Культавыя дрэвы
Культавыя дрэвы — своеасаблівая катэгорыя сакральных аб'ектаў, якая найбольш схільная разбуральнаму ўплыву часу і вонкавых фактараў, напрыклад, пажарам, бурам і інш., пры гэтым з'яўляецца прамым сведчаннем жывучасці архаічных традыцый[1]. Культ дрэва звязаны з культамі абагаўлення прыроды[2]
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Паводле беларускіх павер'яў, у дрэвах часта пасялялася чалавечая душа, дрэвы могуць хадзіць, размаўляць, ператварацца ў чалавека. Калі дрэва сякуць, то з яго цячэ кроў і чуюцца стогны[2]. Сярод ушанаваных беларусамі дрэў найболей часта фігуруюць дубы, хвоі, яліны, ліпы, грушы. Як правіла, з ушанаванымі дрэвамі звязаны паданні пра цудоўнае з'яўленне на іх святых абразоў ці пра незвычайнае выздараўленне чалавека. Прыкладам культавага дрэва, якое з'яўляецца рытуальным цэнтрам у структуры лакальнага культурнага ландшафту, можа быць Святая ліпа каля в. Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Адзначаецца ўстойлівасць і пераемнасць традыцыі шанавання дрэва: калі старая ліпа была павалена бурай, аб'ектам шанавання стала маладое, спецыяльна пасаджанае дрэва[1].
Да XX ст. захавалася абрадавае кармленне дрэва, асабліва бяроз, якім насілі хлеб-соль, загорнутыя ў палатно, лён, грошы. Святымі лічыліся таксама бортныя дрэвы[2].
Святыя дубы, якія, па народных перакананнях, дапамагалі ад хвароб, вядомыя каля в. Царкавішча Ушацкага раёна, в. Тадуліна Лепельскага, в. Чара Клецкага раёна. Паклоннымі з'яўляюцца Французская хвоя на кургане каля в. Узрэчча Глыбоцкага раёна, хвоя ў в. Старыца на Капыльшчыне, у г. Ліда, непадалёк в. Шаршуны ў наваколлях Радашковічаў. Культавыя ліпы растуць на выспе возера Неспіш на Браслаўшчыне, у Жыровічах Слонімскага раёна, святая груша — каля в. Збляны Лідскага раёна[3]. Пры гэтым вельмі часта культавыя дрэвы з'яўляюцца часткай больш складанага сакральнага комплексу — прошчы альбо прасторава і функцыянальна ўзаемаспалучаюцца з культавай крыніцай ці каменем[1].
Зноскі
- ↑ а б в Ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Аб'екты сакральнай тапаграфіі я к элементы НКС(недаступная спасылка)
- ↑ а б в Дрэва культавае(недаступная спасылка). Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выданне, дапоўненае. — Мінск: Беларусь, 2006. — 500 с.: іл.
- ↑ Дучыц, Л., Швед, І. Дрэва / Л. Дучыц, І. Швед // Міфалогія беларусаў : энцыкл. слоўн. /склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мінск : Беларусь, 2011. — С. 158.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Аб'екты сакральнай тапаграфіі я к элементы НКС(недаступная спасылка)
- Дрэва культавае(недаступная спасылка). Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выданне, дапоўненае. — Мінск: Беларусь, 2006. — 500 с.: іл.