Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Сурвілішкі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Троіцкі касцёл
Касцёл Найсв. Тройцы са званіцай, пач. XX ст.
Касцёл Найсв. Тройцы са званіцай, пач. XX ст.
54°10′45,86″ пн. ш. 25°49′39,77″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Сурвілішкі
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Роза, Іван і Антон Гайкоўскія
Дата пабудовы 1550 год

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Сурвілішкі (Іўеўскі раён).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Парафіяльны касцёл (з XVI ст. у складзе Ашмянскага дэканата) пазначаны тут, ва ўладаннях роду Сурвілаў, як дзеючы яшчэ ў 1500 годзе. Па іншых звестках, заснаваны ў 1510. Асвечаны пад тытулам св. Яна.

У сярэдзіне XVI ст. маёнтак Сурвілішкі быў падзелены паміж Сурвіламі і Гайкамі, пры гэтым на сваёй палове Ян Гайка (памёр не раней 1569), кашталян берасцейскі і стараста трабскі, вырашыў пабудаваць асобны касцёл, аднак так і не паспеў гэтага зрабіць. Волю памерлага выканала яго жонка Ружа і яе браты Іван і Антон, збудаваўшы святыню ў 1591. Новы касцёл быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1603 святыню ўпасажыў Богдан Карызна. У той час пры касцёле дзейнічала альтарыя.

Пазней касцёл св. Яна больш не ўзгадваецца (верагодна, струхнелую святыню разабралі і вырашылі не аднаўляць), а касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў другой палове XVIII ст. быў рэканструяваны ў стылі барока і працягваў дзейнічаць. Паволе іншых звестак, на пачатку ХХ ст. коштам парафіян быў пабудаваны новы касцёл, але хутчэй за ўсё адбылася толькі значная рэканструкцыя святыні.

Званіца заўсёды стаяла асобна і таксама была драўлянай. У другой палове ХIХ ст. тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны двухслуповай брамай. Адначасова з гэтым (у 1878–80) злева ад уваходнай брамы над магілай мясцовага шляхціча Рамана Паплаўскага была ўзведзена каменная капліца (аб чым сведчыць мемарыяльная гранітная пліта фундатара на заходняй сцяне), якая стала таксама новай званіцай касцёльнага комплексу.

У 1784 г. у Сурвілішках, якія належалі тады Ігнату Чэховічу, была заснавана капліца. У другой палове ХIХ ст. да сурвілішскай парафіі належала капліца ў Клявіце (раней нарвілішская парафія (Літва), сёння Ашмянскі дэканат, граўжышская парафія), дзейнічала парафіяльная школа. Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў складала амаль 2300 чалавек.

У пасляваенныя га­ды касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў зачы­нены, і комплекс з часам пераўтварыўся ў руіны. Тым не менш, у 1970-я гады касцёл быў аб’яўлены помнікам архітэктуры, аднак гэта не ўратавала яго ад знішчэння – у 1999 струхнелую старажытную святыню разабралі, а на яе месцы ўсталявалі крыж. Капліца-званіца і касцёльная брама захоўваюцца ў руінным стане.

У 1992 годзе на скрыжаванні ў цэнтры вёскі ўзвялі новы будынак касцёла з дрэва і абклалі яго сілікатнай цэглай. Ён быў асвечаны пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы. Пажар 1 мая 2003 года моцна пашкодзіў новы касцёл. Храм быў адбудаваны, згарэлае дрэва ўнутры заменена на газасілікатныя блокі. 25 чэрвеня 2006 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч прывёз у парафію і асвяціў копію абраза Маці Божай, які згарэў 3 гады таму разам з касцёлам.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Фрагменты агароджы

Ад папярэдняша касцёла засталіся руіны вялікай званіцы і фрагментарна, агароджа.

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны на паўднёвай ускраіне вёскі, на парафіяльных могілках. Гэта быў бязвежавы крыжападобны ў плане аднанефны храм (18х12 м), меў прамавугольны асноўны аб'ём, вузкі трансепт і пяцігранную апсіду, да якой прылягаюць нізкія сакрысціі. Асноўны аб'ём і апсіды аб'яднаны агульным двухсхільным дахам з вальмай над апсідай. Сцены фасадаў мелі лучковыя і круглыя вокны ў простых ліштвах і завершаны шырокім карнізам па перыметры асноўнага аб'ёму, трансепта і апсіды. Галоўны фасад расчлянёны дзвюма тонкімі пілястрамі на тры часткі: цэнтральная, акцэнтаваная лучковымі праёмам уваходу і акном, ашаляваная гарызантальна, бакавыя — вертыкальна, завершаны фігурным франтонам, тымпан з лучковым праёмам ашаляваны гарызантальна, дэкарыраваны пілястрамі.

Столь плоская, з за­круг­ленымі вугламі. У трансепце вядомы два алтары ў стылі барока, аформленыя калонамі і пілястрамі карынфскага ордару, разным раслінным арнаментам, галоўкамі пуцці. Над уваходам былі зроблены хоры з арганам, якія раскрываліся ў малітоўную залу арачным праёмам; арган аформлены ў стылі барока.

Званіца[правіць | правіць зыходнік]

Званіца на могілках

Чатырохузроўневае квадратнае ў плане збудаванне з цэглы, бутавага каменю і дрэва. У цокальным узроўні быў пахаваны фундатар Паплаўскі, над пахавальняй у каменным ярусе знаходзілася капліца з алтаром і хорамі (трэці ўзровень, куды вядзе вінтавая лесвіца ў тоўшчы ўваходнага фасада), завяршаў кампазіцыю высокі драўляны ўзровень званіцы пад шатровым чатырохсхільным гонтавым дахам. Верагодна, у першай палове ХХ ст. апошні ўзровень быў страчаны і яго замяніла падобная канструкцыя званіцы, але больш простая, без дэкору і меншая па вышыні, аднак і ад яе цяпер амаль нічога не засталося.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]