Перайсці да зместу

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Дуды)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
53°54′53,85″ пн. ш. 25°51′37,93″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Дуды
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Іўеўскі
Архітэктурны стыль барока
Дата пабудовы 1772 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000294шыфр 413Г000294
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Дуды — дзеючы каталіцкі храм, стаіць у цэнтры вёскі Дуды (Іўеўскі раён), пабудаваны ў 1772 годзе[1]. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

У 1608 годзе дудскае староства знаходзілася ва ўладанні ваяводы віленскага Караля Хадкевіча і, як сведчаць архіўныя дакументы, у гэтым годзе ён выдзяліў на касцёл у Дудах значныя ахвяраванні. Такім чынам, хоць датай заснавання дудскага касцёла і лічыцца 1608 год, атрымліваецца, што ў гэты час святыня ўжо існавала.

Святыня была нанова адбудавана ў 1772 годзе на месцы больш старажытнага касцёла 1608 года[2]. У 1781 годзе віленскі біскуп Тамаш Зяньковіч кансэкраваў святыню пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Касцёл да 1914 года

Верагодна, на хвалі рэпрэсій пасля падаўлення паўстання 1863 года дудская парафія была пазбаўлена самастойнасці, таму што ў другой палове ХIХ ст. касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі пазначаецца як філіяльны ад іўеўскай парафіі. Але з 1920-х гадоў самастойнасць дудскай парафіі была адроджана. Была пабудавана капліца ў в. Казевічы. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 5000 вернікаў.

Касцёл быў рэканструяваны ў 1908 годзе. У 1930-я гады надбудаваны трэці ярус вежаў[3] на сродкі мясцовага землеўладальніка Гераніма Зяньковіча і яго жонкі Барбары.

У савецкі час касцёл дзейнічаў бесперапынна, нягледзячы на тое, што парафія афіцыйна была знята з рэгістрацыі. Па некаторых звестках, касцёл быў зачынены ў 1959, у ім зрабілі сховішча, але ў 1983 годзе вярнулі парафіянам. У 1970-я гады святыня была залічана да помнікаў архітэктуры.

Помнік архітэктуры барока. Двухвежавы аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі[1]. Драўляны залавы аб’ём на каменным падмурку.

Агульны двухсхільны ўвагнуты ў аснове гонтавы дах над апсідай пераходзіць у вальмавы. Шматпланавасць і дынамічны сілуэт галоўнаму фасаду надаюць бакавыя чацверыковыя шатровыя вежы і трохвугольны франтон паміж імі над цэнтральным шчытом. Вежачкай завяршаўся дах над прэзбітэрыем. Рысы барока праявіліся ў лучковым малюнку аконных праёмаў на фоне вертыкальнай шалёўкі. Імі рытмічна расчляняюцца бакавыя фасады з вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках[3].

Галоўны фасад фланкаваны дзвюма магутнымі чацверыковымі вежамі, якія да пачатку ХХ стагоддзя былі двух’яруснымі і ўвенчваліся чатырохсхільнымі купаламі з заломам пад барокавымі фігурнымі галоўкамі. Трэці ярус вежаў і шатры над імі з’явіліся падчас рэканструкцыі 1908 года, карункавыя крыжы пры гэтым захаваліся і былі падняты на новую вышыню. Аднак заўсёды касцёльныя вежы былі дэкаратыўнымі, званіца — двух’ярусная, чацверыковая, пад чатырохсхільным дахам — была пабудавана асобна, у левым куце касцёльнай агароджы пры ўваходзе. Касцёл накрыты адзіным двухсхільным дахам (калісьці быў гонтавы, сёння — бляшаны) з вальмамі над апсідай, вільчык над алтаром калісьці быў завершаны гранёнай барокавай галоўкай-сігнатуркай.

Побач з храмам пастаўленая двухярусная драўляная званіца, накрытая шатром. Тэрыторыя касцёла на пачатку ХХ стагоддзя была абнесена мураванай пабеленай агароджай, уваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох слупоў.

Аляксандр Лакотка адносіць будынак да панёманскага тыпу драўлянага сакральна-манументальнага дойлідства, прадстаўнікамі якога таксама з’яўляюцца касцёлы ў Кемелішках, Клюшчанах, Хоўхлаве[4].

Інтэр’ер касцёла

У сярэдзіне тры драўляныя барочныя алтары з накладной разьбой, балюстрадная галерэя хораў з арганам. Цэнтральны — двухярусны, узняты на высокі пастамент, вырашаны 2 калонамі карынфскага ордара, якія нясуць тонкапрафіляваны антаблемент, фланкіраваны скульптурамі анёлаў. У завяршэнні алтара — прамавугольны пілястравы шчыт з гарэльефнай выявай «Укрыжаванне» і размалёўкай «Усёбачнае вока» на скляпенні апсіды. Плоскасці алтара запоўнены накладной драўлянай разьбой[3]. У яго цэнтры размешчаны абраз «Маці Божая з дзіцем» XVIII стагоддзя[1][2] у барочнай разной раме. Кампазіцыя і дэкор бакавых алтароў паўтараюць цэнтральны, але адрозніваюцца ракайльнымі фігурнымі шчытамі ў завяршэнні. Алтары ўпрыгожаны накладной пазалочанай драўлянай разьбой[3].

Зноскі

  1. а б в Помнікі — Дуды
  2. а б Літоўскае памежжа Архівавана 18 мая 2021.
  3. а б в г Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
  4. Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі / А. І. Лакотка. — Мн.: Беларусь, 2003. 224 с.: іл. ISBN 985-010423-6 — С. 7
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.