кірунку ад вёскі знаходзіцца ўрочышча Смалегаўскае Гало[2].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Пачаткова вёска-слабада з сялянамі, вядомая з канца XVIII ст., мела назву «Кныроўка». Паводле аповедаў жыхароў, новаствораная вёска-слабада атрымала такую назву па волі мясцовага пана-землеўласніка, якому ў гэтым месцы дзік (ці як кажуць па-мясцоваму «кныр») перабег дарогу. У XIX—XX стст. у рускамоўных афіцыйных дакументах назва вёскі часта пісалася як «Кнуровка» (замест «Кныровка»).
30 ліпеня 1964 г. вёска Кныроўка была перайменавана ў Калінічы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XVIII ст. вёска ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Нароўля, які належаў Аскеркам. У 1794 г. маёнтак Нароўля быў канфіскаваны расійскай уладай у Яна Мікалая Аскеркі і перададзены Якаву Сіверсу, пры якім цэнтрам маёнтка стаў Барбароў[3]. У 1808 г. Андрэй Мацвеевіч фон Гольст купіў маёнтак Барбароў (разам з Кныроўкай) у нашчадкаў Сіверса[4].

У 1826 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Кныроўка) паводле куплі перайшоў ад удавы Андрэя фон Гольста і яго дзяцей ва ўласнасць дваран Горватаў. Пры падзеле сямейнай спадчыны паміж чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1826), вёска Кныроўка стала ўваходзіць у склад буйнога маёнтка Нароўля, які атрымаў Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868).

Паводле сялянскай рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі, сяляне атрымалі вызваленне ад прыгонніцтва і права на частку зямель маянткоўца Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868)[5]. Па Устаўной грамаце 1862 г. маянткоўца Даніэля Горвата маёнтак Нароўля складаўся з пяці сельскіх таварыстваў: Нараўлянскага (мястэчка Нароўля і вёска Кныроўка), Вяжышчанскага (вёска Вяжышча), Карпавіцкага (вёска Карпавічы), Цешкаўскага (вёска Цешкаў) і Кажушкоўскага (вёскі Кажушкі і Ломачы (Ламачы))[5]. 31 ліпеня 1866 г. быў падпісаны выкупны акт за зямлю паміж маянткоўцам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) і былымі прыгоннымі сялянамі з Нараўлянскага сельскага таварыства (мястэчка Нароўля, вёскі Кныроўка і Ласка)[6], а 17 сакавіка 1870 г. паміж маянткоўцам і сялянамі з Нараўлянскага сельскага таварыства падпісаны ўводны ліст на зямлю — атрыманай сялянамі ад маянткоўца: 2 298 дзесяцін 1959 сажняў прыдатнай і непрыдатнай зямлі — за 24 518 рублёў 44 капеек, якія сяляне атрымалі ў пазыку ад дзяржавы[7].
У 1901 г. прадстаўнікі Паўднёвага рускага лесапільнага таварыства атрымалі дазвол ад мінскага губернатара на адкрыццё Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі па распрацоўцы лесу, якую ўзначаліў яўрэй Ілья Кушалевіч Пайкін[8][9]. Па замове кампаніі і Эдварда Горвата, ад вёскі Красноўка да мястэчка Нароўлі фірма «Альшэрн і Керн» праз вялікія лясныя масівы ў 1902 г. праклала вузкакалейную чыгунку (Красноўка-Лубень-Дзямідаў-Будкі-Кныроўка(Калінічы)-Нароўля), па якой лесаматэрыялы перавозілі да Прыпяці, куды таксама гналі драўніну па рэчках Жалонь і Славечна[8][9]. Драўніну вязалі ў плыты і пасля гналі па Прыпяці на Украіну. Горваты атрымалі дазвол і адкрылі свой лесапільны завод у Красноўцы[9]. Жыхары Кныроўкі і мястэчка Нароўлі ў 1902 г. скардзіліся расійскім уладам, што чыгунка адрэзала ім падыход да месцаў выгану жывёлы[8]. Скардзіліся і яўрэі-нараўлянцы, якія непакоіліся аб пагрозе пажараў. Улады пастанавілі, што неабходна пабудаваць перагон для жывёлы шырынёй 6 сажаняў каля Максімава балота[8].

У 1931 г. жыхары вёскі ўступілі ў мясцовы калгас[10].
Падчас Другой сусветнай вайны мужчынскае насельніцтва мабілізавалася ў 1941—1944 гг. у Чырвоную армію. Вёска была акупавана нацыстамі ў жніўні 1941 г., а вызвалена ад нямецкіх акупантаў 29 лістапада 1943 г. у ходзе Нараўлянскай аперацыі часцямі 415-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі[10]. 16 мабілізаваных у 1941—1944 гг. жыхароў-чырвонаармейцаў загінулі на франтах вайны[10].
У 1940—1950-ыя гг. у вёсцы існавала сельскагаспадарчая арцель (калгас) «Чырвоная змена»[11].
Паводле перапісу 1959 года вёска ў складзе калгаса «Чырвоны Баец» (цэнтрам якога была вёска Завайць)[10].
Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Завайцянскага сельсавета[2][12], а стала ўваходзіць у склад Нараўлянскага сельсавета.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1834 год — 9 двароў[2].
- 1897 год — 79 жыхароў, 20 двароў (паводле перапісу)[2].
- 1908 год — 187 жыхароў, 25 двароў[2].
- 1924 год — 200 жыхароў, 29 двароў[13].
- 1959 год — 254 жыхары (паводле перапісу)[10].
- 1999 год — 68 жыхароў.
- 2004 год — 55 жыхароў, 31 гаспадарка[2].
- 2010 год — 28 жыхароў.
Планіроўка і забудова
[правіць | правіць зыходнік]Планіровачна вёска складаецца з прамой шыротнай вуліцы Карла Маркса, да якой з паўднёва-заходняга кірунку далучаецца просталінейная вуліца Леніна з завулкам Леніна[10]. Забудова вёскі няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу[10].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Рыгоравіч Беразоўскі (1900—пасля 1945), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, гвардыі яфрэйтар, узнагароджаны двума медалямі «За адвагу», медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», ордэнам Славы III ступені[14].
- Адам Андрэевіч Кажадуб (1903—пасля 1985), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, старшы сяржант, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі» і «За адвагу»[15], ордэнам «Айчыннай вайны II ступені»[16].
- Аляксей Міхайлавіч Кажадуб (1923—каля 1953), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, старшы сяржант, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», кавалер ордэнаў Славы III ступені, Славы II ступені, двух ордэнаў «Чырвонай Зоркі»[17].
- Рыгор Іларыёнавіч Кажадуб (1921—пасля 1985), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец і партызан 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава, старшы лейтэнант, узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», кавалер ордэнаў «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны II ступені»[18][19].
- Рыгор Фёдаравіч Кажадуб (1926—2005-?), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, малодшы сяржант, узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені і «Айчыннай вайны II ступені»[20][21].
- Пётр Анісімавіч Крыкун (1904/1907—1945), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, радавы, узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі»[22][23].
- Аляксандр Васілевіч Крыкуноў (1908—пасля 1985), ваентэхнік 1 рангу (маёр тэхнічнай службы), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», юбілейным медалём «30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту», кавалер ордэнаў «Чырвонага сцяга», «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны I ступені»[24][25][26][26].
- Уладзімір Філіпавіч Ломач (1914—1945-?), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, гвардыі старшы лейтэнант, кавалер ордэна Чырвонага сцяга, кавалер ордэна Аляксандра Неўскага[27][28].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Кныро́ўка, ж.
- ↑ а б в г д е ё ж Гарады і вёскі Беларусі. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — С. 144.
- ↑ Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 115.
- ↑ Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 115.
- ↑ а б Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 51.
- ↑ Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 118.
- ↑ Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 118.
- ↑ а б в г Как Горватт и Пайкин железную дорогу в Наровле строили
- ↑ а б в Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53.
- ↑ а б в г д е ё Гарады і вёскі Беларусі. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — С. 145.
- ↑ Малообъемные фонды колхозов Наровлянского (с 25.12.1962 - Ельского, с 06.01.1965 - Наровлянского) района Полесской (с 08.01.1954 - Гомельской) области.
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства Наровлянского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 286 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
- ↑ Наровлянский район. Список населенных мест за 1924 год
- ↑ Березовский Михаил Григорьевич
- ↑ Кожедуб Адам Андреевич
- ↑ Кожедуб Адам Андреевич
- ↑ Лёсы землякоў; Храбрый артиллерист Алексей Михайлович Кожедуб Архівавана 23 снежня 2022.; Кожедуб Алексей Михайлович
- ↑ Кожедуб Григорий Илларионович
- ↑ Кожедуб Григорий Илларионович
- ↑ Награда Григория Кожедуба
- ↑ Юбилейная награда Григория Кожедуба
- ↑ Крикун Петр Анисимович
- ↑ Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 302.
- ↑ Крикунов Александр Васильевич
- ↑ Крикунов Александр Васильевич
- ↑ а б Крикунов Александр Васильевич
- ↑ Владимир Ломач из Наровли прошел путь от Ленинграда до Берлина
- ↑ Владимир Филиппович Ломач
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — 517 с.
- Наровля и Наровлянский район / сост.: Н. В. Кузьменкова, Н. И. Данильченко, С. В. Коновод. — Мозырь : Колор, 2005. — 25 с.
- Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты «Гомельская правда», [б. д.]. — 26 с.
- Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В. В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
- Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2024. — Вып. 24. — Ч. 2. — С. 113—121.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Лёсы землякоў
- Храбрый артиллерист Алексей Михайлович Кожедуб Архівавана 23 снежня 2022.
- Автолавка прибывала строго по расписанию
- Рады были корочке хлеба, рассказывает Мария Черная из д. Санюки Ельского района
- На службе у «коричневой чумы»