Консул-суфект

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ко́нсул-суфе́кт (лац.: consul suffectus) — асобая разнавіднасць старажытнарымскай магістратуры консула. У часы Рэспублікі суфект выбіраўся цэнтурыятнай каміцыяй у выпадку, калі адзін з консулаў паміраў падчас кансулату (не рэдкасць для тых часоў, калі консулы бывалі ў авангардзе бітвы) ці быў зняты з пасады. У гэтым выпадку іншы консул неадкладна прызначаў выбары консула-суфекта. Суфект выконваў абавязкі консула (і карыстаўся ўсімі яго правамі) да заканчэння тэрміна гэтага кансулату. У час грамадзянскіх войнаў 40-х гадоў і ў часы існавання Другога трыўмвірату стала практыкавацца абранне суфектаў пасля датэрміновага складання паўнамоцтваў консуламі, а ў III стст. н.э. прызначэнне суфектаў стала нормай.

Калі Актавіян Аўгуст заснаваў прынцыпат, ён змяніў палітычны характар консульства, пазбавіўшы яго большай часткі ваенных паўнамоцтваў, хоць захавалася старшынства ў Сенаце папераменна абодвух консулаў. Узроставы цэнз для заняцця пасады консула таксама быў зніжаны. Хоць гэта пасада ўсё яшчэ была вялікім гонарам — консул фактычна быў канстытуцыйным главой дзяржавы — і служыў неабходнай перадумовай для наступнага заняцця іншых пасад (напрыклад, консульскага намесніцтва), многія консулы складалі паўнамоцтвы да заканчэння года, каб дазволіць іншым людзям скончыць тэрмін кансулату ў якасці суфектаў. Часта консул-суфект, у сваю чаргу, сыходзіў у адстаўку, і прызначаўся іншы суфект. (Гэта практыка дасягнула свайго піка пры Комадзе, калі на працягу 190 года пасаду консула займалі дваццаць пяць чалавек[1]). У выніку каля паловы тых, хто пабываў на пасадзе прэтара, маглі дасягнуць і консульства. Магістратам, якія займалі пасаду консула на 1 студзеня (так званыя ардынарныя консулы consules ordinarii, адз. лік: consul ordinarius), выпадаў гонар звязаць свае імёны з гэтым годам.

Для перыяду I—II стагоддзяў імёны суфектаў фіксуюцца ў крыніцах, пачынаючы з III стагоддзя сустракаюцца ўсё радзей, з IV стагоддзя іх вядома вельмі мала. Пры гэтым заняцце ардынарнага кансулату пасля таго, як чалавек ужо быў суфектам, лічылася другім консульствам, і так і пазначалася ў крыніцах (консул у 2-і раз, у 3-і раз і да т.п.).

Да IV стагоддзя консулы прапаноўваліся імператарам і выбіраліся сенатам. Калі імператар хацеў аказаць гонар пэўнаму сенатару, ён мог падзяліць з ім кансулат; напрыклад, Траян быў ардынарным консулам у студзені і лютым 100 года разам з Секстам Юліем Францінам. Імператары часта станавіліся ардынарнымі консуламі, але не консуламі-суфектамі (Светоній паведамляе, што адзіным выключэннем быў Клаўдзій у трэцяе консульства). Канстанцін I (ці, магчыма, Канстанцый II) перадаў права вылучэння консулаў-суфектаў, якое было прэрагатывай імператара, у рукі сената, далучыўшы да іншых, ніжэйшых магістратур (квестара і прэтара), якія таксама выбіраліся сенатам [2]. Пасля падзелу імперыі ў 395 годзе, у Канстанцінопалі ніякіх пасад консулаў-суфектаў, відаць, ніколі не стваралася, хоць заходняя імперыя працягвала прызначэнні на гэту пасаду, якая ўсё больш страчвала свой уплыў[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Bagnall et al. 1987, p. 1.
  2. Bagnall et al. 1987, p. 2.
  3. Bagnall et al. 1987, p. 11.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Bagnall, Roger S.; Cameron, Alan; Schwartz, Seth R.; Worp, Klaus Anthony (1987). Consuls of the later Roman Empire. Volume 36 of Philological monographs of the American Philological Association. London: Scholar Press.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (link)