Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў
Партрэт
Дата нараджэння: 25 снежня 1909 (7 студзеня 1910)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 14 лістапада 1942(1942-11-14)[2] (32 гады)
Месца смерці:
Месца пахавання:
Узнагароды і прэміі:
Герой Савецкага Саюза
ордэн Леніна ордэн Леніна медаль «За працоўную адзнаку»
Commons-logo.svg Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў на Вікісховішчы

Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў (25 снежня 1909 (7 студзеня 1910), Асташкаў, Цвярская губерня — 14 лістапада 1942, вёска Купаваць, Віцебская вобласць) — савецкі партызан, герой Вялікай Айчыннай вайны. Камандзір партызанскага атрада і брыгады, з кастрычніка 1942 камандуючы ўсімі партызанскімі сіламі аршанскай зоны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У. Хрусталёў. «Канстанцін Заслонаў»
У. Хрусталёў. «Канстанцін Заслонаў дае заданне»

Нарадзіўся ў сям'і рабочага 7 студзеня 1910 года (па новым стылі) у горадзе Асташкаў Цвярской губерні. Бацька ўтрымліваў невялікую гаспадарку: меў каня, жарабя і дзвюх кароў. У 1930-я гады ўся сям'я (бацька, дзве яго сястры і два браты) была раскулачана і выслана на Кольскі паўвостраў, у Хібінагорск (цяпер Кіраўск). Грошай не хапала, і васьмігадовы Косця працаваў пастухом, а праз год пайшоў у школу. Першая настаўніца Заслонава, Ганна Васільеўна Раздзерава, пазней успамінала, што ён вылучаўся сярод усіх дзяцей сваімі выдатнымі здольнасцямі і ўседлівасцю. Сястра Таццяна расказвала: «Косця быў адным са старэйшых дзяцей, яму даводзілася працаваць нараўне з дарослымі. Бывала, разбудзяць да світання малаціць, ён прапрацуе гадзіны тры-чатыры і так, недаспаўшы і напрацаваўшыся, ішоў у школу». У 1927 годзе школьная камсамольская арганізацыя накіравала Канстанціна як выдатніка ў Вялікалукскую прафтэхшколу чыгуначнага транспарту, якую ён скончыў у 1930 годзе.

Па камсамольскім прызыве разам з жонкай Заслонаў быў накіраваны на Далёкі Усход, дзе аднаўляў дэпо на станцыі Вяземская пад Хабараўскам. У 1935 годзе ён стаў памочнікам начальніка паравознага дэпо Новасібірска. У сям'і нарадзілася дачка Муза. З-за голаду здароўе жонкі стала рэзка пагаршацца, і Канстанцін адправіў яе разам з дачкой у Віцебск. Але самому паехаць было нельга, каб не «зняславіць гонар камсамольца-добраахвотніка». Як успамінала дачка, прыбыўшы ў Віцебск, жонка паслала назад паштоўку, нібыта Заслонава тэрмінова выклікаюць на вучобу ў Ленінградскі інстытут інжынераў дарожнага транспарту, і яго адпусцілі вучыцца.

Так ён вярнуўся ў Віцебск і стаў працаваць у чыгуначным дэпо. З 1937 года быў начальнікам дэпо станцыі Рослаў, а з кастрычніка 1939 года — станцыі Орша.

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку вайны пры падыходзе нямецкіх войскаў да Оршы эвакуіраваўся ў Маскву і працаваў у дэпо імя Ілліча.

У верасні 1941 г. на ініцыятыве К. С. Заслонава ў Маскве створаны партызанскі атрад з чыгуначнікаў, які ў кастрычніку перайшоў лінію фронту і быў разгрупаваны. Група на чале з К. С. Заслонавым прыбыла ў Оршу, дзе дзейнічала ў складзе Аршанскага камуністычнага падполля. К. С. Заслонаў уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо начальнікам рускіх паравозных брыгад. На чыгуначным вузле стварыў і ўзначаліў некалькі падпольных дыверсійных груп, якія разам з іншымі паднольнымі групамі паралізавалі работу Аршанскага чыгуначнага вузла. Заслонаўцы здабывалі ўзрыўчатку, рабілі міны, у тым ліку «вугальныя міны» (міны, замаскіраваныя пад каменны вугаль), знішчалі варожыя эшалоны, узрывалі склады з боепрыпасамі, гаручым, пашкоджвалі тэлефонную сувязь. З снежня 1941 г. да лютага 1942 г. падпольшчыкі пусцілі пад адхон 6 варожых эшалонаў, вывелі са строю больш як 200 паравозаў, больш за 170 аўтамашын[3].

Нацыстам стала вядома аб дыверсійнай арганізацыі. Каб пазбегнуць разгрому, К. С. Заслонаў з групай падпольшчыкаў пайшоў у партызаны. 3 лютага 1942 г.— камандзір партызанскага атрада, з ліпеня 1942 г.— камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Косці». Партызаны на чале з К. С. Заслонавым рабілі баявыя рэйды на Аршанскім і суседніх раёнах, знішчалі гарнізоны і камунікацыі праціўніка. К. С. Заслонаў загінуў 14 лістапада 1942 г. ў баі супраць карнікаў у в. Купаваць Сенненскага раёна.[3]

У 1955 г. перазахаваны з в. Купаваць у г. Оршу. Магіла К. С. Заслонава і яго ад'ютанта Я. В. Коржаня (загінуў у баі 14 лістапада 1942 г.) знаходзіцца на пероне чыгуначнага вакзала[3].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Пасмяротна, 7 сакавіка 1943 г., прысвоена званне «Герой Савецкага Саюза» за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства (Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 сакавіка 1943 г.).
  • Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна і медалямі.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 1955 г. па магіле К. С. Заслонава і яго ад'ютанта Я. В. Коржаня ў Оршы ўстаноўлена мемарыяльная пліта, побач — помнік К. С. Заслонаву (скульпт. С. Селіханаў, арх. Г. Сысоеў)[3].

У Айчынную вайну 2 партызанскія брыгады называліся імем К. С. Заслонава. У Оршы створаны мемарыяльны музей К. С. Заслонава. Яго імя прысвоена дэпо станцыі Орша, школе ў Оршы, чыгуначнай станцыі ў Лепельскім раёне, дзіцячай чыгунцы ў Мінску, многім калгасам, імем героя названы вуліцы ў многіх гарадах і вёсках, вёска ў Сенненскім раёне, алея ў мемарыяльным парку герояў у Оршы, К. С. Заслонаву прысвечаны мастацкі кінафільм, творы літаратуры, жывапісу, скульптуры, музыкі. Пра яго складзены народныя песні і легенды[3].

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

  • Дачка Муза — кінарэжысёр.
  • Дачка Ірына — пісьменнік, мастак-акварэліст.
  • Унук Раман Заслонаў (нар. 1962) — вядомы беларускі мастак, жыве ў Францыі.
  • Праўнук Філіп Заслонаў (нар. 1993) — дызайнер[4].

Зноскі

  1. Заслонов Константин Сергеевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. Заслонов Константин Сергеевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985,— 496 с., іл.
  4. АртДайджест-Беларусь Филипп Заслонов дебютировал «Ломаной линей»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]