Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша (Лаздуны)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша, 2013

Касцёл Святых апосталаў Сымона і Іуды Тадэвушакаталіцкі храм, знаходзіцца ў цэнтры вёскі Лаздуны 1 Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша і святой Ганны быў заснаваны тут у 1576 годзе па фундацыі князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла як філіяльны ад суботніцкай парафіі. Святыня была кансэкравана толькі ў 1704 віленскім біскупам К. Бжастоўскім. Да 1757 касцёл абслугоўвалі дамініканцы. Калі знікла старажытная святыня, новы драўляны касцёл быў пабудаваны на сродкі віленскага біскупа суфрагана Тамаша Зяньковіча ў 1770–75 гадах. Адзначаецца таксама капліца, заснаваная ў 1765 годзе ў Лаздунах на сродкі старосціны пінскай Ельскай. Пры касцёле дзейнічала школа.

Некаторыя звесткі падаюць, што апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1852 на сродкі пана Самуэля Воўка, аднак ён памёр каля 1850, а па дакументах, якія захоўваюцца ў парафіі, касцёл быў пабудаваны ў 1853 на сродкі ўладальніка Лаздунаў пана Аскара Мілеўскага. Гэта была адносна невялікая святыня на бутавым падмурку з дзвюма сакрыстыямі пры прэзбітэрыі, крытая гонтай і завершаная вежай-сігнатуркай над уваходам і крыжам над алтарнай часткай даху. У святыні было тры алтары: галоўны з абразамі Найсвяцейшай Тройцы і св. Ганны, правы бакавы – св. Антонія, левы бакавы – св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Падлога была цаглянай, хоры над уваходам абапіраліся на чатыры слупы. Каркасная званіца на чатырох слупах стаяла асобна, у ёй змяшчаліся два званы. Касцёльная тэрыторыя была абнесена бутавай агароджай, уваход з вуліцы быў пазначаны цікавай трохпралётнай цаглянай і атынкаванай брамай.

Касцельная брама і будынак пач. ХХ ст.

Гэты касцёл, верагодна, знік недзе на мяжы ХIХ–ХХ стст., таму што на вядомым фотаздымку пачатку ХХ ст. за касцёльнай брамай зафіксаваны, хутчэй, нейкі часовы будынак, чым сапраўдная святыня.

Касцёл на здымку 1912 года

У 1904 годзе ў Лаздунах на сродкі парафіян пачалі ўзводзіць велічны касцёл з бутавага каменю і вонкавай чырвонай цэглы ў стылі неараманікі. У 1910 годзе касцёл быў кансэкраваны пад гістарычным тытулам св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша (тытул св. Ганны больш не ўжываўся), з таго часу Лаздуны становяцца цэнтрам самастойнай парафіі.

Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў лаздунскай парафіі перавышала 6000 чалавек.

У пасляваенны час пробашч парафіі кс. Дыянізій Захажэўскі быў арыштаваны і сасланы ў лагер, а святыню калгасныя ўлады зачынілі і ператварылі ў збожжасховішча. Тым не менш, касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры. У 1988 годзе святыня была вернута вернікам. Па-за касцёлам, у драўляным будынку, утвораны катэхетычны цэнтр парафіі. Да лаздунскай парафіі належаць капліцы ў Вікшнянах, Гудзянятах, Лаздунах-2, Яськавічах і прыдарожная ў Бачэшніках.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша з боку апсіды

3-нефавая 2-вежавая базіліка з 5-граннай апсідай. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны высокімі шатрамі і кампазіцыйна аб'яднаны 2-схільным шчыпцом. Над высокім 2-схільным дахам над апсідай пастаўлена мініяцюрная шатровая сігнатурка. Дзвярныя праёмы і скразныя прасветы вежаў маюць арачную форму. Унутры — цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, над уваходам — хоры. Сцены па перыметры ўмацаваны плоскімі контрфорсамі.

Элементы муроўкі

Дэкаратыўныя дэталі (пілястры, аркатурныя фрызы) выкананы высакаякаснай цаглянай муроўкай. Каларыстычны эфект архітэктуры дасягаецца маляўнічым спалучэннем паліхромнай бутавай муроўкі сцен і элементаў дэкору, выкананых з чырвонай цэглы.

Каркасная званіца на чатырох слупах стаяла асобна, у ёй змяшчаліся два званы. Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай, уваход з вуліцы пазначаны цікавай трохпралётнай цаглянай і атынкаванай брамай, зробленай з элементамі стылю барока.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент інтэр’ера

Інтэр’ер падзелены на тры нефы трыма парамі калон і перакрыты крыжастым скляпеннем на падпружных арках, размаляваных раслінным арнаментам. Сёння ў касцёле тры разьбяныя алтары ў стылі неаготыкі: галоўны – св. апостала Юды Тадэвуша (алтар уяўляе сабою трыфорыум, у цэнтры якога змешчана фігура святога ў акружэнні трошкі меншых фігур св. апосталаў Пятра і Паўла), левы бакавы – св. Ганны і правы – Маці Божай Чанстахоўскай. У маленькай крыпце пад падлогай пахаваны кс. Фелікс Пяткевіч (1920).

Вядомы абраз 1-й палавіны XIX ст. «Тройца новазапаветная».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]